Page 1

Выдаецца з кастрычніка 1972 г.

ВІНШУЕМ! Веру Анатольеўну КАПРАНАВУ, загадчыка кафедры педагогікі вышэйшай школы і сучасных выхаваўчых тэхналогій, і Ірыну Аляксандраўну НОВІК, прафесара кафедры прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, якія ўзнагароджаны знакам “Выдатнік адукацыі” Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за шматгадовую плённую навукова-педагагічную дзейнасць, значны асабісты ўклад у падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў. Уладзіміра Адамавіча ШЫЛІНЦА, кандыдата фізіка-матэматычных навук, з назначэннем на пасаду дэкана матэматычнага факультэта.

• Спартыўны навігатар З 25 ліпеня па 12 жніўня ў Лондане прайшлі ХХХ Алімпійскія гульні. Зборная Беларусі была прадстаўлена ў 25 відах спорту. Сярод 173 членаў Нацыянальнай зборнай гонар краіны і свайго ўніверсітэта адстойвалі і трое прадстаўнікоў факультэта фізічнага выхавання БДПУ. Павел Санковіч стаў 18-м у плаванні на спіне (дыстанцыя 100 м), Ганна Драбеня фінішыравала 25-й (спартыўная хадзьба, дыстанцыя 20 км), а Юлія Хітрая ў складзе эстафетнай чацвёркі (плаванне, эстафета 4х100 вольным стылем) спынілася на выніковым 13-м месцы. Віншуем нашых алімпійцаў з годным выступленнем і жадаем перамог!

Панядзелак, 3 верасня 2012 года

№ 10 (1111)

ПЕРШЫ КУРС, МАТАЙ НА ВУС!

ДА 100-ГОДДЗЯ МАКСІМА ТАНКА

“ЗАЛАТЫ ФОНД” БДПУ

Стар. 2–3

Стар. 4

Стар. 4

Дарагiя студэнты, калегі! Шчыра вiншую вас са святам – Днём ведаў. Ён адкрывае для нас новы год цiкавага і непаўторнага жыцця, напоўненага радасцю пазнання і творчага пошуку. Наш універсітэт ужо амаль сто гадоў з годнасцю выконвае вельмі важную мiсiю навучання i выхавання студэнтаў. Абраўшы Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, вы зрабілі галоўны выбар – звязалі сваё жыццё з высакароднай прафесіяй Педагога. Дыплом БДПУ – адзін з самых прэстыжных на адукацыйнай прасторы краіны, а нашы выпускнікі заўсёды запатрабаваны на рынку працы. Многія вядомыя педагогі, дзеячы культуры, мастацтва, навукі, органаў дзяржаўнага кіравання ганарацца тым, што ў свой час з’яўляліся студэнтамі нашага ўніверсітэта. І сёння калектыў БДПУ робіць усё магчымае для падтрымкі высокага аўтарытэту нашай навучальнай установы, захавання i памнажэння слаўных універсітэцкіх традыцый. Мы ствараем усе ўмовы для таго, каб маладыя грамадзяне Беларусi атрымалi грунтоўную адукацыю, адкрылі для сябе свет навукі і рэалiзавалi свае таленты. Упэўнены, што гады навучання стануць паспяховым стартам вашага кар’ернага росту і прафесійных перамог.

У гэты дзень шчырую ўдзячнасць выказваю настаўнiкам i выкладчыкам. Дзякуй за адданасць нялёгкаму, але высакароднаму прызванню, за непахiсную веру ў iдэалы дабра i справядлiвасцi. Ад усёй душы жадаю ўсiм навучэнцам, студэнтам, аспiрантам, педагогам здароўя, шчасця, аптымiзму, невычэрпных сiл, энергіі, настойлiвасцi, поспехаў у вучобе i працы. Натхнення вам і шырокай дарогі ў краiну Ведаў! Рэктар БДПУ прафесар Пётр Кухарчык

НАШ ВЫБАР – ЯКАСНАЯ АДУКАЦЫЯ За БДПУ – будучыня! Штогод вялікая колькасць маладых людзей аказвае давер нашаму ўніверсітэту, выбіраючы дасканаласць адукацыі. Напэўна, прычына гэтага хаваецца ва ўніверсальнасці ведаў і ўнікальнасці магчымасцей, якія прадастаўляе сваім выхаванцам наш любімы ўніверсітэт. Сёлета план прыёму ў БДПУ на дзённую і завочную формы атрымання адукацыі склаў 5090 чала-

век (сярэдні конкурс па ўніверсітэце – 1,77 чалавека на месца). За права вучыцца на дзённым бюджэтным аддзяленні змагаліся 1616 чалавек. Па-за конкурсам праходзілі 43 чалавекі; 132 залічаны па мэтавых накіраваннях. Найбольш высокія прахадныя балы на дзённую бюджэтную форму атрымання адукацыі зафіксаваны на спецыяльнасцях “Лагапедыя. Спецыяльная псіхалогія”

(322), “Псіхалогія. Сацыяльная псіхалогія” (285), “Гісторыя. Сацыяльнапалітычныя дысцыпліны” (274), “Выяўленчае мастацтва. Камп’ютарная графіка” (30,0). Максімальны бал – 348 – зарэгістраваны на факультэце спецыяльнай адукацыі. Што тычыцца завочнай формы атрымання адукацыі, то на 555 бюджэтных месцаў была пададзена 931 заява. Такім чынам, конкурс ся-

