1205

Page 1

Выдаецца з кастрычніка 1972 г.

Аўторак, 16 студзеня 2018 года

№ 1 (1205)

• Валанцёрства як лад жыцця

ʜʏ ʜʝʑʪ ʒʝʓ ʶ ʜʏ ʙʏʚʮʓʪ ʒʏʠʥʮʛ ʓʪ ʞʏʓʏʟʢʜʙʏʛ ʟʏʓʪ Для студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ валанцёрская дзейнасць стала важнай часткай жыцця, якая ўзвышае і духоўна, і маральна. Калі ёсць дабрыня ў сэрцы і жаданне падзяліцца ёю з навакольнымі, то будзе і магчымасць падараваць некалькі шчаслівых імгненняў тым, хто сапраўды мае ў гэтым патрэбу. Менавіта таму валанцёры БДПУ актыўна далучыліся да Рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці». У перыяд навагодніх святаў прадстаўнікі alma mater наведалі 32 установы адукацыі, аховы здароўя і сацыяльнага абслугоўвання, дзе правялі больш за 70 інтэрактыўных і канцэртных праграм, ранішнікаў і прадстаўленняў. Так, дэлегацыя БДПУ на чале з рэктарам А. І. Жуком наведала спецыяльнае лячэбнавыхаваўчае прафесійна-тэхнічнае вучылішча закрытага тыпу ў Крывічах. Нагадаем, што першы наш візіт у гэту ўстанову адбыўся ў лютым мінулага года. Тады рэктарат універсітэта прыняў рашэнне аб перадачы сродкаў прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» выхаванцам вучылішча. А яшчэ раней, у пазамінулым годзе, БДПУ падарыў ім веласіпеды, якія і сёння карыстаюцца асаблівай папулярнасцю. У мерапрыемстве таксама бралі ўдзел міністр адукацыі Беларусі І. В. Карпенка, рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі В. М. Галубоўскі, намеснік старшыні Мядзельскага райвыканкама

І. І. Барыева. Госці павіншавалі навучэнцаў з Новым годам, перадалі ім салодкія пачастункі (пірагі, цукеркі, мандарыны) і больш значныя падарункі: міністр адукацыі – тэлевізар, а рэктар БДПУ – сувенірныя наборы шахмат і шашак. «У пераднавагоднія дні неяк па-асабліваму верыцца ў тое, што наш свет

• Жыццё БДПУ С

ТУДЭНТЫ і выкладчыкі ўніверсітэта 27 снежня ўключыліся ў працяглы марафон праверкі кампетэнцый будучых спецыялістаў. Не здзіўляйцеся, што ў кагорту ўдзельнікаў экзаменацыйнай сесіі мы ўключылі педагогаў, бо паспяховасць студэнтаў – гэтаксама плён нястомнай працы прафесарска-выкладчыцкага складу. Вынікі праходжання экзаменацыйных выпрабаванняў для чытачоў «Н» неўзабаве прааналізуюць спецыялісты вучэбна-метадычнага ўпраўлення. А пакуль выкажам спадзяванне, што студэнты лёгка справяцца з іспытамі, бо ў іх за плячыма паспяхова выкананыя рэйтынгавыя кантрольныя работы, а пры неабходнасці заўсёды можна разлічваць на дапамогу цьютараў.

З

ОРНЫ ПАХОД – брэнд БДПУ з больш чым паўвекавой гісторыяй. Сёлета ў зімовую вандроўку па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа студэнты і выкладчыкі адправяцца ўжо ў 53-і раз. У складзе інтэрнацыянальных атрадаў – прадстаўнікі ўніверсітэтаў Азербайджана, Казахстана, Кітая, Расіі і Туркменістана. Амаль 250 чалавек пройдуць па 8 маршрутах, што пракладзены па Мінскай (Крупскі, Салігорскі, Стаўбцоўскі раёны), Гродзенскай (Ашмянскі) і Магілёўскай (Асіповіцкі, Барысаўскі) абласцях, а таксама наведаюць гарады Бабруйск і Жодзіна. У добры шлях!

павінен стаць лепшым, дабрэйшым, што шчасце і поспех абавязкова прыйдуць у кожны дом. Упэўнены, у нашых сілах падараваць вам частку свайго цяпла, клопату і разумення. Сёння, як і ў мінулы раз, мы захапілі з сабой добры настрой, прысмакі і цікавыя сувеніры. Для падтрымкі вашай спартыўнай і інтэлектуальнай формы, як і абяцалі, прывезлі па тры камплекты шахмат і шашак. Вучыцеся, шукайце сваё прафесійнае крэда, а наша падтрымка стане для гэтага добрым імпульсам!» – з такімі шчырымі словамі звярнуўся да падлеткаў Аляксандр Іванавіч Жук. У гэты ж дзень, 30 снежня, у Крывіцкім вучылішчы быў адкрыты клас прафесійнага майстэрства, створаны пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і Рэспубліканскага інстытута адукацыі. Памяшканне абсталявана персанальнымі камп’ютарамі, мультыбордам, інтэрактыўнай дошкай, а таксама шматлікімі метадычнымі матэрыяламі для правядзення прафарыентацыйнай работы з выхаванцамі і іх самастойнага азнаямлення з рознымі прафесіямі. Музычным падарункам для ўсіх прысутных стала канцэртная праграма з удзелам творчых калектываў БДПУ. Танцавальны гурт «Арт-Юніці» прэзентаваў хіп-хоп-сувенір; мужчынская вакальная група «Модус» прапанавала станчыць пад кампазіцыю «Бугі-вугі»; Уладзімір Федарук віртуозна выканаў на акардэоне інструментальныя п’есы; удзельнікі дуэта фрыстайлістаў «Лайфстайл» прадэманстравалі мастацтва валодання мячом.

Не абышлося свята і без Дзеда Мароза! Сапраўдны навагодні настрой стварыў загадчык музея БДПУ Мікалай Леанідавіч Есялёніс. Прапанаваныя ім конкурсы і забавы разняволілі і ўцягнулі прысутных у агульнае дзеянне: усе з задавальненнем і танчылі, і загадвалі жаданні. Усё было так натуральна і шчыра! Завяршылі канцэртную праграму дзяўчаты з папулярнага беларускага гурта «Бай-сіці». Выхаванцы, у сваю чаргу, паказалі некалькі творчых нумароў: сольнае і ў дуэце выкананне вакальных кампазіцый, гумарыстычную мініяцюру. Пасля канцэрта быў арганізаваны шахматны турнір, у якім навучэнцы згулялі некалькі партый з гасцямі. Цікава было сачыць за ўдзельнікамі спаборніцтваў: Аляксандр Іванавіч, напрыклад, не толькі сканцэнтраваўся на гульні, але і паспяваў весці гутарку са сва-

