Czasopis 04/2013

Page 49

ны працягваецца да гэтага часу, усё буйнеючы па значэнню і шырачыся па маштабу…”. Але гэтым талентам сёння няма дзе друкавацца і не было на працягу шматлікіх гадоў. Калі рэдактарам „Гродзенскай праўды” быў Іосіф Багіна, а літсупрацоўнікам там працаваў паэт Юрка Голуб, то ў 2002-2005 гадах пры абласной газеце выходзіў літаратурны штогоднік „Галасы”, дзе змяшчаліся творы літаратараў Гродзеншчыны. Калі рэдактарам „Гродзенскай праўды” паставілі Алену Бераснёву (цяпер яна прызначана дэпутатам Палаты прадстаўніком РБ), то яна ліквідавала са старонак „Гродзенскай праўды” літаратуру і спадчыну, а таксама знішчыла „Галасы”. Таму, лічыце, з 2005 года гродзенскія літаратары не маюць свайго ўласнага папяровага выдання. Калі не лічыць, што свой альманах выпускае Гродзенская філія Саюза пісьменнікаў Беларусі, якім кіруе Мікалай Чаргінец. І двойчы ў Гродна – у 1956 і 1958 гадах – выдаваўся абласны літаратурны альманах „Нёман”. Вось і ўсё. Таму сёння выхад „Новага Замка” – сапраўды, нейкае свята, радасць, надзея і падзея. У альманаху „Новы Замак” апублікаваны творы 21 аўтара з розных рэгіёнаў Гродзеншчыны. Яго адкрывае паэзія Ганны Аўчыннікавай, Дануты Бічэль, Анатоля Брусевіча, Анатоля Валюка, Уладзіміра Васько, Юркі Голуба, Міхася Губернатарава, Алеся Жамойціна, Міколы Канановіча і іншых таленавітых паэтаў. Даўно я не чытаў вершаў Алеся Жамойціна, які сціпла жыве ў Кушлянах – на радзіме Францішака Багушэвіча. І вось у альманаху прачытаў яго новыя паэтычныя радкі. І, вядома ж, яны пра Кушляны, якія для паэта „святло душы маёй”, дзе аўтар прызнаецца: На гэтым сонечным узвышшы Я буду хлеб свой здабываць, І да чужых, і да найблізшых – Па-беларуску прамаўляць!.. Няпроста жывецца сёння паэту

ў глыбінцы, у вёсцы. Ды і заўсёды там ім жылося не так файна, як у абласных гарадах ці ў сталіцы. Але Алесь Жамойцін аптыміст, ён заклікае ўсіх нас – хлопцаў і дзяўчат з правінцыі – не падаць духам, а „покуль словы ў нас не ўмёрлі, – вершам біцца на мяжы!..”. Калі Алесь Жамойцін у сваіх вершах аптыміст, то Анатоль Брусевіч рэальна глядзіць на жыццё, ад якога ён асаблівых адкрыццяў не чакае. Маўляў, хто нарадзіўся, той павінен памерці: Я проста жыву. Пасля проста здохну. А трэцяй дарогі Ніхто з нас не мае. Добрая і арыгінальная падборка вершаў Анатоля Брусевіча – філасофскі роздум паэта над сённяшнім жыццём, першароднасць данесенага перажывання, заглыбленасць душы і нейкая ўстрывожанасць. Вядома, паэт мае права на свае, найбольш улюбёныя інтанацыі, прыёмы, вобразы, якія робяць больш выразнай індывідуальную манеру пісьма. І ўсё гэта яму ўдаецца. І вершы Анатоля Брусевіча запамятваюцца і адрозніваюцца сваім бачаннем свету, дзе „гуляюць чужыя дзеці і мой ненароджаны сын”. У „Новым Замку” цікава пазнаёміцца з вершаванымі прысвячэннямі сяброўкам і сябрам Дануты Бічэль. Гэта прысвячэнні Зосьцы Верас, Ларысе Геніюш, Кастусю Тарасаву, Адаму Станкевічу, Уладзіміру Конану, Хрысціне Лялько, Ніне Мацяш, Святлане Варонік і іншым асобам. У „Калыханцы Ніне Мацяш” паэтка ўздыхае: Усе болесці твае адбалеліся… Пчолкі мёдзікам адгавеліся… Цудоўная паэтка, якая пры жыцці была прыкавана да ложка і якая пісала добрыя вершы, пайшла нядаўна з жыцця. Таму, сапраўды, усе болесці адбалеліся… З прозаю ў альманаху чытачоў знаёмяць Сяргей Астравец, Валянцін Дубатоўка, Стас Ільін, Ала Петрушкевіч. Станіслаў Суднік

49

прапанаваў альманаху свае пераклады з польскай мовы Аляксандра Макрэцкага, Антоні Масліцкага, Чэслава Сэнюха. Прафесар Аляксей Пяткевіч цікава напісаў „Крэскі з мае дарогі” – дзённікі 1980-1990-х гадоў. Давайце пачытаем некаторыя. Крэска ад 4.07.1989. 27 чэрвеня адбыўся ўстаноўчы з’езд Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны. Я быў дэлегатам… Загадчыца дзіцячага сада Прыма (Мінск) запатрабавала аб’явіць урад БССР палітычным банкрутам. А.Белакоз пераканаўча гаварыў пра русіфікацыю Беларусі… Крэска ад 31.10.1989. Учора вярнуўся з Беластока. Быў з дакладам на семінары „белавежцаў”, аналізаваў іх творчасць. Казалі, было гэта зроблена прафесійна ўпершыню. Але арганізавалі яны семінар сяк-так, і прайшоў ён досыць фармальна… Крэска ад 28.10.1990. Сёння выступаў у Гродне на мітынгу-рэквіеме „Дзяды”. Гаварыў пра вялікіх людзей Беларусі нашага стагоддзя, забітых савецкім рэжымам… Крэска ад 19.09.1991. Пачынаецца новы адлік гісторыі на маёй зямлі. Сёння Беларусь перастала быць савецкай. Яе афіцыйная назва – Рэспубліка Беларусь, яе сцяг – бел-чырвона-белы, яе герб – Пагоня… Каментаваць напісанае прафесарам Аляксеем Пяткевічам няма сэнсу. Ёсць толькі спадзяванне, што ягоныя дзённікі некалі пабачаць свет асобным выданнем і будуць цікавыя нашчадкам. У альманаху шмат іншых чытэльных матэрыялаў, якія вартыя ўвагі не толькі крытыкаў, але і простых чытачоў. Верыцца, што літаратурны альманах „Новы Замак” стане выдавацца значна часцей, чым адзін раз у год. І ён працягне добрыя выдавецкія літаратурныя традыцыі Гродзеншчыны, якія існавалі раней. Сяргей Чыгрын


Issuu converts static files into: digital portfolios, online yearbooks, online catalogs, digital photo albums and more. Sign up and create your flipbook.