род абітурыентаў склаў 1,67 чалавека на месца. Найбольшай папулярнасцю сярод абітурыентаў карысталіся спецыяльнасці факультэтаў дашкольнай і спецыяльнай адукацыі, факультэта сацыяльнапедагагічных тэхналогій. Першакурснікамі ўніверсітэта сёлета сталі прадстаўнікі Расіі, Казахстана, Украіны, Кітая, Літвы, Арменіі, Грузіі і Туркменістана. Кожны трэці абітурыент дзённай бюджэтнай формы

навучання скончыў сельскую ўстанову адукацыі. Сярод першакурснікаў стацыянара 440 мінчан і 1216 іншагародніх. Да ўсяго сказанага вышэй можна дадаць, што амаль чатыром тысячам маладых людзей пашчасціла сёлета стаць студэнтамі БДПУ. Плёну вам у дасягненні мэты! Не здраджвайце сваёй мары! С. ЯКАВЕНКА, адказны сакратар прыёмнай камісіі


Першы курс, матай на вус! Вось, нарэшце, адбылося! Паспяхова пераадолеўшы ўсе выпрабаванні, вы з палёгкай уздыхнулі і гэтак жа лёгка і радасна адчынілі дзверы сваёй новай alma mater. Вас чакае шмат новага і нязвыклага, так што спачатку няцяжка і разгубіцца. Мы вырашылі максімальна спрасціць адаптацыю нашых першакурснікаў і распавесці пра самыя важныя і цікавыя моманты студэнцкага жыцця. Спадзяёмся, наш “міні-агляд” будзе для вас карысным і дапаможа з першых дзён актыўна ўключыцца не толькі ў вучэбны працэс, але і ў грамадскае ды культурнае жыццё БДПУ.

Што вучоба нам рыхтуе? Навучальны працэс ва ўніверсітэце ўключае лекцыйныя, практычныя, семінарскія, лабараторныя заняткі, вучэбныя і вытворчыя практыкі, самастойную работу студэнта і г. д. З усімі гэтымі формамі вучэбнай работы вам раней ці пазней давядзецца сутыкнуцца, таму давайце разбірацца: што ёсць што. На лекцыях разглядаюцца асноўныя тэарэтычныя палажэнні вучэбнай дысцыпліны, раскрываюцца ідэі і логіка пабудовы курса, выхоўваецца ўменне мысліць і аналізаваць з’явы. Лекцыйныя заняткі прадугледжваюць і актыўную работу саміх студэнтаў. Запіс лекцыі патрабуе ад іх уменняў структурыраваць выкладаемы матэрыял, навыкаў коратка і паслядоўна фіксаваць яго асноўныя палажэнні. Семінарскія заняткі – гэта аўдыторная дыялогавая форма вучэбнай работы па адной з тэм курса. Семінар прадугледжвае актыўны ўдзел у ім студэнтаў, якія, як правіла, загадзя атрымоўваюць спецыяльныя заданні. Асноўным відам працы з’яўляецца сумесны аналіз прачытанага вучэбнага матэрыялу, што дазваляе сфарміраваць навыкі самастойнай інтэрпрэтацыі і ўменне аргументаваць свой пункт гледжання. Задачай практычных заняткаў з’яўляецца практычнае асэнсаванне асноўных тэарэтычных палажэнняў курса. Практычныя заняткі, як правіла, прадугледжваюць кароткае паўтарэнне тэорыі пытання, рашэнне выкладчыкам тыповай задачы па разглядаемай тэме з падрабязным аналізам усіх яе асаблівасцей і спецыфікі і, нарэшце, самастойнае рашэнне студэнтамі падобных задач і заданняў. Лабараторныя заняткі (лац. labor – работа, праца) служаць для адпрацоўкі практычных дзеянняў, фарміравання кан-

крэтных уменняў і навыкаў па дысцыпліне. Акрамя таго, яны даюць магчымасць набыцця студэнтамі навыкаў вядзення даследчай работы. На занятках мадэлююцца і абмяркоўваюцца практычныя сітуацыі, фрагменты будучай прафесійнай дзейнасці ў выглядзе вучэбных сітуацыйных задач, адпрацоўваюцца розныя дзеянні па прымяненні адпаведных ведаў. Лабараторныя заняткі праводзяцца як у лабараторыях універсітэта з выкарыстаннем адпаведнага абсталявання, так і на эксперыментальных базах факультэтаў, філіялах кафедраў. Вучэбныя і вытворчыя практыкі з’яўляюцца часткай адукацыйнага працэсу падрыхтоўкі спецыялістаў, працягам навучання ў палявых умовах, установах адукацыі і арганізацыях розных галін. Гэтая форма працы накіравана на замацаванне ведаў і ўменняў, атрыманых у працэсе тэарэтычнага навучання і самастойнай работы студэнтаў, набыццё навыкаў практычнай работы, рашэнне сацыяльна-прафесійных задач, авалоданне вытворчымі тэхналогіямі. Практыкі арганізуюцца з улікам будучай спецыяльнасці. Так, напрыклад, на факультэце фізічнага выхавання студэнты праходзяць практыку па маркетынгу турызму, на гістарычным факультэце – архіўна-музейную, на факультэце прыродазнаўства – экскурсійна-турыстычную і г. д.

