Page 1

Выдаецца з кастрычніка 1972 г.

Установа адукацыі «Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка» АБ’ЯЎЛЯЕ ПРЫЁМ У МАГІСТРАТУРУ Набор ажыццяўляецца на вочную і завочную формы атрымання адукацыі. Выпускнікам магістратуры прысвойваецца акадэмічная ступень магістра. Дакументы прымаюцца з 27 чэрвеня па 5 ліпеня 2013 г. па адрасе: г. Мінск, вул. Савецкая, 18. Уступныя іспыты пройдуць з 6 ліпеня па 12 ліпеня 2013 г. Пералік спецыяльнасцей і неабходных дакументаў, патрабаванні да паступаючых, умовы допуску да ўступных экзаменаў і залічэння ў магістратуру можна знайсці на сайце БДПУ http: //bspu.unibel.by. Даведкі па тэлефонах 226-56-25, 327-82-04.

Харэвіча Людвіка Іосіфавіча Малевіч Ірыну Вячаславаўну Сакалова Віктара Аляксеевіча Мацуля Аляксандра Яўгенавіча

• Спартыўны навігатар

Ц

УДОЎНЫЯ навіны апошнімі майскімі днямі прыйшлі да нас з Сегеда (Венгрыя). На спаборніцтвах Кубку свету па кікбоксінгу (раздзел К-1) ажно тры студэнты БДПУ – Аганес Сафаран, Сяргей Башура (ФФВ) і Аляксандр Карпіцкі (гістфак) – занялі адпаведна 1-е, 2-е і 3-е месцы ў розных вагавых катэгорыях. Так трымаць, хлопцы!

Н

Е БЫЛО роўных жаночай зборнай нашай alma mater па дзюдо. «Золата» Рэспубліканскай універсіяды – такі ўклад прадстаўніцы ФФВ унеслі ў скарбонку спартыўнай славы БДПУ. Віншуем дзяўчат – Я. Зайцаву, М. Гер’ятовіч, Р. Шатраўскую, К. Казаной, Д. Казаной, К. Жукавец, А. Качан, Н. Мяцеліцу і іх трэнераў А. У. Катлоўскага і Ю. М. Павукова!

З

БОРНАЙ нашага ўніверсітэта па лёгкай атлетыцы (трэнер І. П. Лісіцын) у бескампраміснай барацьбе ўдалося заваяваць 3-е агульнакаманднае месца ў праграме Рэспубліканскай універсіяды (г. Брэст).

Чацвер, 30 мая 2013 года

№ 8 (1126 )

КАНФЕРЭНЦЗАЛА

ПРАФЕСІЯ «ДАБРАДЗЕЙ»

ФІНАЛ КВЗ БДПУ

Стар. 2

Стар. 4

Стар. 4

ДЭМАНСТРУЕМ НАПАКАЗ ВОПЫТ І ВЫСОКІ КЛАС З 16 па 18 мая БДПУ прымаў актыўны ўдзел у XV рэспубліканскай выстаўцы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі «Я – грамадзянін Беларусі», якая прайшла на базе Нацыянальнага выставачнага цэнтра «БелЭкспа». У першы дзень работы выстаўкі стэнды ўдзельнікаў наведаў Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь С. А. Маскевіч. Сяргей Аляксандравіч зацікавіўся багатай і разнапланавай экспазіцыяй нашай alma mater, пазнаёміўся з інавацыйным вопытам, назапашаным педагагічнымі работнікамі ўніверсітэта, а таксама з лепшымі дыпломнымі праектамі студэнтаў. У павільёне БДПУ дэманстраваліся манаграфіі, вучэбна-метадычныя дапаможнікі, матэрыялы канферэнцый і іншыя друкаваныя выданні. Увагу прысутных прыцягвалі студэнцкія дыпломныя працы па ткацтве, роспісе, саломапляценні, вышыўцы. Факультэт эстэтычнай адукацыі арганізаваў прэзентацыю народных мастацкіх промыслаў Беларусі і суседніх краін, а таксама віртуальную экскурсію па гістарычных мясцінах і архітэктурных помніках нашай Радзімы з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій. Увогуле трэба адзначыць, што да сёлетняй выстаўкі БДПУ падрыхтаваў вельмі насычаную праграму. Падчас майстар-класаў па роспісе, вырабе гліняных цацак і саломапляценні ад ФЭА

наведвальнікі маглі не толькі далучыцца да вытокаў рамёстваў беларусаў, але і ўласнымі рукамі стварыць прыгожыя вырабы. Эстафету падхапіў ФСПТ, які прэзентаваў праект «Горад майстроў» у рамках «Школы важацкага майстэрства». Факультэт дашкольнай адукацыі арганізаваў тэат ралізаваную інсталяцыю «Адраджэнне традыцый батлейкі ў сучасным адукацыйным працэсе». У ходзе прэзентацыі гледачам прапанавалі паўдзельнічаць у стварэнні батлеечных лялек, а таксама паказалі інсцэніроўку. Другі дзень работы экспазіцыі БДПУ пачаўся з прэзентацыі праекта ФФВ «Беларусіяда», падчас якой наведвальнікі маглі прыняць удзел у беларускіх народных гульнях. Матэматычны факультэт правёў майстар-клас па афармленні старонкі сайта, якая адлюстроўвае інфармацыю пра мерапрыемствы грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці. ФСА прапанаваў цыкл майстар-класаў «Беларусь: для нас кожны важны!» па арганізацыі