ім сапернікам Раманам пра яго захапленні, інтарэсы. А той, трымаючы ў полі зроку расстаноўку фігур, шчыра адказваў на пытанні і распавядаў пра сябе. Дэлегацыя нашага ўніверсітэта прыехала з высакароднай місіяй, якая адлюстроўвае сутнасць валанцёрскай дзейнасці БДПУ. Сёння тысячы студэнтаў розных факультэтаў і інстытутаў нашай alma mater пачынаючы з першага курса добраахвотна і бескарысліва аказваюць дапамогу і падтрымку розным катэгорыям дзяцей і дарослых, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Гэта важны складнік не толькі прафесійнага станаўлення будучага педагога, але і фарміравання яго асобы – чулай, адкрытай, міласэрнай. Прыезд у Крывічы – гэта яшчэ і своеасаблівае абяцанне не толькі выхаванцам вучылішча, а і самім сабе зрабіць усё магчымае для таго, каб лёс не падаваўся юнакам несправядлівым і пазбаўленым нечага вельмі важнага. Алена ЖУРАЎСКАЯ, начальнік цэнтра студэнцкай творчасці (Заканчэнне тэмы на стар. 3.)

ʛʏʟʪ ʖʓʖʮʘʠʜʮʭʥʥʏ ȃ ʚʭʓʖʶ ʾʠʛʶʤʏʭʥʥʏ! Напрыканцы снежня кожны чалавек жыве ў чаканні навагодняй казкі, спадзяецца на цудадзейныя змены да лепшага, са светлымі спадзяваннямі глядзіць у будучыню. І пакуль адны толькі мараць, танкаўцы ўжо радуюцца здзейсненым жаданням. А ўсё таму, што БДПУ не проста ідзе ў нагу з часам, а апераджае яго! Так, студэнты і выкладчыкі вучэбнага корпуса № 7 атрымалі свой навагодні падарунак яшчэ задоўга да бою курантаў –27 снежня адбылося ўрачыстае адкрыццё многафункцыянальнай аўдыторыі-трансформера. Прыемныя сюрпрызы ад рэктарата БДПУ напярэдадні зімовых святаў сталі добрай універсітэцкай традыцыяй. На гэты раз падарунак прымалі адразу тры структурныя падраздзяленні – Інстытут інклюзіўнай адукацыі, Інстытут псіхалогіі і факультэт пачатковай адукацыі. Многафункцыянальная аўдыторыя-трансформер з’явілася на месцы старой актавай залы сёмага вучэбнага корпуса, і сёння кардынальна абноўленае памяшканне адпавядае самым сучасным патрабаванням. Яно аснашчана неабходным мультымедыйным абсталяваннем, а адмысловая мабільная мэбля дазваляе ў межах адной прасторы адпаведна розным мэтам ствараць актавую ці канферэнц-залу, аўдыторыю для адукацыйных мэт або пляцоўку для масавых мерапрыемстваў. І студэнты, і выкладчыкі з нецярплівасцю чакалі ўрачыстага моманту: павіншаваць іх

з надыходзячымі святамі і перарэзаць чырвоную стужку перад дзвярыма новай аўдыторыі завітаў рэктар універсітэта прафесар А. І. Жук. Прыём быў надзвычай цёплы і творчы – спачатку студэнты выканалі запальны танец, пасля ўсіх прысутных забаўлялі дасціпным гумарам Снягурка, Кікімара і іншыя «лясныя жыхары», як жартам называюць сябе гаспадары гэтага вучэбнага корпуса. Вядома, не абышлося і без творчых нумароў, якія ўпершыню прымалі абноўленыя сцэна і глядацкая зала. Напрыканцы канцэртнай праграмы слова ўзяў Аляксандр Іванавіч. Ён падвёў вынікі года, узгадаўшы найбольш значныя падзеі ў жыцці ўніверсітэта, абазначыў планы на будучае і прэзентаваў падарунак ад рэктарата. «Спадзяюся, што гэтая

зала ніколі не будзе пуставаць і яе напоўняць вашы галасы і крэатыўныя ідэі – мы чакаем ад вас актыўнасці і творчага падыходу. Памятайце, што мы – гэта адна сям’я, якая робіць для нашай краіны вялікую справу: рыхтуе ключавую фігуру грамадства – педагога», – адзначыў рэктар. У сваю чаргу, кіраўнікі падраздзяленняў В. В. Хітрук, Д. Р. Дзьякаў і Н. У. Ждановіч выказалі словы падзякі рэктарату, а студэнты падарылі Аляксандру Іванавічу арыгінальны зімовы букет з навагоднім мандарынавым настроем. Так снежаньскім днём да дружнай універсітэцкай сям’і завітала свята… Завітала, каб застацца побач! Ірына МЯЦЕЛІЦА


ПЛЁН ГОДА – У НАШЫХ АГУЛЬНЫХ ЗДЗЯЙСНЕННЯХ Ну вось і перагорнуты апошні лісток календара, што адлічваў нам дні 2017 года. Стос рознакаляровых паперак з датамі, адкладзены ўбок, міжволі нагадвае пра непазбежную імклівасць часу: гэта ж трэба, і вокам не паспелі міргнуць, а праляцелі ўжо дванаццаць месяцаў! Зрэшты, змірыцца з хуткаплыннасцю жыцця намнога лягчэй, калі разумееш, што кожны дзень быў карысным, калі ёсць што ўпісаць ва ўмоўную справаздачу – асабістую і прафесійную – не дзеля птушачкі, а па факце. Упэўнены: азірнуўшыся на мінулы год, кожны можа назваць некалькі такіх важных для сябе пунктаў. Але акрамя асабістых ёсць яшчэ і нашы агульныя дасягненні: добрыя справы, новыя сябры, плён сумеснай працы, творчыя набыткі… Адным словам, усё тое, што робіць нас з’яднанай камандай, сапраўднай сям’ёй. Прапануем узгадаць найважнейшыя дасягненні нашага калектыву ў розных сферах. Такім чынам, у 2017 годзе МЫ РАЗАМ…

ДАСЛЕДАВАЛІ І ДЗЯЛІЛІСЯ ВОПЫТАМ

Навукова-даследчая дзейнасць, падрыхтоўка кадраў вышэйшай кваліфікацыі – адзін з прыярытэтных напрамкаў нашай працы. І ў Год навукі яму, безумоўна, надавалася самая пільная ўвага. Адзначым, што прафесарска-выкладчыцкі склад БДПУ прымаў удзел у выкананні 9 праграм рознага ўзроўню. Адна з іх – галіновая навукова-тэхнічная праграма «Якасць адукацыі» – завяршаецца сёлета. Вынік сапраўды грунтоўны: мы распрацавалі прафесійна-кваліфікацыйны стандарт педа-