У зоне доступу Сёння чалавеку складана ўявіць сабе нават адзін дзень без Інтэрнэту. А студэнту, які пастаянна мае патрэбу ў самай рознай інфармацыі, – тым больш. Таму БДПУ клапоціцца і пра гэты бок жыцця сваіх выхаванцаў. Бясплатна выйсці ў Інтэрнэт можна з любога камп’ютара ў памяшканні электроннай бібліятэкі. Яшчэ адна аўдыторыя адкрытага доступу знаходзіцца ў чытальнай зале вучэбнага корпуса № 3. Акрамя таго, унутраныя WEB-рэсурсы ўніверсітэта і абмен па электроннай пошце даступныя з любога камп’ютарнага класа, якіх у БДПУ дваццаць пяць. Гэта значыць, пазнаёміцца з навінамі сваёй alma mater на сайце bspu. unibel.by можна нават там, дзе ў дадзены момант адсутнічае інтэрнэт-доступ. Не застануцца без сувязі са знешнім светам студэнты і дома: у інтэрнаце № 8 працуюць два камп’ютарныя класы з бясплатным падключэннем да Інтэрнэту. А выхад на прастору сусветнага павуціння з уласнага камп’ютара ў інтэрнатах БДПУ магчымы пры набыцці адпаведнай карткі доступу.

2

Не падкажаце, як прайсці ў бібліятэку? Для таго каб стаць высакакласным спецыялістам, студэнту трэба не толькі мець добры канспект лекцый, але і знаходзіць час для самастойнай працы з кнігай. Бібліятэка – ваш галоўны інфармацыйны памочнік пры выкананні вучэбных заданняў, напісанні рэфератаў, курсавых і дыпломных работ і г. д. Для вас у БДПУ працуе 8 абанементаў, 10 чытальных залаў і 59 кафедральных бібліятэк, якія размешчаны ва ўсіх вучэбных карпусах універсітэта. У аддзелах вучэбнай (2-і корпус, 1-ы паверх), навуковай (3-і корпус, аўд. № 108) і мастацкай (1-ы корпус, аўд. № 112) літаратуры вы можаце ўзяць неабходныя кнігі дадому. Тое ж тычыцца і філіялаў бібліятэк, якія знаходзяцца ў карпусах № 4, 5, 7, 11 і інтэрнаце № 1. Калі ж папрацаваць з кнігай вы рашылі ва ўніверсітэце, варта завітаць у чытальную залу. Для навукова-даследчай дзейнасці бібліятэка прадастаўляе памяшканне на 20 месцаў у аддзеле рэдкай кнігі (блок Б, аўд. 372), для самастойнай працы студэнтаў прадугледжана аўд. 301 (блок Б). З дапамогай зручных каталогаў і картатэк (блок Б, аўд. 373) вы лёгка знойдзеце неабходную літаратуру па сваёй тэме. Спатрэбіліся энцыклапедыі, слоўнікі і іншая даведачная літаратура – смела ідзіце ў даведачна-бібліяграфічную службу, якая знаходзіцца ў аўд. 373 (блок Б). Акрамя прывычных папяровых кніг, у сваёй рабоце вы можаце карыстацца і здабыткамі электроннай бібліятэкі БДПУ (3-і корпус, аўд. 114). Яе фонд фарміруецца электроннымі вучэбнаметадычнымі выданнямі прафесарскавыкладчыцкага складу БДПУ (метадычныя дапаможнікі, метадычныя ўказанні, канспекты, лабараторныя работы і г. д.) і электроннымі рэсурсамі са знешніх

крыніц. Тут вы зможаце папрацаваць з электронным каталогам і базамі дадзеных, калекцыямі CD- і DVD-дыскаў. Да вашых паслуг – 18 зручных пасадачных месцаў, абсталяваных ПК з бясплатным выхадам у Інтэрнэт. Пры неабходнасці работнікі бібліятэкі навучаць вас знаходзіць інфармацыю, растлумачаць, як правільна запоўніць чытацкія запыты, і ўвогуле дапамогуць у карыстанні электроннымі выданнямі і бібліятэчнымі сістэмамі. Для студэнтаў БДПУ карыстанне асноўнымі паслугамі бібліятэкі (атрыманне кніг і іншых друкаваных выданняў, кансультаванне) бясплатнае. Акрамя таго, прадастаўляецца шэраг дадатковых платных паслуг: ксеракапіраванне, сканіраванне, раздрукоўка на прынтары, захаванне інфармацыі на электронных носьбітах, складанне бібліяграфічных спісаў і г. д. Поўны пералік платных паслуг і іх кошт размешчаны на сайце БДПУ. Там жа можна азнаёміцца з графікам работы структурных падраздзяленняў бібліятэкі, новымі паступленнямі, падпіскай на перыядычныя выданні і знайсці многа іншай цікавай і карыснай інфармацыі.