адукацыйнага працэсу дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Студэнты гістфака прэзентавалі праект «Школа маладога экскурсавода» ў рамках дзейнасці гісторыка-краязнаўчага клуба «Дыярыуш». У рамках выстаўкі была наладжана работа па абмене навуковым і педагагічным вопытам. Так, выкладчыкі БДПУ прадаставілі свае распрацоўкі на завочную навукова-метадычную канферэнцыю «Ідэалагічная і выхаваўчая работа ва ўстановах вышэйшай адукацыі: традыцыі і інавацыі». А старшы выкладчык кафедры тэорыі і методыкі фізічнай культуры А. В. Дрыгін нават атрымаў Дыплом I ступені за актыўны ўдзел у панараме педагагічнага вопыту «Інавацыйныя формы грамадзянска-патрыятычнага выхавання студэнцкай моладзі». Арганізатары адзначылі плённую, зладжаную працу каманды БДПУ і ўзнагародзілі наш універсітэт за ўдзел у выстаўцы Дыпломам І ступені.


• Канферэнц-зала АБ’ЕКТ ДАСЛЕДАВАННЯ – МОВА З 15 па 18 мая на базе Літоўскага эду калагічнага ўніверсітэта (Вільнюс) і нашай alma mater праходзіла ІV міжнародная навуковая канферэнцыя «Мова і міжкультурныя камунікацыі». Сёлета яе ўдзельнікамі сталі больш за 100 вучоных з Беларусі, Літвы, Расіі, Латвіі, Польшчы, Германіі, Украіны, Грузіі, Азербайджана, Ірана і Чэхіі. У цэлым навуку пачатку ХХІ ст. характарызуе імкненне спазнаць сутнасць працэсаў выкарыстання мовы (кагнітыўна-маўленчых, камунікатыўна-функцыянальных), пры якіх непазбежна ўзаемадзеянне навуковых напрамкаў і дысцыплін. Удзельнікі міжнароднага форуму прадэманстравалі сінтэз навуковых тэорый, аб’ектам аналізу якіх з’яўляецца маўленчая камунікацыя ў розных сферах дзейнасці чалавека. Актуальнасць праблем, якія разглядаліся на канферэнцыі (напрыклад, рэгіянальныя асаблівасці рускай мовы ў люстэрку рэкламных аб’яў, катэгорыя зваротнасці як адлюстраванне гендарнага коду, культурны дыскурс як прадмет параўнальнага даследавання літаратур, эмпірычнае вывучэнне спецыфікі перцэптыўных па водзінаў прадстаўнікоў розных моўных культур), вызначаецца тым, што на мяжы стагоддзяў паглыбляюцца міждысцыплінарныя сувязі, з’яўляюцца новыя прыёмы і методыкі аналізу як моўных, так

і стылёва-маўленчых з’яў. Менавіта такое, двухаспектнае вывучэнне – не толькі сістэмы, але і яе функцыянавання ў маўленчай дзейнасці, у маўленчай камунікацыі – і здольнае даць поўнае ўяўленне пра мову ў шырокім сэнсе слова. Чацвёртая Міжнародная навуковая канферэнцыя прадэманстравала, што ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі гуманітарныя навукі не застануцца ранейшымі, і для іх асэнсавання сёння патрэбны перспектыўны погляд. У якім напрамку яны рухаюцца? Якія праблемы ім належыць вырашыць? Адказы на гэтыя пытанні і даюць матэрыялы канферэнцыі, у якіх ацэньваюцца перспектывы сучаснай навукі не толькі на бліжэйшы час, але і на больш працяглыя тэрміны. Ірына КУДРАВАТЫХ, загадчык кафедры культуры маўлення і міжкультурных камунікацый

Мне пашанцавала прадстаўляць наш універсітэт на XVI Міжнароднай студэнцкай канферэнцыі «Псіхалогія XXI стагоддзя: праблемы і перспектывы псіхалагічнай адукацыі», што адбылася напрыканцы красавіка ў Санкт-Пецярбурзе.

Міжнародны форум у горадзе над Нявой

Маё выступленне прагучала на секцыі сацыяльнай і палітычнай псіхалогіі і было прысвечана негатыўным стэрэатыпам і забабонам ва ўспрыняцці беларускімі студэнтамі імігрантаў. Тэма даклада абрана не выпадкова: у рамках работы студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі «Актуальныя праблемы сацыяльнай псіхалогіі» (кіраўнік Г. В. Гатальская) я ўдзельнічала ў правядзенні пілатажнага даследавання па гэтай праблеме. Яго вынікі былі аформлены і прадстаўлены на канферэнцыі. Асаблівую цікавасць у мяне выклікалі даклады, якія прагучалі на секцыях сацыяльнай, палітычнай і клінічнай псіхалогіі. Студэнты-ўдзельнікі атры-

малі магчымасць пазнаёміцца з актуальнымі напрамкамі сучасных даследаванняў як расійскіх, так і заходнееўрапейскіх псіхолагаў. Увогуле ж за гэтыя дні мы даведаліся шмат новага і цікавага, атрымалі бясцэнны вопыт зносін са спецыялістамі высокага класа. Было вельмі карысна паслухаць лекцыю прафесара В. М. Алахвердава «Адукацыя – не штампоўка цаглін, а агранка алмазаў», а таксама прыняць удзел у актыўным абмеркаванні праблемы якасці сучаснай псіхалагічнай адукацыі. Запомнілася дзелавая гульня «Свет, ВНУ, мы: што такое «ўніверсітэт сусветнага ўзроўню» і як нам, нікуды не едучы, стаць трохі бліжэй да Гарварда». На майстар-класе «Практычная псіхалогія: метады коўчынгу» мы пазнаёміліся з базавымі метадамі коўчынгу і іх практычным прымяненнем. Удзел у канферэнцыі такога ўзроўню пашырае прафесійныя гарызонты, стымулюе матывацыю і цікаўнасць да навукі, садзейнічае асобаснаму росту. Святлана ПРЭСНЯКОВА, студэнтка 3-га курса ФП