гога і метадычныя рэкамендацыі па яго рэалізацыі; новае навукова-метадычнае забеспячэнне падрыхтоўкі педагагічных кадраў. Ва ўніверсітэце паспяхова рэалізуюцца праграмы «Кадры 2016–2020» і «Павышэнне эфектыўнасці падрыхтоўкі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі на 2017– 2020 гг.», дзякуючы чаму другі год запар выконваецца паказчык абароны дысертацый ва ўстаноўленыя тэрміны навучання. Нягледзячы на нібыта не самую вялікую папулярнасць навуковай дзейнасці сярод моладзі, штогод шэрагі даследчыкаў актыўна пашыраюцца за кошт студэнтаў. Эфектыўнай пляцоўкай для раскрыцця іх патэнцыялу стала Дэкада студэнцкай навукі, якая ў 2017 г. прайшла ў БДПУ ў другі раз. Мерапрыемства з міжнародным статусам многім з нас запомніцца як маштабная яркая падзея, што аб’яднала больш за тысячу ўдзельнікаў: ад навучэнцаў педагагічных класаў да магістрантаў і аспірантаў з Беларусі і замежжа. Пра

маштабнасць форуму сведчыць і той факт, што ў яго рамках на базе ўсіх факультэтаў і інстытутаў універсітэта было праведзена 11 міжнародных навукова-практычных канферэнцый. Акрамя таго, упершыню адбыўся Рэспубліканскі конкурс з міжнародным удзелам для навучэнцаў профільных класаў «Будучыя педагогі – пра школу будучыні», які яшчэ раз паказаў, што рыхтуецца дастойная маладая змена – матываваная, здольная, таленавітая. Новы імпульс атрымала дзейнасць такіх маладзёжных аб’яднанняў, як Студэнцкае навуковае таварыства і Савет маладых вучоных. Яшчэ адзін важны паказчык даследчай актыўнасці моладзі – плённая праца 42 студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый, якія арганізаваны на кожным факультэце і ў інстытутах і налічваюць у сваіх шэрагах больш за паўтысячы зацікаўленых удзельнікаў.

ВУЧЫЛІСЯ І РАЗВІВАЛІСЯ

Пастаяннае ўдасканаленне адука цыйнага працэсу – наш надзённы клопат і наша агульная заслуга. У гэтай сферы адбыліся знакавыя падзеі і важныя новаўвядзенні. А менавіта: – напрыканцы года мы пацвердзілі сертыфікат адпаведнасці сістэмы менеджменту якасці БДПУ патрабаванням СТБ ISO 90012015; – БДПУ стаў пляцоўкай для другога тура конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года Мінскай вобласці-2017». У рамках мерапрыемства

2

40 лепшых педагогаў краіны правялі майстаркласы з удзелам нашых студэнтаў па васьмі прадметных намінацыях. Таксама ў перыяд з 21 па 22 верасня на базе ўніверсітэта праводзіліся майстар-класы ўдзельнікамі заключнага этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2017»; – адбыўся першы выпуск спецыялістаў па адукацыйных стандартах трэцяга пакалення (2013) па спецыяльнасцях з чатырохгадовым тэрмінам навучання; – у рамках дагавора аб супрацоўніцтве паміж БДПУ і РДПУ імя А. І. Герцэна паспяхова працягнулася сумесная рэалізацыя адукацыйнай магістарскай праграмы «Экспертыза якасці дашкольнай адукацыі» ў сеткавай форме (двухгадовы тэрмін навучання). У чэрвені адбыўся першы выпуск магістраў па дадзенай праграме;

– пачалася падрыхтоўка кадраў па эксперыментальных адукацыйных праграмах магістратуры па спецыяльнасці «Карэкцыйная педагогіка» ў сеткавай форме з прафілізацыямі: «Ранняя комплексная дапамога дзецям з адхіленнямі ў развіцці» і «Дзейнасць псіхолага-медыка-педагагічнай камісіі і псіхолага-медыка-педагагічнага кансіліуму» (сумесна з калегамі з Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта); – было ўведзена ў эксплуатацыю праграмнае забеспячэнне EDU.ADMISSION «Прыёмная кампанія ВНУ», што дазволіла аўтаматызаваць працу прыёмнай камісіі магістратуры; – пры кафедрах факультэтаў і інстытутаў адкрыта 6 новых філіялаў.

глядзець на канале YouTube. Супрацоўнікі структурных падраздзяленняў сталі ўдзельнікамі спецыяльных вучэбных вэбінараў: 6 анлайн-семінараў па выкарыстанні iSpring QuizMaker; метадычных семінараў па Adobe Connect і Moodle; міжвузаўскага семінара «Адміністраванне і суправаджэнне Moodle ў ВНУ». Яшчэ адзін клопат Цэнтра – арганізацыя інтэрнэт-алімпіяд, якія ў мінулым годзе праводзіліся па 15 школьных прадметах. Сёлета іх будзе 16. Ужо распрацаваны 500 новых тэставых заданняў, адбыліся дзве відэаканферэнцыі, дадзены старт першаму туру (10 прадметаў гуманітарнага цыкла). У рамках творчага праекта «СтудТБ» праведзены 2 туры кастынгаў на ролю вяду-

чага навін БДПУ, конкурс на лепшы ролік «Гарбузовы фэст», 3 майстар-класы па рэжысёрскай справе, асновах фотарэпартажу і асаблівасцях студыйных здымак; падрыхтаваны цыкл інфармацыйных відэафільмаў для трансляцыі на канале YouTube БДПУ, а таксама запушчаны другі штогадовы конкурс відэаролікаў «Мой універ». Працягвалася рэалізацыя праекта акадэмічнай мабільнасці «Запрошаны прафесар: інфарматызацыя адукацыі». Для студэнтаў і ПВС БДПУ праведзены лекцыі вядучымі спецыялістамі ў сферы інфарматызацыі адукацыі з Нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. П. Драгаманава (г. Кіеў, Украіна).