Справы жыллёвыя: правілы новыя Іншагароднім першакурснікам БДПУ, якія маюць патрэбу ў жыллі, сёлета выдзелены месцы ў інтэрнатах. Так што для многіх з вас як мінімум на найбліжэйшы навучальны год другім домам стане ўтульны пакойчык у адным з васьмі інтэрнатаў нашага ўніверсітэта. Новае месца жыхарства прадугледжвае і новыя правілы паводзін, якія вам трэба як мага хутчэй засвоіць. Перш за ўсё памятайце: строга забараняецца карыстацца электрапрыборамі (чайнікі, кіпяцільнікі, мікрахвалевыя печы і г. д.). А вось прывезці ў пакой ноўтбук, халадзільнік ці тэлевізар можна, толькі не старэйшыя за 10 гадоў, і плаціць давядзецца асобна

па тарыфах спажываемай электраэнергіі. Пачынаючы з дзесяці гадзін раніцы вы можаце прымаць у сябе гасцей, аднак да адзінаццаці вечара наведвальнікі павінны пакінуць інтэрнат. Пасля дванаццаці ночы дзверы інтэрната зачыняюцца да 6 гадзін раніцы, так што не спазняйцеся з прагулак! У вашым новым доме жыве вялікая і дружная студэнцкая сям’я, членамі якой вы хутка станеце. Таму трэба будзе трошкі папрацаваць на яе карысць: так, кожны пакой павінен прыкладна раз у месяц аддзяжурыць на агульнай кухні. Існуе яшчэ і дзяжурства на вахце, аднак хутчэй за ўсё яно выпадзе вам

не часцей чым раз на год. Памятайце пра тое, што курыць і ўжываць алкагольныя напоі ў інтэрнатах і на прылеглай тэрыторыі забараняецца! Калі ваш сусед па пакоі ўключыў музыку на ўсю гучнасць, а вам трэба падрыхтавацца да семінара – не бяда: у кожным інтэрнаце ёсць чытальная зала, дзе можна пазаймацца ў цішыні. Амаль ва ўсіх інтэрнатах праведзена сетка Інтэрнэт, так што выкарыстоўваць пры падрыхтоўцы да заняткаў інфармацыю з сусветнага павуціння можна не выходзячы з пакоя. Калі ў вас узнікнуць нейкія пытанні, смела звяртайцеся да выхавальніка ці да загадчыка інтэрната.

3 верасня 2012 г.


Душэўны падыход Студэнтам на працягу ўсяго перыяду навучання ў ВНУ неабходна вырашаць шэраг жыццёва важных задач, звязаных з атрыманнем адукацыі, прафесійным станаўленнем, наладжваннем міжасобасных зносін. Аднак часам здараецца так, што юнакі і дзяўчаты адчуваюць цяжкасці ў адаптацыі да новых умоў, у працэсе навучання і ўсталявання кантактаў з аднагрупнікамі. Магчыма, у такім становішчы апынецеся і вы, учарашнія школьнікі. Аднак не трэба палохацца. Калі вам здаецца, што вы заблыталіся, што не можаце знайсці выйсце са складанай сітуацыі ці проста маеце патрэбу ў спагадзе і падтрымцы – звяртайцеся па дапамогу да прафесіяналаў сацыяльна-псіхалагічнага цэнтра БДПУ. Тут вам дапамогуць – прафесійна, канфідэнцыяльна і бясплатна. У сацыяльна-псіхалагічным цэнтры працуюць дыпламаваныя спецыялісты, якія маюць вышэйшую псіхалагічную адукацыю і прайшлі дадатковую падрыхтоўку ў галіне практычнай псіхалогіі. Вопытныя педагогі-псіхолагі выслухаюць вас, навучаць лепш разумець свае пачуцці, думкі і жаданні, падтрымаюць у цяжкую хвіліну, дапамогуць вам справіцца з праблемамі. На працягу года вы зможаце наведваць заняткі па псіхалагічнай асвеце ў інтэрнатах студэнцкага гарадка і на факультэтах. На гэтых занятках педагогі-псіхолагі СПЦ падзеляцца з вамі карыснай псіхалагічнай інфармацыяй.

Калі вас цікавіць ваш унутраны свет і вы хочаце больш даведацца пра саміх сябе, мы прапануем вам удзел у псіхалагічным тэсціраванні. Педагогі-псіхолагі нашага цэнтра складуць для вас індывідуальную дыягнастычную праграму, падабраўшы псіхалагічныя тэсты і апытальнікі па наступных напрамках: асабістыя якасці, камунікатыўныя здольнасці, лідарскія якасці, эмацыйны стан, інтэлект і інш. Мы таксама запрашаем вас на псіхалагічныя трэнінгі, дзе вы зможаце ў бяспечнай атмасферы зазірнуць у глыбіні асабістага “Я”, авалодаць навыкамі разумення іншых людзей і вырашэння канфліктаў.

Што б ні адбывалася ў вашым жыцці, памятайце: выйсце ёсць з любой сітуацыі! Калі вам патрэбна псіхалагічная дапамога ці ў вас ёсць цікавасць да практычнай псіхалогіі – тэлефануйце на нумар 8-017273-24-58 ці звяртайцеся на адрас: вул. Чурлёніса, 3, інтэрнат № 8.

