Дзеяслоў (№ 64)

Page 32

32

/

дзеяслоў

толькі найміты ды яшчэ добраахвотнікі-іудзеі, большасцю маладзёны, не абцяжараныя сем’ямі і гаспадаркай. Янаеўцаў, натуральна, чакала “дэмабілізацыя”, і яны былі да яе гатовыя, больш за тое — успрынялі з радасцю: вайна вайною, а хлеб вырошчваць трэба. Яшчэ з вечара янаеўцы сабралі няхітрыя пажыткі, назапашаныя за час службы, каб на самым досвітку, пакуль не нахлынула спёка, выправіцца на поўдзень, у бок Эн-Гадзі, дзе на ўзбярэжжы Мёртвага мора месцілася іхняе паселішча. Так што спазніўся б Архелай на некалькі хвілінаў, дык у янаеўскім лагеры нікога і не заспеў бы. Як толькі апалчэнцы згледзелі конніка і распазналі ў ім ахоўніка Бар Кохбы, дык напачатку падумалі, што здарылася нешта надзвычайнае і, крый божа, “дэмабілізацыя” адмяняецца. Калі Архелай спешыўся, яны ўсім кагалам абступілі яго, моўчкі чакаючы, што скажа веставы Бар Кох­ бы. Архелай скмеціў напругу ў вачах янаеўцаў і, нават не павітаўшыся, з насцярогаю пацікавіўся: — Чаго вы пазіраеце на мяне, як на пудзіла? Што-небудзь здарылася? — Гэта мы ў цябе павінны запытацца, што здарылася, — усё яшчэ не сагнаўшы з твару трывогу, сказаў Янай. — Без дай прычыны ты ж да нас не наведваешся. У планах Бар Кохбы ёсць якія-небудзь змены? Нам належыць заставацца на месцы? Архелай непрыхавана пакрыўдзіўся: — Як гэта без дай прычыны не наведваюся? Ды я пры кожным зручным выпадку ў вас аціраюся! Проста не часта гэта выпадае… У мяне ж на ўсім белым свеце, акрамя Сімона ды… — Архелай хацеў сказаць “Вірсавіі”, аднак абсекся (ці ёсць яна на белым свеце?) і пасля кароткае замінкі дадаў: — Няма ў мяне нікога радней, чым вы… Расчулены гэткім прызнаннем, Янай паспяшаўся выправіцца: — Прабач, хлопча, што пляцнуў языком абы-што. Ты ж для нас таксама як родны… Але ўсе-ткі ці не здарылася нічога благога насамрэч? — Ды не, усё па завядзёнцы… Вось развітацца з вамі прыехаў… — І гэта правільна! Гэта па-людску! На доўгія размовы часу не было. Архелай пачаргова абняў кожнага чальца атрада, а з Янаем дык нават пацалаваўся. І толькі Нахума ды Гефена ён адклікаў убок. Абодва былі ўдзячныя Архелаю, бо пасля вандроўкі ў Віфанію коней у іх ніхто не забраў, а ў родным паселішчы яны ох як спатрэбяцца ў гаспадарцы. Зараз тыя коні былі запрэжаныя ў павозкі, на якія ўсе янаеўцы ўзвалілі свой скарб — усё спадручней будзе дабірацца да Эн-Гадзі ўлегцы. — Не забывай нас, — з тугою мовіў Нахум, калі яны ўдосталь пагаманілі пра тое-сёе. — А можа, і наведайся, як выпадзе… Бар Кохба ж на адным месцы не сядзецьме, дай божа, і ў нашыя мясціны зазірне… — Ды гэта само сабою… — Я табе і дзеўку харошую ў нас знайду. Ёсць адна ў мяне на прыкмеце, Малкай завуць. Не горшая, чым твая Вірсавія… Лепей бы Нахум гэтага не казаў. Архелай адразу спахмурнеў, увабраўся ў сябе. — Што ты плявузгаеш, прыдурак? — рыкнуў Гефен і смачна выцяў Нахума далонню па патыліцы — той ледзь не зваліўся з ног. Зрэшты, Нахум і сам дапяў, што ляпнуў лішняга. — Прабач, Архелай… Проста не падумаў…


Issuu converts static files into: digital portfolios, online yearbooks, online catalogs, digital photo albums and more. Sign up and create your flipbook.