ПАШЫРАЛІ АБСЯГІ МІЖНАРОДНАГА СУПРАЦОЎНІЦТВА

Надзвычай плённай аказалася дзейнасць БДПУ ў галіне міжнародных адносін, якая была накіравана на ўмацаванне аўтарытэту і канкурэнтаздольнасці ўніверсітэта ў міжнароднай адукацыйнай прасторы. У хроніцы года застануцца наступныя адметныя падзеі: – уступленне БДПУ ў такія міжнародныя арганізацыі, як Еўразійская асацыяцыя педагагічных універсітэтаў, Беларуская гандлёва-прамысловая палата і Еўрапейская аса-

КРОЧЫЛІ Ў НАГУ З ЧАСАМ

Сучаснае навучанне цяжка ўявіць без выкарыстання інфармацыйных тэхналогій. Адпаведнае тэхнічнае суправаджэнне адукацыйнага працэсу ў БДПУ забяспечваецца Цэнтрам развіцця інфармацыйных тэхналогій. Мінулы год у дзейнасці цэнтра быў сапраўды плённым. Так, яго супрацоўнікі арганізавалі і правялі 160 вэбінараў – як у спецыяльна абсталяваных інтэрактыўных аўдыторыях, так і на рэсурснай базе розных падраздзяленняў універсітэта. Спасылкі на 46 запісаў праведзеных мерапрыемстваў знаходзяцца ў відэарэпазіторыі БДПУ, яшчэ 10 можна па-

цыяцыя экзаменацыйных саветаў па замежных мовах; – адкрыццё каардынацыйнага цэнтра «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця». Сёлета плануецца правядзенне ў БДПУ II Міжнароднага сімпозіума «Адукацыя для ўстойлівага развіцця для ўсіх пакаленняў – сацыяльны кантракт»; – актывізацыя супрацоўніцтва з установамі вышэйшай адукацыі Кітая, вынікам чаго стала падпісанне дадатковых пагадненняў аб стварэнні сумесных адукацыйных праграм з Хэнаньскім, Лінаньскім і Аньянскім педагагічнымі ўніверсітэтамі; – стварэнне Рэспубліканскага рэсурснага цэнтра інклюзіўнай адукацыі пры падтрымцы Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь. У цэнтры ўжо былі праведзены 64 навучальныя мерапрыемствы. Спікерамі выступалі прафесары з Нарвегіі,

Польшчы, Расіі. Вопыт працы цэнтра вывучылі прадстаўнікі больш чым 25 краін свету; – падпісана больш за 30 дагавораў аб супрацоўніцтве, у тым ліку ўпершыню з установамі вышэйшай адукацыі такіх краін, як Партугалія, Узбекістан, Швейцарыя, Эстонія і інш.; – у 2017/2018 навучальным годзе на 1-ы курс залічана на 130 замежных грамадзян больш, чым у мінулым; – упершыню да вучобы ў магістратуры БДПУ прыступілі грамадзяне Узбекістана; – выйграны заяўкі па акадэмічнай мабільнасці з універсітэтамі Арменіі, Аўстрыі, Італіі, Іспаніі, Румыніі. Увогуле ж на працягу года 47 супрацоўнікаў БДПУ прайшлі стажыроўку ў 15 краінах свету, 164 супрацоўнікі прынялі ўдзел у міжнародных мерапрыемствах, што адбываліся ў 26 краінах свету. У 2017 г. БДПУ прыняў 93 міжнародныя дэлегацыі, а гэта больш за 1000 чалавек.

ПЕРАМАГАЛІ І ХВАРЭЛІ ЗА НАШЫХ

Імідж БДПУ як «спартыўнага і здаровага» ўніверсітэта сёння з’яўляецца непахісным і пацвярджаецца ў тым ліку перамогамі (як асабістымі, так і каманднымі) спартсменаўтанкаўцаў на спаборніцтвах рознага ўзроўню. Паспяховым быў наш удзел у Рэспубліканскай універсіядзе-2017. Так, заявілі пра сябе жаночыя зборныя: па мініфутболе, баскетболе, гандболе (золата), вольнай барацьбе, дзюдо і футболе (срэбра), самба і пляжным валейболе (бронза). Мужчынскія зборныя былі лепшымі ў дзюдо (1-е месца) і прызёрамі ў самба (3-е месца). Акрамя таго, каманда БДПУ па веласпорце заваявала бронзавы медаль, а яе ўдзельніца – студэнтка 4-га курса факультэта фізічнага выхавання Юлія Цэлагуз – святкавала перамогу ў асабістым заліку. Узгадаем і іншыя спартыўныя камандныя дасягненні: першае месца жаночай зборнай у Рэспубліканскай студэнцкай баскетбольнай лізе, другое – каманды БДПУ на Усерасійскім турніры па самба на прызы заваёўнікаў космасу, медалі рознай пробы 47-га міжнароднага турніру па вольнай барацьбе на прызы А. Мядзведзя і Кубка Рэспублікі Беларусь па самба, кубак Маскоўскага раёна г. Мінска па міні-футболе. Мінулы год для многіх спартсменаў БДПУ стаў сапраўды выніковым, а для некаторых – трыумфальным. Гаворка ідзе пра прадстаўніцу ФФВ Марыну Слуцкую. Яна здолела заняць верхнюю пазіцыю ў сусветным рэйтынгу па дзюдо! Папярэднічалі такому поспеху шматлікія перамогі: на чэмпіянаце Еўропы ў Варшаве, міжнародным турніры ў Чэхіі, міжнародным турніры «Вялікі шлем» у Екацерынбургу… Спадзяёмся, што Марына і надалей будзе пацвярджаць званне лепшай і праслаўляць тым самым нашу alma mater. Асабістыя перамогі, пакладзеныя ў агульную спартыўную скарбонку БДПУ, шматлікія: залатыя медалі на міжнародным турніры ка-

16 студзеня 2018 г.


тэгорыі «А» – адкрытым чэмпіянаце Беларусі па самба на прызы Прэзідэнта краіны і Маладзёжным чэмпіянаце свету па сам-

ба-2017 Марыі Кандрацьевай; абсалютная перамога (золата, срэбра і бронза) студэнта 2-га курса факультэта фізічнага выхавання, майстра спорту Ягора Арцёмава на чэмпіянаце Еўропы па водналыжным спорце; залаты медаль міжнароднага турніру па боксе (г. Вялікія Лукі, Расійская Федэрацыя) Дзмітрыя Макарэвіча; срэбраны медаль адкрытага чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па спартыўным зімовым плаванні Івана Іванова; бронзавы медаль паралімпійскага чэмпіянату свету па лыжных гонках і біятлоне Юрыя Голуба і многія-многія іншыя.

ПРЫГАЖЭЛІ І ЎДАСКАНАЛЬВАЛІСЯ

Каб забяспечыць сваім выхаванцам камфортныя ўмовы і для вучобы, і для асобаснага развіцця, а супрацоўнікам – для работы, кіраўніцтва БДПУ актыўна ўдасканальвае матэрыяльна-тэхнічную базу ўніверсітэта. І мінулы год не стаў выключэннем. Так, завершаны капітальны рамонт вучэбнага корпуса № 7, тут жа праведзена рэканструкцыя памяшканняў на 1-м паверсе пад «Наша кафэ» на 100 пасадачных месцаў. Актавая

зала корпуса № 3 па вул. Савецкай, 18 цяпер мае мадэрнізаванае гукавое абсталяванне і сучасную сістэму кандыцыянавання. Спадзяёмся, вы паспелі адчуць на сабе перавагі гэтых перамен! Выкананы работы па ўстаноўцы асвятляльных мачтаў, інжынерных сетак сістэмы відэаназірання на стадыёне БДПУ. Цяпер займацца тут можна і ў цёмны час сутак. Адрамантавана памяшканне пад новы фірменны магазін «Каларыт», прызначаны