З клопатам пра здароўе Першыя дні ва ўніверсітэце напэўна запомняцца вам прыемнымі клопатамі, знаёмствамі з аднагрупнікамі і выкладчыкамі. Але і для хваляванняў, стрэсаў, нязвыклых пасля летняга адпачынку нагрузак таксама можа знайсціся месца. Пра тое, каб студэнты захавалі здароўе і працаздольнасць, старанна клапоціцца адміністрацыя БДПУ. Так, на першым паверсе вучэбнага корпуса № 3 знаходзіцца здраўпункт, які абслугоўвае студэнтаў універсітэта. Там спецыялісты вызначаць прычыны вашага кепскага самаадчування, акажуць першую медыцынскую дапамогу, памераюць ціск, тэмпературу, а пры неабходнасці дадуць даведку аб вызваленні ад заняткаў да трох дзён. Тыя ж магчымасці ёсць і ў студэнтаў, якія вучацца ў карпусах № 5 (вул. Магілёўская, 37), № 7 (вул. Ф. Скарыны, 13). Тут знаходзяцца яшчэ два пункты медыцынскага абслугоўвання. Магчыма, сёлета пад наглядам прафесійных медыцынскіх работнікаў апынуцца і жыхары інтэрната № 8 па вул. Чурлёніса, побач з якім плануецца адкрыць філіял 33-й студэнцкай паліклінікі. Калі ж першай медыцынскай дапамогі акажацца недастаткова, то ваша здароўе паправяць у самой 33-й студэнцкай паліклініцы, якая абслугоўвае ўсіх іншагародніх студэнтаў. Знаходзіцца яна па адрасе: вул. Сурганава, 45-4. Заказаць талон да ўрача можна па тэлефоне 8-017-237-30-35, а каб выклікаць спецыяліста дадому, набярыце нумар 8-017-331-20-46. Пры неабходнасці ў паліклініцы можна прайсці поўны медыцынскі агляд і атрымаць патрэбныя кансультацыі. Мінчанам жа не давядзецца мяняць свой медыцынскі маршрут – пытанні, звязаныя са здароўем,

3 верасня 2012 г.

яны вырашаць у паліклініцы па месцы жыхарства. Вопытны стаматолаг прымае пацыентаў у кабінеце, што знаходзіцца ў вучэбным корпусе № 3 побач са здраўпунктам. Тут таксама можна запісацца на прыём. Ну а калі востры зубны боль застаў вас нечакана, то не варта хвалявацца з-за адсутнасці талона – такога пацыента ўрач прыме па-за чаргой. Да пытанняў здароўя студэнтаў у нашым універсітэце ставяцца з асаблівай увагай. Так, у кожнага з вас ёсць магчымасць атрымаць пуцёўку ў санаторыйпрафілакторый БДПУ. Дзеля гэтага трэба прадаставіць у прафбюро свайго факультэта заяву і медыцынскую даведку ўстаноўленага ўзору. Пасля разгляду дакументаў адпаведнай камісіяй выдзяляецца пуцёўка. Яе можна атрымаць у кабінеце № 106 (вуч. корпус № 1), захапіўшы з сабой пашпарт і студэнцкі білет. Акрамя таго, калі вы з’яўляецеся членам галіновага прафсаюза, то пры набыцці пуцёўкі атрымаеце матэрыяльную дапамогу з мэтай частковай кампенсацыі яе кошту. Не сакрэт, што добрае здароўе ў многім залежыць ад правільнага харчавання. Пра тое, каб студэнты не засталіся галоднымі, клапоціцца гандлёвы комплекс БДПУ. Так, на вул. Савецкай, 18 працуюць адразу чатыры пункты харчавання: сталовая, буфет, кандытарскі ўчастак і арт-кафэ. Свае буфеты таксама маюць вучэбныя

Далучайся да нас! Вучоба ў ВНУ – гэта не толькі чарада лекцый і экзаменаў, а яшчэ і час цікавых зносін, пошуку і рэалізацыі сябе ў самых розных сферах дзейнасці. З карысцю правесці гады навучання і выбраць занятак па душы дапамогуць грамадскія арганізацыі нашага ўніверсітэта. Пярвічная арганізацыя “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” БДПУ – адзін з шанцаў хутка ўключыцца ў цікавае, разнастайнае студэнцкае жыццё. БРСМ дасць вам магчымасць удзельнічаць у творчых,навуковых, валанцёрскіх праектах, гарадскіх і рэспубліканскіх семінарах і канферэнцыях рознай тэматыкі, супрацоўнічаць са студэнтамі ВНУ Беларусі і іншых краін, вырашаць праблемы працоўнай занятасці на працягу навучальнага года і ў час летніх канікулаў. Яшчэ адзін ваш памочнік і дарадчык – гэта пярвічная прафсаюзная арганізацыя студэнтаў БДПУ. Членства ў ёй забяспечыць абарону вашых сацыяльна-эканамічных правоў, бясплатную кансультацыю па юрыдычных і сацыяльна-прававых пытаннях, арганізацыю вашага адпачынку і аздараўлення, аказанне матэрыяльнай дапамогі, удзел у вырашэнні жыллёвабытавых пытанняў і інш. Рады будзе прыняць у свае рады ініцыятыўных,

