Легенды Ванкувера

Page 71

67

ПАНАДА, ШТО Ў ПАРКУ СТЭНЛІ Ёсьць у парку Стэнлі сьцяжынка, што вядзе да месца, якое белыя завуць “Сем Сясьцёр”, але мне заўсёды падабаецца гаварыць “ДрэвыКатэдры” аб гэтым гаі з паўтузінам лясных волатаў, чые шаты ў апраметнай вышыні ўтвараюць арку дасканалай формы й прыгажосьці. Аднак ва ўсім сьвеце ці знойдзецца сабор, чые мармуровыя ці оніксавыя калёны зьвінелі б такой жыцьцёвай моцай, як гэтыя па-сапраўднаму чыстыя, напоўненыя жывым сокам, брунатныя камлі. Тут няма фрэсак, якія б маглі пасупернічаць далікатнасьцю з пляцёнкай зялёных стужак, што зьвісаюць гірляндамі між табой і небам. Няма дахоўкі, кафлі, ці мармуровай мазаікі, настолькі ж павабнай, як гэтая духмяная, засланая простай ігліцай, падлога пад тваімі нагамі. Яны яўляюць сабой вяршыню архітэктурных твораў Прыроды, падчас будаваньня каторых яна пераўзышла ўсе свае папярэднія задумкі. Ёй ніколі больш не стварыць тагога беззаганнага праекту, ніколі ня ўзьвесьці больш дасканалага гмаху. Але богатворныя дрэвы ды рукатворныя саборы маюць адну агульную надзвычайную якасьць. Гэта – атмасфэра сьвятасьці. Многія з нас адчуваюць сябя натхнёна, пабачыўшы веляпышны сабор, і ніводзін ня зможа стаяць сярод гэтага велічнага гаю, не выказаўшы сваіх узвышаных думак ці захапленьня такім вытанчаным творам нашай нібыта грубай прыроды. Магчыма, тыя, хто прачытае гэтую маленькую легенду, больш ня зможа глядзець на гэтыя дрэвы-катэдралы бяз думак аб тых цудоўных душах, што яны ўтрымліваюць у сабе, бо паводле ўзьбярэжных індзейцаў, у іх сапраўды захаваныя чалавечыя душы, і сьвет палепшаў адтаго, што аднойчы яны мелі сэрцы ды мову магутных людзей. Мой цілікам не карыстаў слова “панада”, калі распавядаў мне гэтую легенду. Слова з такім значэньнем няма ў чынуцкай мове, але жэсты ягоных гаваркіх рук так выяўлялі нейкую якасьць паміж прывабнасьцю ды чарамі, што я выбрала слова “панада” для найлепшага тлумачэньня таго, што ён хацеў выказаць. За некалькі метраў ад Дрэваў-Катэдраў старая зарослая сьцяжынка заварочвае праваруч у дзікія лясныя нетры. Адно індзейскія вочы могуць заўважыць тую сьцяжынку, і індзейцы па сваёй волі ня пойдуць у той лес, што справа ад гэтага гаю. Нішто ні ў гэтым сьвеце, ні нават у якім іншым, не завабіць узьбярэжнага індзейца ў самы гушчар таго дзікага лесу, бо там, унутры, і ёсьць хітра схаваная “панада”, у якую яны вераць. Няма ніводнага племені ва ўсім краі, якое б ня ведала той дзіўнай легенды. Вы пачуеце яе ад тых, што зьбіраюцца на рыбныя ловы ў Арлінай гавані з ракі Фрэзар, ад Сквамішаў з Затокі, з Місіі, з Інлета, нават ад плямёнаў з Паўночнага Рукава, але ніхто дабрахотам ня пойдзе з вамі правадніком, бо, аднойчы трапіўшы ў “аўру” той панады, чалавек ня зможа яе пакінуць.


Issuu converts static files into: digital portfolios, online yearbooks, online catalogs, digital photo albums and more. Sign up and create your flipbook.