Будучыня навукі – за маладымі Сёлета ўжо ў шосты раз расчыніла свае дзверы навукова-практычная канферэнцыя «Адукацыя і навука ў Беларусі: актуальныя праблемы і перспектывы развіцця ў ХХІ ст.», якая штогод ладзіцца Саветам маладых вучоных БДПУ. Ініцыятыва яе правядзення ўзнікла яшчэ ў 2008 г. і адразу знайшла дзейсную падтрымку ў кіраўніцтва нашай alma mater. Навуковы форум сабраў больш за 90 удзельнікаў – аспірантаў і маладых выкладчыкаў. Цікавы факт: штогод ахвотнікаў выступіць у рамках канферэнцыі ўсё больш і больш. На думку арганізаратаў мерапрыемства, гэта тлумачыцца тым, што маладыя навукоўцы жадаюць праявіць сябе, цікавяцца актуальнымі пытаннямі развіцця айчыннай адукацыі і навукі, імкнуцца прадставіць на абмеркаванне вынікі сваіх даследаванняў. Акрамя таго, канферэнцыя прадастаўляе выдатныя магчымасці для фарміравання навыкаў вядзення навуковай дыскусіі, без якіх цяжка ўявіць навукова-педагагічную дзейнасць у сучаснай ВНУ. Пленарнае пасяджэнне адкрыў прарэктар па навуковай рабоце БДПУ доктар палітычных навук В. В. Бушчык. Ён выказаў спадзяванне, што для многіх выступоўцаў удзел у такім мерапрыемстве стане стымулам да далейшай даследчай працы. Сёлетняя канферэнцыя адметная яшчэ і тым, што ў ёй актыўны ўдзел прымалі аўтарытэтныя вучоныя не толькі з БДПУ, але і з іншых навуковых устаноў. Так, пленарнае пасяджэнне працягвалася выступленнем доктара філасофскіх навук, прафесара, галоўнага навуковага супрацоўніка ДНУ «Інстытут філасофіі НАН Беларусі» І. Я. Левяша. Ён прачытаў даклад «Ад патрыярхату – праз фемінізм – да гендару», змест якога зацікавіў многіх прысутных. У выніку яго выступленне нават перарасло ў невялікую дыскусію. Далей маладыя вучоныя даведаліся пра асаблівасці арганізацыі навукова-даследчай работы студэнтаў у педагагічным універсітэце. Пра гэта слухачам распавяла кандыдат біялагічных навук, дацэнт ка-

2

федры батанікі і асноў сельскай гаспадаркі БДПУ Ж. Э. Мазец. Вельмі прыемна, што да ўдзелу ў пленарным пасяджэнні запрасілі і маладых навукоўцаў В. А. Сяргушкіну і У. У. Усціна. Дзякуючы іх выступленням было раскрыта пытанне ролі замежных моў як фактара сацыяльнай мабільнасці, паказана праблема рацыянальнага выкарыстання турысцка-рэкрэацыйнага патэнцыялу заказніка «Прыбужскае Палессе». Старшыня Савета маладых вучоных, загадчык кафедры дапаможных гістарычных дысцыплін і методыкі выкладання гісторыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт А. А. Корзюк падвёў вынікі пасяджэння і прадставіў удзельнікам канферэнцыі аналітычныя звесткі пра колькасны і якасны склад маладых вучоных БДПУ па дадзеных на май 2013 г. Далейшая работа канферэнцыі была арганізавана ў шасці секцыях, якія праводзіліся ў фармаце «круглых сталоў». Па словах выступоўцаў, гэта дазволіла стварыць атмасферу ўзаемнай зацікаўленасці і даверу, а таксама спрыяла адкрытаму абмеркаванню ўзнятых навуковых праблем. У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў секцыі педагогікі і сучасных выхаваўчых тэхналогій былі праблемы інавацыйнай падрыхтоўкі будучых педагогаў, пытанні кампетэнтнаснага падыходу ў навучанні і выкарыстанні сучасных адукацыйных тэхналогій. У дыскусіі, якая адбылася паміж удзельнікамі секцыі гуманітарных і сацыяльных навук, абмяркоўваліся праблемы асобы ў сучасным грамадстве, праблемы самавызначэння чалавека і пошуку духоўных каштоўнасцей. Цікавыя выступленні прагучалі ў секцыі сусветнай і айчыннай гісторыі. Падчас іх абмеркавання адбыўся абмен думкамі па найбольш актуальных праблемах