карпусы № 4, 5, 7, 11. Акрамя таго, падсілкавацца можна ў інтэрнаце № 8 і на тэрыторыі студэнцкага гарадка (сталовая на вул. Артылерыстаў паміж інтэрнатамі № 1 і 2). Яшчэ адзін складнік здаровага ладу жыцця – спорт. Трымаць сябе ў добрай фізічнай форме ў нашым універсітэце проста – было б жаданне! Да вашых паслуг – басейн (вуч. корпус № 3), тры спартыўныя залы (вуч. карпусы № 3, 5, 11) і яшчэ дзесяць памяшканняў, прыстасаваных для заняткаў фізічнай культурай. Пяць з іх знаходзяцца ў вучэбных карпусах, а пяць – у інтэрнатах БДПУ. Акрамя заняткаў у басейне і спартыўных залах, прадугледжаных вучэбным планам, вы можаце бясплатна запісацца ў адпаведную секцыю, выбраўшы на свой густ заняткі аэробікай, гімнастыкай, настольным тэнісам ці атлетычнай гімнастыкай. А для дадатковага аздараўленчага плавання ў пазавучэбны час у студэнтаў ёсць магчымасць наведваць басейн на ўмовах льготнай аплаты (50% ад кошту абанемента). Не ўпускайце магчымасцяў паклапаціцца не толькі пра добрыя адзнакі, але і пра добрае здароўе!

мэтанакіраваных, таленавітых, энергічных першакурснікаў і Студэнцкі савет самакіравання БДПУ. Ён займаецца прасоўваннем і адміністраваннем студэнцкіх праектаў, развіццём студэнцкай навукі, падтрымкай валанцёрскага руху, пашырэннем магчымасцей для творчай самарэалізацыі, раскрыццём лідарскага патэнцыялу і арганізацыяй карпаратыўнага навучання. Не сумнявайцеся: вашы здольнасці будуць заўважаны, старанні ацэнены, планы рэалізаваны. Выбірайце цікавае і насычанае жыццё разам з грамадскімі арганізацыямі БДПУ!

Мазаіка творчасці Студэнцкія гады даюць вам цудоўную магчымасць творчай самарэалізацыі. У нашым універсітэце ёсць усе ўмовы для раскрыцця і развіцця здольнасцей кожнага студэнта. Так, на кожным факультэце ствараюцца ўсё новыя творчыя калектывы сапраўды высокага мастацкага ўзроўню, а некаторыя з іх з часам вырастаюць да агульнаўніверсітэцкіх. Мастацкая дзейнасць у БДПУ прадстаўлена трыма асноўнымі “кітамі”: харэаграфія, вакал і тэатр. Аднак гэта не значыць, што аматару фота ці кавэзэшніку ў нас не будзе дзе развярнуцца. І ўвогуле: у БДПУ падтрымаюць і вашы ўласныя крэатыўныя ідэі і праекты, так што смела прапаноўвайце свой творчы прадукт! Калі ж вы жадаеце прадэманстраваць свае здольнасці і стаць удзельнікам аднаго з вядучых мастацкіх калектываў БДПУ – рыхтуйце выступленне і накіроўвайцеся на традыцыйны вераснёўскі “Кірмаш талентаў”. Магчыма, вам нават пашанцуе трапіць у склад славутых народных калектываў: ансамбля песні і танца “Рэй”, вакальна-харэаграфічнага ансамбля “Ярыца”, тэатраў “Жывое слова” і “Мы”, якія даўно сталі візітоўкай нашага ўніверсітэта. Канцэпцыя арганізацыі выхаваўчай работы, выпрацаваная ў БДПУ, дазваляе рэалізавацца самым смелым студэнцкім ініцыятывам. Шукайце, прыдумвайце, спрабуйце – і ў выніку абавязкова народзіцца нешта новае і арыгінальнае! 3


БДПУ – ПЕРШАКУРСНІК. БУДЗЕМ ЗНАЁМЫ! Першага верасня наша педагагічная сям’я папоўнілася новымі студэнтамі. На бліжэйшыя 4–5 гадоў універсітэт стане для іх другім домам. Каб расказаць навабранцам пра гісторыю і традыцыі БДПУ і больш даведацца пра іх саміх, для першакурснікаў запланаваны наступныя мерапрыемствы: 3 верасня – акцыя “Беларускі сувенір”. 12 верасня – пазнавальная гульня “Шляхам вагантаў”. 18–20 верасня – агляд творчасці першакурснікаў “Кірмаш талентаў”. Падарункам студэнтам да пачатку навучальнага года стане спектакль “Паўлінка”, які 13 верасня на сцэне актавай залы БДПУ пакажуць акцёры Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