для рэалізацыі вучэбна-метадычнай літаратуры, сувенірнай і канцылярскай прадукцыі, тавараў уласнай вытворчасці вучэбна-выдавецкага цэнтра БДПУ і аказання паліграфічных паслуг. Прыведзены ў належны стан два памяшканні ў вучэбным корпусе № 3 пад Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр адукацыйнай робататэхнікі. А мэта такога падсумавання адна: з пачуццём задавальнення і з новымі сіламі працягваць развіваць педагагічную навуку і праслаўляць родны ўніверсітэт! Каляндар-2017 гартала Вераніка МАНДЗІК

• Аддзел кадраў

Установа адукацыі «Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка»

АБ’ЯЎЛЯЕ КОНКУРС на замяшчэнне пасад педагагічных работнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу з заключэннем кантракта на тэрмін, вызначаны наймальнікам: дацэнтаў кафедраў (к.н., 20 разр. АТС) тэорыі і методыкі выкладання мастацтва, гісторыі Беларусі і славянскіх народаў, сацыяльна-гуманітарных дысцыплін, замежных моў, педагогікі і псіхалогіі інклюзіўнай адукацыі; старшых выкладчыкаў кафедраў (19 разр. АТС) тэорыі і методыкі фізічнай культуры, фізічнага выхавання і спорту, спартыўна-педагагічных дысцыплін, замежных моў, педагогікі і псіхалогіі пачатковай адукацыі. Тэрмін падачы дакументаў –1 месяц з дня апублікавання аб’явы. Дакументы прымаюцца ў аддзеле кадраў па адрасе: вул. Савецкая, 18/1, г. Мінск. Тэл. 226-46-59.

16 студзеня 2018 г.

• Валанцёрства як лад жыцця ДАБРАЧЫННАСЦЬ – ІМКНЕННЕ ДУШЫ

Напярэдадні Новага года студэнты факультэта эстэтычнай адукацыі – удзельнікі валанцёрскага атрада «Вясёлка» – далучыліся да Рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці» і сталі сапраўднымі чарадзеямі для многіх хлопчыкаў і дзяўчынак з мнагадзетных сем’яў, выхаванцаў школ-інтэрнатаў і інш. Далучыліся па закліку сэрца, працягнуўшы дабрачынную дзейнасць у рамках праектаў «Падары радасць дзецям», «Міласэрная прыгажосць» і «Радасць жыцця».

У ДУА «Дапаможная школа-інтэрнат №10 г. Мінска» праведзена праграма «Навагодні цуд». Валанцёры-музыканты далі святочны канцэрт, а мастакі правялі калектыўныя работы па аплікацыі і тэхніцы штампоўкі з вучнямі малодшых класаў. Старшакурснікі арганізавалі вучэбны майстар-клас «Анёл-абярэг з тканіны» для дзяцей, якія наведваюць цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Студэнты 16-й і 108-й груп з пачатку навучальнага года ўзялі шэфства над малодшымі членамі сям’і Піскун, у якой маці, страціўшы мужа, адна выхоўвае пяць непаўналетніх дзетак. З малымі праводзяць творчыя заняткі па мастацтве арыгамі, цестапластыцы, тэхніках акварэльнага жывапісу. У снежні студэнцкі актыў арганізаваў акцыю па зборы цацак і канцтавараў, у якой прыняў удзел увесь факультэт. Напярэдадні зімовых святаў ФЭА ператварыўся ў зону творчасці для ўсіх жадаючых зрабіць навакольны свет больш маляўнічым. Выкладчык кафедры мастацкапедагагічнай адукацыі Л. І. Селівончык правяла вучэбныя майстар-класы па папераплас-

тыцы для студэнтаў і супрацоўнікаў універсітэта. Агульнымі намаганнямі аб’ёмнымі каляднымі зоркамі, анёламі, а таксама навагоднімі ялінкамі былі ўпрыгожаны карэкцыйны цэнтр Партызанскага раёна сталіцы і іншыя падшэфныя ўстановы адукацыі. З радасцю валанцёры атрада «Вясёлка» адгукнуліся на запрашэнне артыста тэатра і кіно Аляксандра Ждановіча (больш вядомы па тэлевізійнай «Калыханцы» пад творчым псеўданімам Маляваныч. – Рэд.) і прынялі ўдзел у канцэрце-акцыі ў падтрымку дзяцей і дарослых з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь напярэдадні навагодніх святаў валанцёры ФЭА таксама паўдзельнічалі ў культурным праекце «Інклюзіўны музей: натхняючы адзін аднаго...», прымеркаваным да Міжнароднага дня людзей з інваліднасцю. Не засталася па-за ўвагай валанцёраў і яшчэ адна сацыяльная група. Для ветэранаў вайны і працы ДУ «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва

Маскоўскага раёна г. Мінска» і ДУ «Гарадскі дом-інтэрнат для ветэранаў вайны і працы „Світанак“», з якімі факультэт звязвае моцная дружба, студэнты і выкладчыкі падрыхтавалі святочныя канцэрты. Дабрачыннасць розная і гаючая! Яна дорыць радасць, цяпло, веру ў цуд, вылечвае ад душэўнага і нават фізічнага болю. Але, галоўнае, яна станоўча ўплывае на прафесійнае станаўленне, робіць асобу больш гарманічнай, упэўненай, а яшчэ – больш шчаслівай. А значыць, дабрачыннасць патрэбная, важная і для тых, хто аддае, і для тых, хто атрымлівае. Святлана КУЛАПІНА, выкладчык кафедры МПА