сучаснай гістарычнай навукі. Секцыя філалогіі і міжкультурных камунікацый разгледзела шэраг змястоўных паведамленняў, якія дазволілі атрымаць цэласнае ўяўленне пра стан навуковых даследаванняў у галіне лінгвістыкі і літаратуразнаўства. Былі закрануты такія сур’ёзныя тэмы, як беларуская аўтарская фразеаграфія, асноўныя напрамкі ў лінгвістычным вывучэнні катэгорыі квантытатыўнасці і інш. Пазнавальная дыскусія адбылася ў ходзе «круглага стала» секцыі псіхалогіі, сацыяльнай работы і пытанняў спецыяльнай адукацыі. Па словах яго мадэратара, выкладчыка кафедры ўзроставай і педагагічнай псіхалогіі Ю. В. Строгай, падчас дыскусіі былі ўзня-ты такія пытанні, як пасляінтэрнатнае суправаджэнне дзяцей-сірот, праблемы ўзроставых крызісаў у псіхалогіі, фарміраванне каштоўнаснага стаўлення да шлюбу і сям’і. Актуальныя аспекты прыродазнаўчых і фізіка-матэматычных навук былі разгледжаны падчас работы адпаведнай секцыі. Неабходна адзначыць дастаткова высокую ступень практычнай скіраванасці даследчыцкіх прац, што і было прадэманстравана. Такім чынам, можна з упэўненасцю сцвярджаць, што канферэнцыя маладых вучоных стала адным з яскравых традыцыйных мерапрыемстваў БДПУ. Спадзяёмся, што колькасць і, самае галоўнае, навуковы ўзровень даследаванняў маладых вучоных будуць пастаянна павышацца і працаваць на якасць адукацыйнага працэсу ў нашым універсітэце. Дзмітрый КАЧАРГО, выкладчык кафедры замежных моў № 2, член Савета маладых вучоных БДПУ

30 мая 2013 г.


КАГНІТЫЎНЫЯ ШТУДЫІ, або Псіхалогія, якая нас аб’ядноўвае

Для любога педагога і вучонага найвышэйшай мэтай і сэнсам дзейнасці з’яўляецца выхаванне паслядоўнікаў – тых, хто будзе развіваць і ўдасканальваць яго ідэі, плённа працаваць у абранай галіне, працягваць справу, распачатую настаўнікам. Заслужаны дзеяч фізічнай культуры, заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь, доктар педагагічных навук, прафесар кафедры спартыўна-педагагічных дысцыплін БДПУ Віктар Аляксеевіч САКАЛОЎ можа смела ганарыцца сваімі выхаванцамі, сярод якіх – і алімпійскія чэмпіёны, і вядомыя вучоныя. Днямі знакаміты педагог адзначыў чарговую юбілейную дату – 75-годдзе, а гэта добрая нагода яшчэ раз успомніць самыя важныя моманты жыцця, ацаніць прафесійныя набыткі, паразважаць пра тое, што радуе і хвалюе…

Аповед пра сапраўднага чалавека

Ва ўяўленні студэнтаў і абывацеляў сучасная псіхалогія часта паўстае ў вобразе разарванага на асобныя атамы сюррэалістычнага каня, які лунае ў пастаянна зменлівым калейдаскопе прастора-часавага кантынуума і адлюстроўваецца ў змрочных промнях суб’ектыўных перажыванняў. Грымучая сумесь магіі, містыкі і сноў. Лёгкая чароўнасць дзіцячай наіўнасці ды нічым не абмежаванай фантазіі. Такім «псіхолагам» яшчэ давядзецца засвоіць мудрасць амярындаў (карэнных жыхароў Амерыкі): часам трэба развучыцца дзеля таго, каб вучыцца зноў на іншых асновах. Псіхалогія сёння – гэта навука пра ментальнасць у яе сімвалічным быцці. Яна вывучае чалавечы мозг і працэсы пазнання, даследуе заканамернасці ўспрымання і выкарыстання ведаў. Кагнітыўная псіхалогія і кагнітыўная навука з’яўляюцца састаўной часткай узаемаабумоўленага кластара трансдысцыплінарнай інтэграцыі ведаў і тэхналогій – тэорыі NBIC-канвергенцыі (нана-, бія-, інфатэхналогій і кагнітыўнай навукі). На факультэце псіхалогіі нашага ўніверсітэта пад эгідай Беларускага таварыства псіхолагаў прайшоў 4-ы міждысцыплінарны семінар па кагнітыўнай навуцы. Навуковы форум аб’яднаў псіхолагаў і лінгвістаў, спецыялістаў па штучным інтэлекце, медыкаў і філосафаў, тэарэтыкаў і практыкаарыентаваных спецыялістаў. Прадметам іх даследаванняў з’яўляюцца пазнанне і яго эвалюцыя, інтэлект, мысленне, успрыняцце, свядомасць, прадстаўленне і набыццё ведаў, мова як сродак пазнання і камунікацыі, мазгавыя механізмы пазнання і складаных форм паводзін і інш. Упершыню былі прадстаўлены вынікі даследаванняў кагнітывістаў Масквы і Cанкт-Пецярбурга. На пленарным пасяджэнні і секцыях былі агучаны 13 дакладаў з 8 ВНУ Рэспублікі Беларусь (БДПУ, БДУ, БНТУ, АІПІ, а таксама брэсцкага, віцебскага, гомельскага і полацкага ўніверсітэтаў) і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Мы слухалі і разумелі адзін аднаго, канструктыўная крытыка ўзнікала побач з рэкамендацыямі і прапановамі, якія былі накіраваны на паглыбленне і ўкараненне вынікаў даследаванняў. Удзельнікі навуковай сустрэчы прынялі рашэнне пра штогадовае правядзенне семінара. Навуковыя даклады выступоўцаў будуць апублікаваны ў часопісах «Весці БДПУ» і «Дыялог». Можна сцвярджаць, што, не адмаўляючыся ад мінулага, праз абмежаванасць сучаснага кагнітыўная навука ўпэўнена пракладвае шлях у будучыню. Р. ЛОСІК, прафесар кафедры метадалогіі і метадаў псіхалагічных даследаванняў ФП; А. ЛАБАНАЎ, дацэнт кафедры ўзроставай і педагагічнай псіхалогіі ФСПТ; Н. РАДЧЫКАВА, дацэнт кафедры метадалогіі і метадаў псіхалагічных даследаванняў ФП 30 мая 2013 г.