• Да 100-годдзя Максіма Танка Святкаванне стагоддзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Максіма Танка, імя якога на працягу сямнаццаці гадоў з гонарам носіць наш універсітэт, працягваецца па ўсёй рэспубліцы. У многіх мерапрыемствах да юбілею класіка БДПУ прымае самы актыўны ўдзел. Так, 13–14 верасня факультэт беларускай і рускай філалогіі праводзіць традыцыйную міжнародную канферэнцыю “VIII Танкаўскія чытанні”. А 15-га галоўнай пляцоўкай урачыстасці стане г. Мядзел, дзе будзе пасаджана алея, адкрыты мемарыяльны знак, а таксама адбудзецца святочны канцэрт. Выдавецтва “Літаратура і мастацтва” таксама не засталося ў баку ад памятнай даты: нядаўна свет пабачыла кніга “Максім Танк. На камні, жалезе і золаце: успаміны, эсэ, прысвячэнні”. Гэты чарговы том з серыі “Жыццё зна камітых людзей Беларусі” змяшчае ўспаміны сучаснікаў, даследаванні навукоўцаў, асабістыя пісьмы і дакументы, фотаздымкі, а таксама мастацкія творы, прысвечаныя паэту. У кожнага з 27 аўтараў зборніка Максім Танк свой: то ён прынцыповы змагар, то наіўнаватанепрактычны чалавек; то ідзе супраць цячэння, то скараецца лёсу… Кніга атрымалася займальнай і інфармацыйнай, дзякуючы ёй студэнты могуць даведацца, што значыў Максім Танк у жыццях вядомых і шараговых людзей. Перад імі паўстане вобраз Мастака і Асобы ва ўсёй філасофскай велічы і прыгажосці. Абаяльны, добры чалавек, таленавіты творца, глыбокі філосаф, ён жыве ў сэрцах кожнага з нас, яго ўдзячных нашчадкаў. Установа адукацыі “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка” АБ’ЯЎЛЯЕ НАБОР У АСПІРАНТУРУ І ДАКТАРАНТУРУ на 2012/2013 навучальны год Прыём асоб для навучання ў аспірантуры і дактарантуры БДПУ за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту ажыццяўляецца на дагаворнай аснове для арганізацый, падначаленых Міністэрству адукацыі Рэспублікі Беларусь, і іншых арганізацый згодна з кантрольнымі лічбамі, якія зацверджаны загадам Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь ад 4 чэрвеня 2012 г. № 207. Прыём на ўмовах аплаты ажыццяўляецца па ўсіх спецыяльнасцях, па якіх вядзецца падрыхтоўка ў аспірантуры і дактарантуры БДПУ. Дакументы для паступлення прымаюцца з 1 жніўня па 30 верасня 2012 г. Інфармацыю па пытаннях паступлення ў аспірантуру і дактарантуру можна знайсці на сайце БДПУ www.bspu.unibel.by. Наш адрас: 220030, г. Мінск, вул. Савецкая, 18, аспірантура і дактарантура (каб. 97, 98). Тэлефоны для даведак: (8017) 226-46-64, (8017) 327-82-04.

• Аддзел кадраў

Установа адукацыі “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка” АБ’ЯЎЛЯЕ КОНКУРС на замяшчэнне пасад педагагічных работнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу з заключэннем кантракта на тэрмін, вызначаны Наймальнікам:

загадчыка кафедры лагапедыі (к.н., д.н., 23 разр. АТС); дацэнта кафедры фізічнай геаграфіі (к.н., 20 разр. АТС); старшага выкладчыка кафедры сацыяльнай псіхалогіі (19 разр. АТС); выкладчыка кафедры музычна-інструментальных дысцыплін (18 разр. АТС). Тэрмін падачы дакументаў – 1 месяц з дня апублікавання аб’явы. Дакументы прымаюцца ў аддзеле кадраў па адрасе: г. Мінск, вул. Савецкая, 18. Тэл. 226-46-59.

НОВЫЯ ІМЁНЫ ЗАЛАТОГА ФОНДУ БДПУ Штогод “Н” інфармуе чытачоў пра вынікі прыёмнай кампаніі і сёння з гонарам прадстаўляе першакурснікаў БДПУ, якія пры паступленні набралі самыя высокія балы. Ксенія Петухова, 348 балаў, спецыяльнасць “Лагапедыя. Спецыяльная псіхалогія” (выпускніца гімназіі № 1 г. Мінска); Яўгенія Голуб, 327 балаў, спецыяльнасць “Лагапедыя. Спецыяльная псіхалогія” (СШ № 1 г. Бабруйска); Юлія Кардаш, 324 балы, спецыяльнасць “Псіхалогія. Сацыяльная псіхалогія” (Наваельнянская СШ Дзятлаўскага раёна); Вікторыя Шапарава, 322 балы, спецыяльнасць “Біялогія. Хімія” (ліцэй № 2 г. Мінска); Кацярына Шасцітка, 322 балы, спецыяльнасць “Лагапедыя. Спецыяльная псіхалогія” (гімназія № 29 г. Мінска); Анастасія Пашкевіч, 318 балаў, спецыяльнасць “Лагапедыя. Спецыяльная псіхалогія” (Кашэвіцкая СШ Петрыкаўскага раёна); Юлія Тамашэвіч, 318 балаў, спецыяльнасць “Фізіка. Матэматыка” (СШ № 1 г. Давыд-Гарадка); Святлана Барысавец, 312 балаў, спецыяльнасць “Пачатковая адукацыя. Беларуская мова і літаратура” (Сімоніцкая СШ Лельчыцкага раёна); Марыя Быкоўская, 311 балаў, спецыяльнасць “Пачатковая адукацыя” (СШ № 35 г. Мінска); Ганна Козел, 311 балаў, спецыяльнасць “Пачатковая адукацыя. Беларуская мова

