Дзеяслоў (№ 56)

Page 175

Васіль Быкаў

/

175

Люся, якая, здавалася, драмала дагэтуль, абыякавая да ўсяго, раптам ускочыла ад свае рацыі. — А што ж, так як вы з усімі мацюгом ды мацюгом! На мацюгах, як на біцюгах, хочаце да Берліна даехаць? Сахно павярнуўся і здзіўлена паглядзеў на яе. — А ў вас хто пытае, малодшы сяржант? — Камбат мае рацыю, — кінула Люся. — А вы не дужа зарывайцеся, хоць і да батальёна дарваліся. — Маўчаць! — прыкрыкнуў Сахно. — Я вас умомант выганю адсюль. Ураз у штаб палка пойдзеце! — Хоць зараз! — выпаліла Люся. — Люся, маўчыце, — строга сказаў Васілевіч і пасля паўзы холадна вытлумачыў Сахно: — Вось што, капітан Сахно! Майце на ўвазе, калі вы загубіце батальён, ні намеснікам, ні камбатам вам болей не быць. Камандзір палка вас сам пад трыбунал аддасць. Сахно крутнуўся да Васілевіча, але не паспеў адказаць — зусім побач пачуліся крокі і ў цемры паказаліся чорныя постаці камандзіраў рот. Звяртаючыся да Васілевіча, яны паціху далажылі аб прыходзе, але былы камбат ад узрушання і нечаканае злосці на ўпартую дурасць Сахно не слухаў таго. Толькі зразумеўшы, што афіцэры звяртаюцца да яго, ён раптам упалым голасам кінуў: — Дакладвайце капітану Сахно. Ён камандуе батальёнам. Пасля Васілевіч вылез з варонкі, адышоўся на тры крокі, каб не замінаць людзям, якім ён быў ужо не патрэбны, і апусціўся на калючую ад марозу леташнюю свінуху.

4. Жаркоў бег у сваю роту. Сяржант раз-пораз чапляўся за хмыззё ў доле, спатыкаўся — ён вельмі спяшаўся, бо спраў было шмат, а часу да новай атакі заставалася не так ужо і многа. Спачатку ўсё тое, што ён пачуў на КП, непрыемна ўразіла яго. Наступленне, яно само сабою, але вось зняцце камбата і заступленне на яго месца Сахно не падабалася Жаркову. Сахно лічылі ў батальёне крыкуном, гарлахватам, не дужа смелым і не дужа справядлівым камандзірам. Капітан жа Васілевіч здаваўся разумным і разважлівым, а галоўнае — справядлівым чалавекам, што болей за ўсё іншае паважаюць у камандзіры салдаты. Як там яно было на самай справе, сяржант пэўна не ведаў, але цяпер, пасля ўсіх гэтых навін, адчуваў, што наперадзе чакае яго дужа нялёгкае. Праўда, за многія месяцы вайны ён ужо прывык да самага благога, прызвычаіўся да дробных і вялікіх нягод і ведаў, што на фронце чаго добрага чакаць не выпадала. Перш за ўсё яго запалоніў клопат, як усё тое наладзіць, як найлепш арганізаваць атаку, каб ашукаць немцаў, — цяпер жа пра гэта, апроч яго, у роце ўжо не было каму дбаць. Неба хутка цямнела, усё болей высыпала зорак. Месяц, быццам спяшаючыся куды, імчаўся над лесам у адным кірунку з Жарковым; за


Issuu converts static files into: digital portfolios, online yearbooks, online catalogs, digital photo albums and more. Sign up and create your flipbook.