Ажыццявіць сваю мару – стаць студэнтам інстытута фізічнай культуры – Віктару Аляксеевічу ўдалося толькі з трэцяй спробы. Ды гэта і не дзіўна: у той час для паступлення неабходна было мець як мінімум другі разрад. «Я кідаў дыск на 34 метры, што адпавядала трэцяму, – успамінае юбіляр. – Падчас службы ў арміі інтэнсіўна трэніраваўся і нарэшце выканаў першы разрад. Пазней заняў трэцяе месца на першынстве СССР па кіданні кап’я. У 1960 г. усё ж паступіў і трапіў у групу да вядомага настаўніка М. П. Крываносава, сярэбранага медаліста мельбурнскай Алімпіяды. На парткоме мяне, як былога пагранічніка, назначылі сакратаром камітэта камсамолу, хоць Міхаіл Пятровіч быў катэгарычна супраць, гаварыў: «Я губляю патэнцыяльнага чэмпіёна свету!»Аднак вопыт грамадскай дзейнасці быў для мяне таксама вельмі карысным, асабліва калі я займаў пасады загадчыка кафедры ў Беларускім дзяржаўным інстытуце народнай гаспадаркі (сёння БДЭУ) і рэктара Інстытута фізічнай культуры (сёння БДУФК). У прыватнасці, мы значную ўвагу ўдзялялі ваенна-патрыятычнаму выхаванню моладзі, праводзілі знакамітыя зорныя паходы, падчас якіх студэнты і выкладчыкі вандравалі па ўсёй Беларусі і займаліся пошукавай і культурна-асветніцкай працай. Сёння гэты праект стаў візітнай карткай БДПУ, і гэта вельмі ўхвальна. Мне прыемна, што я маю самае непасрэднае дачыненне да яго развіцця: у свой час не прапускаў ніводнага паходу, выходзіў на сцэну, вёў канцэрты, сам спяваў… Дарэчы, ва ўсіх маіх братоў і сясцёр ёсць музычныя здольнасці. Вось і я быў салістам ансамбля «Чырвоны гваздзік». У аспірантуру тады яшчэ МДПІ імя А. М. Горкага Віктар Аляксеевіч прыйшоў у 1966 г. і пачаў займацца навуковай дзейнасцю пад кіраўніцтвам прафесара кафедры педагогікі К. А. Кулінковіча. Юбіляр удзячны яму не толькі як таленавітаму і мудраму педагогу, але і як выдатнаму

арганізатару. Менавіта Канстанцін Антонавіч узначальваў Інстытут фізічнай культуры на працягу многіх гадоў і перадаў свайму наступніку вопыт кіравання ўстановай. А вось самому Віктару Аляксеевічу, безумоўна, удзячны сотні беларускіх вучоных у галіне фізічнай культуры і спорту, якія абаранілі свае дысертацыі ў Мінску. Справа ў тым, што адкрыццё спецыялізаванага Савета па абароне ў нашай рэспубліцы – заслуга В. А. Сакалова. Да 1986 г. работы прадстаўляліся ў Маскву ці Кіеў. Віктар Аляксеевіч Сакалоў падрыхтаваў цэлую плеяду вучоных, якія і сёння працуюць у сферы педагогікі, спорту і фізічнай культуры. Гэта дактары навук А. Фурманаў, Т. Палякова, Я. Маслоўскі і інш. Сярод яго выхаванцаў – алімпійская чэмпіёнка па мастацкай гімнастыцы Марына Лобач, шасціразовы алімпійскі чэмпіён, гімнаст Віталій Шчэрба. Кожнаму з іх мой суразмоўца аддаў свае веды, вопыт, неаднаразова прыходзіў на дапамогу, спрыяў як у прафесіі, так і ў жыцці. Гэтымі ж прынцыпамі Віктар Аляксеевіч кіруецца і зараз, працуючы са студэнтамі і аспірантамі нашага ўніверсітэта. Грамадзянін Лівіі Эльбшэні Фатхі, напрыклад, даследуе праблему рэабілітацыі спартсменаў пасля аперацый на суставах. У сябе на радзіме ён працаваў у бальніцы і нават займаўся выкладчыцкай дзейнасцю, да нас жа прыехаў павышаць свой навуковы ўзровень. «Віктар Аляксеевіч – цудоўны педагог, надзвычай кампетэнтны і вопытны спецыяліст. Ён заўжды гатовы дапамагчы, падказаць, параіць… Нават знаходзячыся ў бальніцы, вычытваў маю працу. Мне пашанцавала, што менавіта ён кіруе маёй работай». Дарэчы, Фатхі расказаў свайму сябру і земляку пра наш універсітэт, пра навучанне ў ім, пасля чаго той вырашыў паступаць у магістратуру і выконваць даследаванне менавіта пад кіраўніцтвам В. А. Сакалова. Калі я папрасіла Віктара Аляксеевіча расказаць пра свае захапленні, то ў адказ