і літаратура” (СШ № 1 г. Камянца); Вікторыя Гулевіч, 309 балаў, спецыяльнасць “Лагапедыя” (ліцэй БДУ); Карына Сойка, 308 балаў, спецыяльнасць “Лагапедыя. Спецыяльная псіхалогія” (гімназія № 29 г. Мінска); Алеся Новік, 305 балаў, спецыяльнасць “Лагапедыя” (СШ № 2 г. Шчучына), Ганна Музычэнка, 303 балы, спецыяльнасць “Лагапедыя. Спецыяльная псіхалогія” (СШ № 33 г. Мінска); Арсеній Сідарэнка, 302 балы, спецыяльнасць “Біялогія. Хімія” (МДАБК); Паліна Чэнчык, 302 балы, спецыяльнасць “Лагапедыя” (МДАЛ); Марыя Акостка, 301 бал, спецыяльнасць “Пачатковая адукацыя. Беларуская мова і літаратура” (Сямігосцкая СШ Столінскага раёна); Таццяна Сяткоўская, 33,9 бала, спецыяльнасць “Выяўленчае мастацтва. Камп’ютарная графіка” (Ноўкінская СШ Віцебскага раёна); Вікторыя Баярчук, 32,9 бала, спецыяльнасць “Беларуская мова і літаратура” (СШ № 1 г. Любань); Таццяна Шуран, 31,8 бала, спецыяльнасць “Выяўленчае мастацтва. Камп’ютарная графіка” (СШ № 2 г. Глыбокае); Мікалай Федаровіч, 31,2 бала, спецыяльнасць “Выяўленчае мастацтва. Камп’ютарная графіка” (СШ № 17 г. Баранавічы).

У ДОБРЫ ШЛЯХ! Сёння для вас, паважаныя першакурснікі, сапраўды знакавы дзень: учарашнія школьнікі, вы пераступілі парог вядучай педагагічнай ВНУ нашай краіны ўжо ў якасці студэнтаў. Вам пакуль нязвыкла адносіць сябе да гэтай катэгорыі, тым больш што ўсе атрыбуты студэнцкага жыцця яшчэ наперадзе. Будзе першая ў вашым жыцці лекцыя, напачатку якой выкладчык абавязкова дасць некалькі мудрых парад, што запомняцца вам надоўга. Будзе першы адказ на семінары, першая адзнака ў залікоўцы, першае творчае выступленне… Мы ўпэўнены, што вам спадабаецца быць студэнтамі БДПУ! А каб гады навучання былі як мага больш цікавымі і карыснымі, прыслухайцеся да парад, якія спяшаюцца даць вашы старэйшыя сябры – выпускнікі нашага ўніверсітэта. Перш за ўсё хочацца павіншаваць нашу маладую змену з тым, што яна стала часткай вялікай студэнцкай супольнасці. Вы шмат працавалі для таго, каб апынуцца ў БДПУ. Вы зрабілі свой выбар. І будзьце ўпэўнены, што не памыліліся: наперадзе вас чакае дарога, поўная яркіх эмоцый і ўражанняў. Вучоба ва ўніверсітэце – гэта тая прыступка ў жыцці кожнага чалавека, калі надыходзіць час самастойна прымаць рашэнні, несці адказнасць за свае ўчынкі. Кожны сам выбірае, чаму ён хоча навучыцца і якія намаганні дзеля гэтага прыкласці. Складана даваць парады наконт таго, як скончыць універсітэт паспяхова. Складана не таму, што няма чаго сказаць, а таму, што ў кожнага свой шлях. Адно мы можам сказаць з упэўненасцю: будзьце актыўнымі, не марнуйце часу дарма. Цаніце кожны дзень свайго студэнцтва і бярыце ад яго ўсё, што толькі зможаце. Памятайце, што вучоба ва ўніверсітэце – гэта не толькі лекцыі і семінарскія заняткі, канспекты і кнігі.

Гэта час адкрыццяў і новых магчымасцяў, той час, калі мы маладыя, прыгожыя і прагнем жыцця. Таму ідзіце наперад, не спыняйцеся, не бойцеся спрабаваць нешта новае, шукайце адказы на свае пытанні… І яшчэ нам хацелася б пажадаць, каб ніколі ні пры якіх умовах і абставінах вы не гублялі веры ў свае сілы. Наадварот, пачынаючы кожную новую справу, пераконвайце сябе: “Я з гэтым спраўлюся. Я змагу гэта зрабіць”. Шаноўныя першакурснікі, мы жадаем вам поспехаў у вучобе і цікавага, актыўнага студэнцкага жыцця. Ганарыцеся тым, што вы – студэнты БДПУ. І галоўнае – заўсёды будзьце патрыётамі сваёй alma mater! Вольга МЕШЧАНЧУК, Наталля АБРАМОВІЧ, выпускніцы факультэта пачатковай адукацыі. Крысціна ТАРАНОВІЧ, выпускніца гістарычнага факультэта

Думка рэдакцыі можа не супадаць з пазіцыяй аўтараў артыкулаў.

Вул. Савецкая, 18, п. 127, 220030, Мінск.

Заснавальнік – Установа адукацыі “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка”. Пасв. аб рэгістр. № 557.

i

Выходзіць два разы ў месяц Газета надрукавана на беларускай мове. ў РУП “Выдавецкі цэнтр БДУ”. Рэдактар Аб’ём 4 паласы фармату А3. ЛП № 02330/0494178 ад 03.04.2009. Т. А. БАШМАКОВА 226-40-19 Распаўсюджваецца Вул. Чырвонаармейская, 6, 220030, Мінск. ў вучэбных карпусах Тыраж 400 экз. Заказ 641. e-mail: nastaunik@bspu.unibel.by і інтэрнатах БДПУ бясплатна. Падпісана ў друк 30.08.2012 г. у 9.00. www.bspu.unibel.by

nastaunik 10(1111)  
nastaunik 10(1111)  

news BSPU of name M Tank

Advertisement