УРОКІ ДАБРЫНІ

Валанцёрскі клуб «Добрае сэрца» ФДА – адно з самых буйных добраахвотных аб’яднанняў БДПУ. Навагоднія і калядныя святы – час, калі кожны, хто мае добрае сэрца, а такіх на нашым факультэце большасць, можа адчуць сябе сапраўдным чараўніком, які дорыць казку і выконвае запаветныя мары. За час правядзення акцыі «Нашы дзеці» было арганізавана і праведзена каля трыццаці мерапрыемстваў. Яркую, захапляльную праграму «Навагоднія прыгоды са Шчаўкунчыкам» для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту падрыхтавалі прадстаўнікі студэнцкага актыву факультэта. Разам з галоўнымі героямі казкі вучні ДУА «Гімназія №10 г. Мінска» і «Сярэдняя школа № 205 г. Мінска» перанесліся ў чароўную краіну, дзе змаглі даказаць, што толькі разам можна стварыць цуд і стаць сапраўднымі сябрамі Дзеда Мароза. Цэлы феерверк навагодніх ранішнікаў для дзяцей усіх узроставых груп дапамаглі падрыхтаваць і правесці студэнты факультэта ў садках сталіцы. А для выхаванцаў дзіцячага адукацыйнага цэнтра, які працуе на базе ФДА, пад кіраўніцтвам выкладчыка кафедры методык дашкольнай адукацыі Л.В. Шкнай было праведзена тэатралізаванае прадстаўленне «Снежная Каралева». Традыцыйным стала наведванне валанцёрамі сектара «Бальнічны клоўн» маленькіх пацыентаў УАЗ «Гарадская клінічная бальніца № 4 г. Мінска». Прымаючы ўдзел у забаўляльных праграмах «Навагоднія прыгоды» і «Каляды з Доктарам Нехварэйкіным і Вітамінкай», малыя, якія знаходзяцца на працяглым стацыянарным лячэнні, акунуліся ў святочную атмасферу. Адным з самых значных кірункаў валанцёрскай дзейнасці клуба «Добрае сэрца» з’яўляецца праца з дзецьмі, якія маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця, і маладымі інвалідамі. Напярэдадні навагодніх святаў у рамках акцыі «Нашы дзеці» была праведзена серыя мерапрыемстваў для выхаванцаў ДУ «Дзіцячы дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця» (п. Навінкі) і ДУ «Псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў № 1» (Астрашыцкі Гарадок). Майстар-класы па вырабе навагодняй ат-

рыбутыкі, інтэграваныя тэатралізаваныя навагоднія прадстаўленні, навагоднія ранішнікі былі падрыхтаваны і праведзены пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі А. П. Часнаковай. Асаблівую радасць падарылі сваім гледачам валанцёры напрамку «Святло душы» пад кіраўніцтвам выкладчыка кафедры методык дашкольнай адукацыі К. М. Цубер. Гаворка ідзе пра выступленне студэнцкага лялечнага тэатра «Адраджэнне батлейкі» ў праграме канцэрта-акцыі дабрачыннага фонду Іаана Рускага ў падтрымку дзяцей і дарослых з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія пражываюць у дамах-інтэрнатах. Стаў традыцыйным і ўдзел валанцёраў у арганізацыі і правядзенні міжнароднага Каляднага фэсту батлеечных і лялечных тэатраў «Нябёсы». Напрыканцы снежня на ФДА прайшоў XI Калядны музычны фестываль, які працягнуў добрую факультэцкую традыцыю правядзення інтэграваных мастацкіх мерапрыемстваў. Асаблівы водгук у гледачоў выклікалі песні «Зімовая казка» і «Навагодні настрой» у выкананні студэнткі ФДА Настассі Энгаватавай сумесна з выхаванцамі дзіцячага дома і падапечнай псіханеўралагічнага інтэрната Аленай Дрозд. Завяршылася свята абедам і чаяваннем у «Дашкольным кафэ». Тут гасцей чакаў яшчэ адзін прыемны сюрпрыз: навагоднія падарункі ад Дзеда Мароза і Снягуркі. Радасная атмасфера і эмацыянальная напоўненасць мерапрыемстваў стварылі ва ўсіх удзельнікаў святочны настрой, умацавалі ўпэўненасць у тым, што словы «Мы разам!» прымушаюць добрыя сэрцы біцца ва ўнісон. Аксана ЗЫЛЬ, намеснік дэкана ФДА

ВАЛАНЦЁРЫ З «АДКРЫТЫМІ СЭРЦАМІ» У мінулым годзе добраахвотнаму аб’яднанню факультэта пачатковай адукацыі «Адкрытае сэрца», кіраўніком якога з’яўляецца старшы выкладчык кафедры педагогікі і псіхалогіі пачатковай адукацыі Ірына Іванаўна Забаўская, споўнілася 10 гадоў. Дэвіз факультэта «Сэрца аддаю дзецям» – сапраўднае адлюстраванне адносін студэнтаў, якія ўдзельнічаюць у валанцёрскай дзейнасці, да сваіх абавязкаў. Напярэдадні Калядаў і Новага года яны дапамаглі стварыць святочны настрой і падарыць веру ў цуд дзясяткам дзетак і людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Навагоднюю казку чакаюць усе, і студэнты здолелі паказаць яе 18 снежня пацыентам аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў ДУ «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Заводскага раёна г. Мінска». Песні і вершы, гульні з навагоднімі персанажамі і, вядома, падарункі ад Дзеда Мароза і Снягуркі нікога не пакінулі абыякавымі: пацыенты цэнтра атрымалі шмат станоўчых эмоцый, а валанцёры – шчырыя словы падзякі за праведзеную працу. Працягам добрых спраў стаў удзел прадстаўнікоў ФПА ў акцыі «Нашы дзеці». Так, 19 снежня валанцёры падарылі свята дзе-

цям з цяжкімі захворваннямі, якія праходзяць рэабілітацыю ў дабрачынным цэнтры «Caritas». Стварыць атмасферу каляднай казкі для іх было асабліва прыемна! А 20 снежня будучыя педагогі правялі яркі і незабыўны ранішнік для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў ДУА «Дапаможная школа-інтэрнат №7 г. Мінска». Арганізацыя навагодніх святаў – прыемны абавязак валанцёраў, але самае галоўнае ў іх дзейнасці – гэта штодзённая дапамога тым, хто мае ў ёй патрэбу, падтрымка дзяцей, што апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Менавіта за та-

кую сістэматычную дабрачынную працу валанцёры ФПА атрымалі падзякі ад адміністрацыі цэнтраў і школы-інтэрната. Наталля ЖДАНОВІЧ, дэкан ФПА 3