пачула: «Я вельмі люблю більярд, з’яўляюся шматразовым чэмпіёнам універсітэта. Захапіўся ім гадоў дванаццаць назад, устанавіў ва ўніверсітэце свой уласны більярдны стол. Паступова прыцягнуў студэнтаў, падрыхтаваў майстроў спорту. Адзін з іх, аспірант Аляксандр Цісецкі, нават піша дысертацыю па гэтай тэме. У мяне займаліся і займаюцца многія выкладчыкі нашага ўніверсітэта». Адным словам, мой суразмоўца з тых людзей, якія нават хобі здольны ператварыць у прафесію, каб праца была яшчэ больш плённай і цікавай як для яго самога, так і для вучняў. Наша няспешная размова працягвалася, Віктар Аляксеевіч паказваў мне фотаздымкі і каменціраваў: вось ён адкрывае чарговы зорны паход, вось побач з алімпійскімі чэмпіёнамі А. Бяловай і А. Мядзведзем падчас аднаго з сімпозіумаў, а вось у Грэцыі на стагоддзі Алімпійскіх гульняў... Цікавае, насычанае, напоўненае дасягненнямі і падзеямі жыццё. Сёння юбіляр – вядомы на ўсю рэспубліку навуковец і педагог, якога паважаюць і любяць калегі і студэнты як за высокі прафесіяналізм, так і за лепшыя чалавечыя якасці. Што застаецца пажадаць? Яшчэ многіх удзячных вучняў, новых навуковых і спартыўных здзяйсненняў, моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця! Вераніка МАНДЗІК 3


● 2013 – Год беражлівасці Надышло лета. Сонечныя прамяні прынеслі нам не толькі доўгачаканае цяпло, але і святло. І для таго, каб яно было максімальна выкарыстана, неабходна ў першую чаргу вымыць вокны. Спадзяёмся, гэта і было зроблена падчас суботніка на працоўным месцы і генеральнай уборкі дома. Нехта можа запытацца: «Як звязана чысціня шкла з якасцю асвятлення памяшкання?» На самай справе мыць вокны, выціраць пыл з асвятляльных прыбораў неабходна не толькі для прыгажосці або ў адпаведнасці з санітарнагігіенічнымі нормамі. Вучоныя-эксперты падлічылі, што бруднае шкло прапускае сонечнае святло толькі на 70 %. Пры вымытых вокнах – на 85 %, што дазваляе больш рацыянальна выкарыстоўваць асвятляльнае абсталяванне. Важна таксама ўлічваць наяўнасць на вокнах жалюзі, фіранак і г. д. Таму днём (у выпадку, калі сонечнае святло вам не перашкаджае) імі лепш не карыстацца. У пахмурнае надвор’е або ўвечары па магчымасці запальвайце мясцовае асвятленне – настольныя лямпы, бра, таршэры. У цёплую пару года людзі, як і прырода, імкнуцца да абнаўлення. Гэтаксама і некаторыя з чытачоў «Н» плануюць зрабіць у сваёй кватэры або ў інтэрнацкім пакоі касметычны рамонт: пафарбаваць сцены або замяніць шпалеры. Невялікая парада: выбірайце светлую гаму. Чаму? Справа ў тым, што ў белага колеру і яго адценняў самы вялікі каэфіцыент адлюстравання – ад 65 % да 80 %. Самы нізкі – у чорнага: толькі 3–10 %. Эфект відавочны. У сувязі з павелічэннем даўжыні светлавога дня запальвайце святло ў месцах агульнага карыстання толькі па меры неабходнасці! І, пажадана, не толькі на працягу Года беражлівасці! Наталля БРАВАРСКАЯ, інжынер-энергетык

ПРАФЕСІЯ «ДАБРАДЗЕЙ» Да паступлення ў БДПУ ніколі не думала, што звяжу сваё жыццё са сферай сацыяльнай работы. Па першай адукацыі я ўвогуле ветэрынар… Шчыра кажучы, перад першай азнаямляльнай практыкай у Рэспубліканскім рэабілітацыйным цэнтры для дзяцей-інвалідаў вельмі хвалявалася: мне здавалася, што я маральна не падрыхтавана да працы, што не атрымаецца наладзіць кантакт з будучымі выхаванцамі. Аднак хутка мае страхі зніклі, а сумненні развеяліся.

Па сваёй прыродзе я чалавек з празмерна развітым пачуццём эмпатыі, менавіта гэта і перашкаджала мне працаваць па спецыяльнасці. Моцна перажываючы чужое гора, не заўжды магу справіцца са сваімі эмоцыямі. Калі ж я ўпершыню прыйшла ў цэнтр, то зразумела: тут няма месца жалю, слязам і адчаю. Дзеці адразу далі зразумець, што іх не трэба шкадаваць і «зацыклівацца» на хваробах. Як аказалася, усе нашы выхаванцы надзвычай таленавітыя і жыццярадасныя, яны ахвотна дзеляцца пазітыўнай энергетыкай з тымі, хто знаходзіцца побач. Мяне, напрыклад, яны навучылі не перажываць з-за дробных праблем, а шанаваць жыццё і быць удзячнай за кожнае падараванае імгненне шчасця. Я ніколі яшчэ не бачыла такіх усмешлівых і адкрытых хлопчыкаў і дзяўчынак. Яны шчыра жадалі стаць для нас сябрамі, з энтузіязмам і стараннем адгукаліся на ўсе нашы прапановы па сумеснай творчай дзейнасці, з дзіцячай непасрэднасцю радаваліся дасягнутаму поспеху. Гэта вельмі цешыла і натхняла, падагравала жаданне працаваць актыўна і з задавальненнем. Натхнёная іх ініцыятыўнасцю і пазітывам, я імкнулася выкарыстаць як мага больш цікавых напрацовак са сваёй метадычнай скарбонкі: сацыяльна-псіхалагічныя трэнінгі, развіваючыя гульні, творчыя заданні і г. д. На працягу ўсёй практыкі я знаходзілася ў няспынным пошуку чагосьці лепшага, яшчэ больш карыснага і займальнага. І, вядо-

