Макулатура 4 - Дзёньнікі па Англіі

Page 49

Альгерд Бахарэвіч

Герберт Ўэлс, заслужаны настаўнік БССР

Галоўныя героі ягоных кніг зазвычай абсалютна непадрыхтаваныя да імі ж ініцыяваных авантураў – мы былі такімі ж. Успомнім Вандроўніка па Часе, які выпраўляецца ў сваё жахлівае падарожжа, не прыхапіўшы з сабой ня тое што рэвальвэра, а нават фотаапарата. Ці Нябачнага Чалавека, які спачатку становіцца нябачным, а ўжо потым думае, што яму ў такім стане рабіць. Наогул, героі містара Уэлса часта дзейнічаюць, падпарадкоўваючыся імгненнаму імпульсу, яны змагаюцца з наступствамі ўласных не абдуманых як сьлед учынкаў, яны нецярплівыя, як недасьведчаныя чытачы – а недасьведчаныя чытачы любяць пазнаваць сябе на старонках кніжак. Можа, у гэтым адзін з сакрэтаў містара Уэлса; у гэтым і адзін зь ягоных урокаў: там, дзе ёсьць добры плян, дзе ўсё падрыхтаванае і выверанае, ніколі ня будзе яркага сюжэту – а нам так хацелася апынуцца ў добрым сюжэце, так хацелася дынамікі і галавакружэньня, так хацелася пабачыць у парку Горкага амэрыканскія горкі! З вамі ніколі не адбудзецца нічога цікавага, калі вы будзеце прадумваць усё наперад, папярэджваў нас містар Уэлс, у вас папросту ня будзе ўласнага сюжэту – і гэта было нешта кшталту запавету на ўсё астатняе жыцьцё. Частка яго філязофіі, якую прыдумалі мы самі. А далей – далей мы ня слухалі. Аднак калі б нашыя дачыненьні з паняткам “філязофія” гэтым і абмежаваліся! Ён ставіў перад намі зусім не падлеткавыя пытаньні: хто мы і навошта мы тут, ён бязьлітасна ўводзіў панятак “чужога” – у ягоным анталягічным сэньсе, ён першым, задоўга да прышчавых дацэнтаў, распавёў нам пра матэрыю і дух, ён напоўніў для нас нечаканым зьместам звычнае, простае слова “час”, якое тады было бразгатлівым, бы школьны званок, “вр-р-р-р-е-е-менем”. Містар Уэлс даў нам высакароднае веданьне таго, што таленавітаму чалавеку наканаваны нешчасьлівы лёс, ён пераканаў нас, што варта кінуць выклік большасьці, каб загінуць ад яе рук: у імя творчасьці, чаго ж яшчэ, бо ўсё той жа містар Уэлс стварыў вакол творчага чалавека такі арэол, які не пабляк і дагэтуль – што б там ні казалі бацькі пра няўдачнікаў і лайдакоў. Бо талент і таворчасьць апраўдваюць усё. Ці не пра пісьменьніка, пра музыку, пра мастака вось гэты заклён, з “Вострава доктара Мора”: “Яму належыць Дом пакуты. Яго рука творыць. Яго рука забівае. Яго рука лечыць”. Трэба сказаць, што пісьменьнікаў містар Уэлс ня надта любіў – для людзей ягонай эпохі творчым чалавекам быў перадусім навуковец. Дзякуючы містару Уэлсу многія з нас павярнуліся тварам да фізыкі, біялёгіі, псыхалёгіі, матэматыкі – у празе зрабіць Вялікае Адкрыцьцё і загінуць пад ягонымі аскепкамі. Але ж не хто іншы, як містар Уэлс паказаў нам, што такое наступны ўзровень Чытаньня, як зробленая сур’ёзная проза, з чаго і якое паліва прымушае яе працаваць. Ён навучыў нас з пагардлівай усьмешкай пазіраць на кнігі, дзе галоўнага героя няма чым папракнуць: овсянка, сэр! А яшчэ наш агліцкі настаўнік даў нам першы ўрок стылю – і ад чытаньня тых радкоў дагэтуль становіцца амаль фізычна прыемна: “На нагах у яго не было нічога, акрамя рваных шкарпэтак; вялікія пальцы, шырокія і прыўзьнятыя, вылезьлі зь дзірак і нагадвалі вушы насьцярожанага сабакі. Нетаропка – ён усё рабіў не сьпяшаючыся – містар Марвэл разглядваў чаравікі, якія хацеў прымерыць. Гэта былі крэпкія чаравікі, якія яму яшчэ не трапляліся, але яны былі яму завялікія; між тым старыя чаравікі, цалкам прыдатныя для сухога надвор’я, не падыходзілі для вільготнага, бо мелі занадта тонкую падэшву. Містар Марвэл не цярпеў прасторнага абутку, але ён не цярпеў і вільгаці. Уласна, ён яшчэ ня высьветліў, што для яго больш непрыемна – прасторны абутак або вільгаць, але дзень быў пагодны, іншых справаў не прадбачылася, і ён вырашыў паразважаць. Таму ён апусьціў на зямлю ўсе чатыры чаравікі, расставіўшы іх у выглядзе маляўнічай групы, і стаў глядзець на іх. Пазіраючы, як яны стаяць сярод разрослага дзядоўніка, ён раптам вырашыў, што абедзьве пары выглядаюць вельмі брыдка”. Гэта пра Томаса Марвэла, якога Нябачны Чалавек хацеў зрабіць сваім слугой. Паспрабуйце, прачытаўшы гэты пасаж, сказаць, што Гербэрт Уэлс – дзіцячы пісьменьнік, для якога галоўнае – сплесьці немудрагелісты сюжэт на пацеху юным рамантыкам. Зусім ня кожны аўтар з Пантэону Вялікіх Пісьменьнікаў можа пахваліцца такой увагай, назіральнасьцю, чуласьцю і тонкім, прыхаваным гумарам. Ужо тады мы адчувалі гэта, але не цанілі, не маглі ацаніць; тым ня менш мы, хоць нам і карцела пераскочыць праз такія абзацы, ведалі, што сапраўдная літаратура мусіць іх

47


Issuu converts static files into: digital portfolios, online yearbooks, online catalogs, digital photo albums and more. Sign up and create your flipbook.