ǿǰdzȀ ȁǾǮȀȁȌȄȊ… ǻǮȆȉ ǽǾȉDZǮǴȁǻǥ! Перамогі ў шматлікіх спаборніцтвах і конкурсах чырвонай ніткай уплятаюцца ў жыццёвую канву БДПУ. Аднак у шэрагу папярэдніх гадоў 2017-ы не мае сабе роўных. Ён увойдзе ў гісторыю ўніверсітэта таксама як час бясспрэчнага лідарства нашых студэнтак і выпускніц. Дакладней, прызнання іх пераваг у такіх тонкіх сферах, як жаночая прывабнасць, інтэлектуальная дасканаласць, сацыяльная адказнасць. Яшчэ свежыя эмоцыі і ўражанні ад перамог студэнтак Аляксандры Чычыкавай (ФСПТ) і Паліны Пімахінай (факультэт фізічнага выхавання) адпаведна ў конкурсах Miss Wheelchair World і Miss International Belarus-2017. А літаральна напярэдадні Новага года мы атрымалі яшчэ два цудоўныя падарункі, гэтым разам ужо ад выпускніц alma mater – Алены Піваваравай (ІІА) і Дар’і Рэут (філфак). Прафесіяналы вышэйшага ўзроўню, шчаслівыя ў сямейным жыцці і мацярынстве жанчыны, яны заваявалі адпаведна тытулы Most Beautiful Woman і ІІ Vice-Mrs. World-2017! Сёння Алена і Дар’я – суразмоўцы карэспандэнта «Н». – Шчыра віншуем Вас з перамогай! Згодна са стэрэатыпам, беларускія жанчыны сціплыя і памяркоўныя. Напэўна, калі б гэта было насамрэч так, то свет ніколі б не пачуў імёны многіх нашых знакамітых суайчынніц. Як Вам дапамагалі і чым перашкаджалі падчас конкурсаў асаблівасці нацыянальнага характару? А. П.: Нашы жанчыны насамрэч маюць шмат выдатных якасцяў. Падчас падрыхтоўкі да конкурсу «Mrs. Globe-2017» я ацаніла важнасць такіх нацыянальных рыс, як мэтанакіраванасць і працавітасць – менавіта яны дапамагалі давесці справу да канца. А беларускія добразычлівасць і талерантнасць дазволілі мне ўбачыць у сямідзесяці ўдзельніцах конкурсу семдзесят сябровак і запрасіць іх у нашу дзівосную краіну. Людзі з усяго свету захапляюцца нашымі жанчынамі і хочуць наведаць Беларусь, каб паглядзець на зямлю, якая нараджае такіх прыгажунь. Лічу, што галоўны сакрэт гэтай прыхільнасці – спалучэнне ў беларускіх жанчынах знешняй і ўнутранай вабнасці і чысціні. Гэтая якасць узбагачае і асобу канкрэтнага чалавека, і нацыянальную культуру ў цэлым. Д. Р.: Сапраўды, амерыканскія і еўрапейскія жанчыны часам больш напорыстыя, не баяцца дэманстраваць сваю ўпэўненасць і мэтанакіраванасць. У славянак жа моцныя бакі, на мой погляд, – жаноцкасць, абаяльнасць і чароўная сціпласць.

Дар’я Рэут

ваю свае студэнцкія гады і ганаруся, што скончыла родны педагагічны. – Алена, а чым Вам запомнілася навучанне ва ўніверсітэце? Якія карысныя жыццёвыя ўрокі Вы атрымалі ў сценах БДПУ? А. П.: Маё студэнцтва прайшло на факультэце дэфекталогіі (Інстытут інклюзіўнай адукацыі. – Рэд.). Усе пяць гадоў мяне акружалі прафесійныя педагогі, добразычлівыя і адказныя студэнты, з якімі я падтрымліваю зносіны і сёння. Гэты час быў адзначаны важнымі падзеямі ў маім жыцці. Адна з іх – паездка на конкурс «Miss Europe–1996» у Албанію, дзе я здабыла тытул першай віцэ-міс Еўропы. З той пары прайшло больш за дваццаць гадоў, але хачу адзначыць, што ўплыў універсітэта на развіццё маёй асобы не абмяжоўваецца студэнцкай пяцігодкай. Два гады таму з вялікай цікавасцю я наведала ў БДПУ ўсе семінары легендарнага майстра гуманнай педагогікі – доктара псіхалагічных навук, прафесара, акадэміка Расійскай акадэміі адукацыі Шалвы Аманашвілі. Арганізацыя такіх сустрэч гаворыць пра тое, што педагагічны ўніверсітэт і сёння трымае высокую планку, дбае пра якасць адукацыі. Таму я шчыра ўдзячна маёй alma mater за магчымасць працягваць развівацца ў яе сценах. – Тэорыя і практыка – два кіты адукацыі. Гэта добра ведаюць у БДПУ, дзе актыўна ўкараняецца практыкаарыентаваны падыход у навучанні. Ці ўдаецца вам як прафесійным педагогам выкарыстоўваць веды, набытыя падчас вучобы, на практыцы – у выхаванні ўласных дзяцей? Д. Р.: Мне складана адказаць на гэтае пытанне, таму што не ведаю, як бы я выхоўвала сына, калі б не была педагогам па адукацыі. Але адназначна тыя практычныя навыкі, якія засвоіла ва ўніверсітэцкія гады, працуючы ў летніку ў педатрадзе «Ветразь» і ў школе, дапамагаюць мне ў выхаванні сына ў тандэме з мацярынскім інстынктам. Дзякуючы ім я лепш разбіраюся ў асаблівасцях дзіцячага развіцця, стараюся творча падыходзіць да любых заданняў, раблю ўсё магчымае, каб раскрыць здольнасці і творчы патэнцыял дзіцяці. Вядома, выхаванне – гэта цэлая навука і сапраўднае мастацтва! Месцамі я досыць строгая з сынам, але, нягледзячы на гэта, ён ведае, што яго моцна любяць, а мама – самы лепшы сябар і ёй заўсёды можна даверыцца. А. П.: Універсітэт даў мне грунтоўныя і карысныя тэарэтычныя веды, а таксама моцны практычны вопыт для далейшай працы з дзецьмі ў якасці настаўніка-дэфектолага. Атрымаўшы багаты запас ведаў

Дар’я з мужам і сынам

Усе ўдзельніцы конкурсу «Mrs. World» займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю, курыруюць свае дабрачынныя праекты, маюць за плячыма вялікі досвед удзелу ў падобных мерапрыемствах. Таму, на маю думку, на конкурсах такога кшталту неабходна прытрымлівацца актыўнай пазіцыі і дасканала валодаць мастацтвам самапрэзентацыі. – Выпускнікі і супрацоўнікі БДПУ добра памятаюць Вас, Дар’я, як актыўную студэнтку, вядучую святочных канцэртаў, удзельніцу зорных паходаў і шматлікіх універсітэцкіх мерапрыемстваў. Як гады студэнцтва і людзі, што былі побач, дапамаглі Вам вызначыць жыццёвыя арыенціры і сфарміраваць асобу той Дар’і Рэут, якую мы ведаем сёння? – Я вельмі ўдзячна ўніверсітэту, маім выкладчыкам, настаўнікам, якія насамрэч выхавалі ўва мне правільныя каштоўнасці і заклалі падмурак для майго далейшага развіцця. Тут я атрымала бясцэнны вопыт і веды, здабыла сапраўдных сяброў, з якімі кантактуем і супрацоўнічаем і па гэты дзень. Менавіта падчас вучобы ў БДПУ я пачала ўдзельнічаць у конкурсах прыгажосці, актыўна занялася мадэльным бізнесам дзякуючы праекту Кацярыны Аўсейчык DziKaVaTa. Я з цеплынёй узгад-

Вул. Савецкая, 18, п. 137, 220030, Мінск.

