Дзеяслоў (№ 63)

Page 51

Алесь

Усеня

/

51

праўдзе, ён зверне горы. Ва ўсякім разе, ён не лічыць сябе ашуканцам і прайдзісветам, яму не трэба ілжыва выдаваць сябе за Божага пасланніка, бо менавіта ім ён сябе шчыра і лічыць. Ад гэтага прасцей і мне: мой грэх, калі ён сапраўды ёсць, будзе не такім вялікім. — Як яго завуць? — Завуць? Завуць Сімонам. Сімон бар Козіба... — Бар Козіба?! — Дзіўна, ці не праўда?.. Сын ашуканца... — Вось-вось... — Не варта на гэта зважаць. Калі б ён папраўдзе быў ашуканцам, прыдумаў бы сабе іншае прозвішча. — І ўсё ж мяне гэта бянтэжыць. Уяві сабе, настаўнік: ты абвяшчаеш яго Месіяй і тут жа называеш сынам ашуканца. Што падумае народ? — Народ падумае тое, што трэба. Бар Козіба... А чаму не Бар Кохба1?! Гучыць амаль аднолькава... Рашбі страціў мову. Крыху ачуняўшы, прыглушана сказаў: — Дзіўнае супадзенне. Проста неверагоднае. Рабі, а можа... можа ён і ёсць... Месія? Акіба незадаволена зморшчыў твар: — Гэта не Месія, павер. Мне быў бы знак. Адтуль. Да таго ж, я добра ведаю людзей. Колькі іх было, самазванцаў... — І ўсё ж ягонае з’яўленне не здаецца мне выпадковым... — Пакінем гэта, — Акібу не хацелася задужа разгортваць тэму “сын зоркі”. — Хоць я і задаволены, што ў тваю душу закінута семя сумневу. Аднак мяне турбуе іншае. Калі мы абвесцім Бар Козібу... Бар Кохбу Месіяй, кіраваць паўстаннем пачне ён. Народ пойдзе за ім. Бо хто мы такія? Рабы Госпада. А ён — Ягоны пасланец. Сілы і мужнасці ў Сімона досыць. Гэта адчуваецца. Але ці хопіць яму развагі і вайсковае мудрасці? — Я думаю, нам не абавязкова перадаваць яму ўсю абладу над войскам. Там, дзе трэба, падкажам. Мы ж заўсёды будзем поруч... — Вось тут ты памыляешся. Не забывай: Сімон сапраўды лічыць сябе Месіяй. Можа наспець час, калі нашыя парады яму абрыднуць і ён пазбавіцца ад нас, як ад непатрэбнага ашмёцця. Гэта адно. А другое — нам так ці інакш не абысціся без вайсковага кіраўніка. Што мы з табою можам? Пераканаць, заклікаць, натхніць. Але ж некаму трэба ісці і паперадзе войска, за сабою весці народ на бітву. — Чакай, настаўнік. Мяне найбольш хвалюе твая першая турбота. Выходзіць, мы сваімі рукамі можам сябе ж і закапаць? Выпусцім у свет Месію, а ён аднойчы ўзбрыкне і не будзе мець у нас патрэбы? Калі ты, настаўнік, гэта прадбачыш, дык навошта ўсчыняць хібную гульню? Акіба адказаў не адразу. Пратупаў у глыбіню цемры, да ложка, і ўжо адтуль данёсся ягоны стомлена-сцішаны голас: — У нас няма іншага выйсця. Без Месіі паўстанне зачахне — тут не аспрэчыш. На кім бы мы ні спынілі свой выбар, такая небяспека будзе існаваць. Сімон якраз, мне здаецца, не самы горшы выбар. Ва ўсялякім разе, адчуваецца, што чалавек ён сумленны, а галоўнае — гатовы пакласці жыццё за свабоду Іудзеі. І мяне, папраўдзе, не дужа палохае тое, што калінебудзь я стану яму ўпоперак сцежкі і ён адштурхне мяне на ўзбочыну. 1 Бар Кохба — сын зоркі. У 17 вершы XXIV главы кнігі Чыслаў сказана: “Зорка (какаб) узыдзе ад Якава”. Гэтаму вершу яўрэі надавалі месіянскі сэнс.


Issuu converts static files into: digital portfolios, online yearbooks, online catalogs, digital photo albums and more. Sign up and create your flipbook.