Дзеяслоў (№ 64)

Page 255

Віктар Баранаў

/

255

прыйсці такая сатанінская выдумка! Вялікая галава Рэма яшчэ не пачала раскладацца, і таму цябе зацэментоўвае яшчэ большы жах. Каго хочаш і што хочаш ты спадзяваўся пабачыць пад толькі што паднятым векам – толькі не гэты астылы труп вадалаза, зачыншчыкам смерці якога з’яўляешся ты, Прытула. Бо для цябе ўжо і сабачае таварыства і спагада – недазволеная раскоша. Яны забралі ў цябе нават Рэма. І тут ужо сапраўднае вар’яцтва накрывае цябе ад галавы да пятак, ты дранцвееш так, што не адчуваеш ані сваёй фізічнай прысутнасці на гэтым свеце – і ўсяго цябе раздзірае, растармошвае твой вар’яцкі дзікі крык: “Рэм! Рэ-э-эм!!! Рэ-э-э!..” Ты не ўсведамляеш, ці сапраўды крычыш у сталую могільнікавую цішу, ці ты нямым крыкам спапяляеш сябе знутры, і ён яшчэ доўга коціцца рэхам праз твой запалёны мозг, а калі ўрэшце сціхае паволі і свядомасць твая балюча размярзаецца, ты неспадзявана знаходзіш сябе ўверсе над раскапанаю ямай, і рукі твае сціскаюць сякеру – гэты казённы могільнікавы інвентар, дадзены табе для часовага карыстання – з такою сілаю, што кісці знякровелі ад нялюдскага напружання. Праз міг ты заўважваеш нейкі аддалены і нязвычны для гэтага мёртвага царства (бо надта неспакойна-задзірлівы) рух, мігценне чалавечых постацей, але не хлопцаў-далакопаў. Нарэшце ты выразна бачыш: іх трое; бягуць паміж могільнікавымі дзялянкамі-кварталамі, то знікаючы, то з’яўляючыся з-за дрэў, кустоў, крыжоў, помнікаў, каплічак, абеліскаў… Ты распазнаеш Марыну па яе звычнай рабочай вопратцы – джынсы і швэдрык пад расхрыстанай ад бегу куртачкай, яна і цяпер чароўна-прыгожая, але табе ніколі не выпадала бачыць, як яна бегае, таму табе цікава назіраць яе ў такім імклівым руху, і ты здагадваешся, што так бяжыць ужо і не Марына, а Сысоева Надзея Яўгенаўна; з ёй двое хлопцаў, высокіх і магутных, апранутых надта цяжка на гэты вясновы час (“Вось бы ім пасавалі белыя халаты”, – думаеш міжволі ты), таму Марына іх апярэджвае, але адлегласць між ёю і імі паступова змяншаецца, і да раскапанай магілы яны падбягуць разам. Кіеў – Раўжы, 2002 г.


Issuu converts static files into: digital portfolios, online yearbooks, online catalogs, digital photo albums and more. Sign up and create your flipbook.