Заснавальнік — Установа адукацыі «Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка». Пасв. аб рэгістр. № 557.

i

226-40-19 e-mail: nastaunik@bspu.by www.bspu.by

і навыкаў, я ў свой час упэўнена адчувала сябе на месцы маладога спецыяліста ў школе. Да таго ж на трэцім курсе я выйшла замуж і нарадзіла сына, а з часам – яшчэ дзвюх дачушак, таму веды па педагогіцы, атрыманыя падчас вучобы ў БДПУ, былі і застаюцца для мяне вельмі дарэчнымі і актуальнымі. Дзеці – гэта наша будучае, і кожны дзень я працягваю вучыцца напаўняць наша жыццё радасцю, тварыць з натхненнем і любоўю – гэта дае свой плён і адкрывае шлях да шчасця. – Як вядома, разуменне каштоўнасцей сям’і, адказнасць за нараджэнне і выхаванне дзяцей – адзін з прыярытэтаў беларускага грамадства. Так, БДПУ сумесна з Беларускім саюзам жанчын рэалізуе сацыяльна-адукацыйны праект «Здаровая сям’я – здаровая нацыя». А ці існуюць вашы ўласныя сакрэты сямейнага шчасця? А. П.: Разуменне важнасці падтрымкі сямейных каштоўнасцей на высокім узроўні вельмі цешыць. Усім з малых гадоў вядома, што сям’я – гэта ячэйка грамадства, і менавіта з гэтых маленькіх ячэек будуецца сям’я вялікая – дзяржава. Мір, лад, узаемаразуменне, павага і любоў спрыяюць таму, каб сям’я была гарманічная і поўная, а дзеці – здаровыя і шчаслiвыя. Я як жанчына ахоўваю наш сямейны ачаг, і ў гэтай справе без сакрэтаў – ніяк. Ёсць яны, вядома, і ў мяне… Аднак ці можна двума сказамі апісаць шматгадовы шлях і вопыт? Скажу адно: мы, бацькі, з’яўляемся прыкладам для сваіх дзяцей, таму добра ведаем, што сям’я – гэта штодзённая праца, у першую чаргу над самім сабой. Д. Р.: Нам з мужам пашанцавала – у нас шмат агульных інтарэсаў, таму разам сумаваць не прыходзіцца. Падмуркам нашага сямейнага шчасця з’яўляюцца давер, павага, любоў і ўзаемападтрымка. Я згодна з Аленай: сямейныя адносіны – гэта пастаянная праца над сабой, але мы клапоцім-

Алена Піваварава

ся, умеем дараваць і цаніць адзін аднаго. – БДПУ вядомы моцным карпаратыўным духам, трывалымі сяброўскімі адносінамі. Скажыце, як у Вашым жыцці адчуваецца сувязь з alma mater? Д. Р.: Я і дагэтуль сябрую з многімі выпускнікамі БДПУ. Нашы шляхі часта перасякаюцца, мы заўсёды рады не толькі бачыць адзін аднаго, але і гатовыя прыйсці на дапамогу ў любы момант. Мне было вельмі прыемна напярэдадні і пасля конкурсу «Mrs. World-2017» атрымаць мноства паведамленняў са словамі падтрымкі і віншаваннямі ад выхаванцаў маёй alma mater. А. П.: Пяць гадоў цеснага ўзаемадзеяння насамрэч паспрыялі трываласці ўні-

Выходзіць два разы ў месяц на беларускай мове. Аб’ём 4 паласы фармату А3. Распаўсюджваецца ў вучэбных карпусах і інтэрнатах БДПУ бясплатна.

Алена са старэйшым сынам

версітэцкіх знаёмстваў. Мы, былыя студэнты, таксама сёння сустракаемся, дзелімся вопытам, ведамі, планамі. Многіх з нас яднае абраны шлях і агульная мэта – дзіцячае развіццё. Таму, як адзначала вышэй, з радасцю і прафесійным інтарэсам час ад часу зноў вяртаюся ў БДПУ. Напрыклад, сёлета падчас наведвання фестывалю «Палюбі будучыню – крылы вырастуць» я атрымала найкаштоўнейшыя веды і пазнаёмілася з высакакласнымі педагогамі. Спадзяюся, наша сувязь з alma mater застанецца такой жа трывалай. – Мінулы, 2017-ы, год Вы завяршылі ў статусе прызнаных светам прыгажунь. Якія планы збіраецеся рэалізаваць у новым, 2018-м? Якія мэты ставіце перад сабой у прафесійнай і сацыяльнай дзейнасці? А. П.: Конкурс даў важны штуршок для далейшай рэалізацыі маіх задач. Планую адкрыць хатні «Цэнтр дзіцячага развіцця», а таксама арганізаваць дзіцячы фонд. Я многа гадоў працавала настаўнiкам-дэфектолагам, і ў мяне ёсць вялікае жаданне стварыць разам з таленавітымі педагогамі ўнікальную базу ведаў, якая б дапамагала настаўнікам знаходзіць шлях да сэрца кожнага вучня, бачыць у сваіх выхаванцах унікальных асоб і натхняць іх на паспяховы асабісты i прафесiйны шлях. Д. Р.: Тытул другой віцэ-місіс свету хай і не афіцыйна, але абавязвае мяне да дзеяння ў сферы дабрачынных і сацыяльных праектаў. Ужо сёлета на праваслаўныя Каляды мне сумесна з Rotary club Minsk city і кінатэатрамі Silver Screen cinemas удалося рэалізаваць паказ мультфільма «Фердынанд» для больш чым 350 дзяцей з вёскі SOS Беларусь. Летам планую працягнуць рэалізацыю праекта сумесна з UNHCR па сацыялізацыі бежанцаў у Беларусі. У прафесійных планах таксама развіццё вінтажнага бізнесу. У канцы зімы мы хочам наведаць усе абласныя гарады з бясплатнымі практычнымі лекцыямі пра моду, прыгажосць і стыль. Планаў і ідэй шмат, буду старацца іх рэалізаваць. – Дзякуй за прыемную размову! Няхай задуманае здзейсніцца! Новы год як чарговы пункт адліку ставіць перад кожным чалавекам новыя мэты і задачы: важныя і нязначныя, простыя і замыславатыя, тэрміновыя і не вельмі... Сёлета адна з самых глабальных і пачэсных місій – ратаванне свету – ускладзена на прыгажунь з БДПУ! І няма сумненняў у тым, што яны з ёй паспяхова справяцца. Да новых перамог! Гутарыла Ірына МЯЦЕЛІЦА

Газета надрукавана ў Рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве «БудМедыяПраект». ЛП № 02330/71 ад 23.01.2014. Вул. В. Харужай, 13/61, Мінск, 220123. Тыраж 500 экз. Заказ 39. Падпісана ў друк 16.01.2018 г. у 9.00.

Рэдактар Т. А. БАШМАКОВА


Issuu converts static files into: digital portfolios, online yearbooks, online catalogs, digital photo albums and more. Sign up and create your flipbook.