ма, была вельмі рада, калі гэта падабалася дзецям. Дагэтуль я ніколі не сутыкалася з падобнымі педагагічнымі задачамі, нават не ўяўляла, як арганізаваць творчую працу на карысць кожнаму. Аднак у такім дружным дзіцячым калектыве можна адкрыць у сабе новыя здольнасці і таленты. Так, я для сябе адзначыла, што магу пісаць вельмі някепскія сцэнарыі мерапрыемстваў, праводзіць псіхалагічныя трэнінгі, развіваючыя гульні, арганізоўваць дзяцей розных узростаў для сумеснай дзейнасці і знаходзіць з імі кантакт. Увогуле ж практыка навучыла мяне выкарыстоўваць у самастойнай працы тэарэтычныя веды, якія мы, студэнты, набываем падчас лекцый і семінараў. Ведаеце, што было самым складаным? Развітанне. Ніхто не мог стрымаць слёз, нашы выхаванцы наперабой выказвалі словы падзякі. Толькі я ніяк не магла зразумець: за што? Асабіста для мяне гэта быў час прыемных зносін з самымі адкрытымі і шчырымі дзецьмі на Зямлі. Яны навучылі мяне галоўнаму: любіць жыццё, прымаць яго такім, якое ёсць, радавацца ўсяму, што яно прапануе. І гэтыя першыя крокі ў свет сацыяльнай работы для мяне застануцца самымі важнымі і запамінальнымі. Лілія СЕМЧАНКА, студэнтка 1-га курса ФСПТ, спецыяльнасць «Сацыяльная работа» Вул. Савецкая, 18, п. 127, 220030, Мінск.

Заснавальнік – Установа адукацыі «Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка». Пасв. аб рэгістр. № 557.

i

У чым асаблівасць Лігі КВЗ БДПУ? У тым, што нашы студэнты ўмеюць жартаваць на самыя розныя тэмы, аднак ніхто не пераўзыдзе іх у «педагагічным» гумары. У чым асаблівасць фінальных гульняў Лігі КВЗ БДПУ? У тым, што весялосць і пазітыў заўжды разбаўляюцца ноткай суму: для кавэзэшнікаў-пяцікурснікаў гэта апошняя магчымасць выйсці на сцэну сваёй alma mater.

ФІНАЛ – ГЭТА ВАМ НЕ ЖАРТАЧКІ І хоць адзін з членаў журы сёлетняга фіналу Андрэй Шумілаў напрыканцы гумарыстычнага дзейства заўважыў, што ў папярэднікаў развітанне з гульнёй было больш лірычным і пафасным, нам, гледачам, 16 мая хапіла і першага, і другога. А галоўнае, нам не бракавала той бязмежнай станоўчай энергетыкі і выдатнага настрою, дзеля якіх мы кожны раз з вялікім задавальненнем ходзім на гульні нашай Лігі. Напачатку варта нагадаць, што ў фінал сёлета трапілі пяць лепшых каманд: «Фьюzz» (ФСПТ), «Дранікі» (ФБіРФ), «Качыныя гісторыкі» (гістфак), «FM» (матфак) і «ФП» (факультэт псіхалогіі). Яны старанна рыхтаваліся да галоўнай гульні года, а дапамагалі ім нязменныя «санітары гумару», рэдактары нашай Лігі А. Камароўскі (чэмпіён міжрэгіянальнай лігі КВЗ «Палессе», двойчы чэмпіён Мінскай прэм’ер-лігі, фіналіст Першай лігі МС КВЗ) і І. Моргун (чэмпіён Вышэйшай лігі Беларускага КВЗ, чэмпіён Адкрытай лігі Латвіі і Адкрытай лігі Эстоніі). Дарэчы, з гэтага года абодва яны з’яўляюцца рэдактарамі Мінскай Прэм’ер-лігі КВЗ. Па традыцыі перад пачаткам гульні кавэзэшнікі-выпускнікі атрымалі права на выкананне аднаго жадання. Па просьбе Сцяпана Манкевіча («ФП») нязменны вядучы нашай Лігі А. Камароўскі расказаў барадаты анекдот. У гонар гісторыка Вадзіма Кнырко прамовіў тост яго цёзка Вадзім Грачоў. Ну а выпускніку гэтага ж факультэта Паўлу Шыманскаму намеснік дэкана У. М. Кадзіра паціснуў руку і сказаў: «Шыманскі, ну ты і круты». На гэтым сюрпрызы не закончыліся. На сцэну выйшлі госці – дзяўчаты з Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта. «Чечевицы» парадавалі нас вясёлымі мініяцюрамі, асабліва ўдалай аказалася пародыя на праграму «Бітва экстрасэнсаў». Распачалі першы конкурс – «Фрыстайл» – гісторыкі. Ды так бадзёра і пазітыўна, што астатнім камандам было не так лёгка раўняцца на зададзены гумарыстычны ўзровень. Цэлая галерэя сюжэтаў: тут вам і бабуля на касе ў краме, і нестандартная сітуацыя на рокканцэрце, і вахцёрша пасля рамантычнага спаткання, якая сустракае студэнтку словамі: «Зноў з клуба? Зноў адна? Ідзі назад і адна не вяртайся!». Апошні сюжэт, дарэчы, забяспечыў камандзе прыз за лепшы нумар гульні. Запомніўся і блок гістарычных мініяцюр. Адна з іх – Е. Полацкая каля басейна: «Я калі тут нырала, дзесьці крыжык згубіла». Выступленне філолагаў было адметна серыяй трапных аўдыёмініяцюр. Матэматыкі проста пакарылі нас акцёрскім і танцавальным майстэрствам, а таксама сцэнкай пра пакрыўджанага коціка, які збіраецца адпомсціць няпрошанай госці. Фантазёры з каманды «Фьюzz» жартавалі ў сваім фірменным стылі. Вось прыклад такога гумару: «Я – мужчына, і магу пастаяць за сябе». – «І гэта мне гаворыць чалавек, які плойку ад паяльніка адрозніць не можа!». Псіхолагі па колькасці ўдзельнікаў сярод каманд

былі ў меншасці, аднак гэта ніяк не адбілася на якасці іх выступлення. Сёлетні «Трыятлон» меў некалькі асаблівасцей. Па-першае, лепшы жарт гульні быў імправізацыяй і прагучаў падчас фотаразмінкі (зноў вызначыліся псіхолагі). Па-другое, ледзь не пасля кожнага тура біятлона журы прызначала камандам штрафныя кругі. У выніку на фінішнай прамой засталіся гісторыкі і псіхолагі. «Выстралы» першых («Канцавы прыпынак любога аўтобуса ў Жлобіне залежыць ад колькасці саляркі ў баку»; «Цяпер у графе «Сямейнае становішча» вашага пашпарта можна паставіць штамп «Усё складана») аказаліся слабейшымі ў параўнанні з жартамі сапернікаў («Дзевяцікласніца не дачакалася хлопца з урока дапрызыўной падрыхтоўкі»; «Каб хоць неяк адзначыць яблычны Спас, Вадзім набыў сабе пяты айфон»). Перамога ў «Трыятлоне» – за камандай «ФП». Хатняе заданне ўключала ў сябе абавязковы відэаролік на адвольную тэматыку. Каманда «FM» прачытала арыгінальны рэп па-беларуску, забяспечыўшы сабе прыз за лепшае музычнае афармленне гульні (хоць на гэту ўзнагароду прэтэндавалі і гісторыкі, і філолагі). «Дранікі» расказалі, якія пытанні задаюць супрацоўнікам Інфалініі 185 падчас святкавання Дня горада. Аднак сапраўднай «бомбай» іх выступлення стаў музычны нумар, у якім філолагі растлумачылі паходжанне незразумелых гукаў у вядомых песнях. Напрыклад, мы даведаліся, што разам з гуртом «Scooter» выступае… сабачка! Журы ацаніла арыгінальнасць задумкі і яе бліскучае ўвасабленне і цалкам справядліва аддала філолагам прыз за самы жывы момант гульні. Каманда «Фьюzz» уявіла, што можа адбыцца, калі маці на тыдзень паедзе адпачываць, а бацька з сынам застануцца ў кватэры адны. Запомніўся і відэаролік гэтай каманды, дзе галоўную ролю выконваюць… пячэнькі! Фантазія псіхолагаў развіла наступны сюжэт: ламаецца аўтамабіль і нявеста з жаніхом ды тамада аказваюцца ў лесе за гадзіну да вяселля. Ну а відэаролік ад «ФП» паказаў, як пачыналася раніца жаніха. Фінальным акордам стала выступленне «Качыных гісторыкаў». На сцэне гучалі раяль, гітара, а таксама жыццёвыя гісторыі, блізкія кожнаму. Што і казаць, такая лірычна-гумарыстычная канцоўка прыйшлася даспадобы ўсім. Вынік фінальнай гульні такі: уладальнікамі «Шклянога кактуса» сталі гісторыкі, за крок ад перамогі спыніліся псіхолагі, трэцяе месца ў каманды ФСПТ. Кавэзэшнікам года назвалі Сцяпана Манкевіча (факультэт псіхалогіі), лепшай актрысай фіналу стала Кацярына Рубінчанка (матфак). Ну а спецпрыз ад прафкама студэнтаў дастаўся гісторыкам за якасны інтэлектуальны гумар. Віншуем усіх фіналістаў з бліскучай гульнёй і ўжо чакаем фестывалю! Маргарыта ГЕРАСІМЁНАК

Выходзіць два разы ў месяц Газета надрукавана на беларускай мове. ў РУП «Выдавецкі цэнтр БДУ». Рэдактар Аб’ём 4 паласы фармату А3. ЛП № 02330/0494178 ад 03.04.2009. 226-40-19 Т. А. БАШМАКОВА Распаўсюджваецца Вул. Чырвонаармейская, 6, 220030, Мінск. ў вучэбных карпусах Тыраж 400 экз. Заказ 312. e-mail: nastaunik@bspu.unibel.by і інтэрнатах БДПУ бясплатна. Падпісана ў друк 30.05.2013 г. у 9.00. www.bspu.unibel.by

nastaunik 8 (1126)  
nastaunik 8 (1126)  
Advertisement