Issuu on Google+


Абставіны месца і часу

Свабоды, 15 Забытая гісторыя

Т

ут было жыццё. Тут чыталі Флабера, Мапасана і Заля, Пушкіна і ДунінаМарцінкевіча, захапляліся Рафаэлем і Ваньковічам. Тут знайшоў прытулак беспрытульны пілігрым Ян Дамель, знакаміты мастак. Жывучы ў мезаніне гэтага дома, ён менавіта тут b працаваў над творамі для касцёла на Кальварыі. У гэтым палацы танцавалі мазурку, польку, паланэз ды іншыя фрывольныя танцы. Мінск заўсёды стаяў на скрыжаванні культур.


— Невуцтва ўласціва нашым сучаснікам! Аказваецца, у нас пад бокам ёсць жывое мінулае, XVIII стагоддзе, а мы — хадзілі побач і не ведалі. Так пачынае свой расповед пра палац, што стаіць у самым цэнтры Мінска, калекцыянер і даследчык мастацтва Віталь Жукаў — стваральнік і ўладальнік інтэр’ера аднаго з залаў. Ёсць у вас якая гадзінка? Давайце зазірнём за парцьеру. Адрас ужо ведаеце: плошча Свабоды, 15. І няхай вас не здзіўляе, што аповед вядзецца ад імя гаспадара: цікавей, чым ёсць, далібог, не прыдумаеш. Пабудаваны ў 1775 годзе яснавяльможным графам Міхалам, польскім арыстакратам Пшаздзецкім, каменны дом на рагу Койданаўскай вуліцы (так раней называлася Рэвалюцыйная) ля плошчы Высокі Рынак (вы ж ведаеце, у сярэднявечных гарадах побач з ратушай заўсёды быў рынак, і Мінск нічым тут не адрозніваўся: каля ратушы некалі быў высокі рынак, а нізкі — ля Траецкай гары)… гэты каменны дом больш трапна было б называць словам “палацык”. Няхай нікога слова гэта не здзіўляе: палацык хоць і маленькі, але палац. Будынак строгі, так бы мовіць, лапідарны. Ён з'яўляецца аналагам пабудоў, якія можна сустрэць дзе заўгодна ледзь не па ўсёй Еўропе. Калі ж прыгледзішся больш уважліва, заўважыш і тое, што архітэктура яго нагадвае архітэктуру Паўлаўскага палаца, рэзідэнцыі рускіх цароў, ці адну з фамільных сядзіб арыстакратаў Аўстра-Унгоршчыны. Так, няма тут німфаў і амураў, барочная ляпніна і пышны дэкор ракако адсутнічаюць, псеўдаготыка і псеўдарэнесанс з’явяцца значна пазней. Чыстай вады класіцызм! Тым не менш, я быў, паверце, ледзь не самым шчаслівым чалавекам, калі мне зрабілі прапанову ўдыхнуць жыццё і стыль у адзін з чатырох залаў першага паверха. Я выбраў самы вялікі.

Ансамбль палаца, дарэчы, меў два флігелі, адзін з якіх, з правага боку, на вялікі жаль, страчаны: напэўна, падчас вайны, магчыма, у першую сусветную. Цэнтральная частка доўгія гады змяшчала у сабе ваенкамат. Таму, напэўна, там нічога асабліва не пацярпела: нагарадзіўшы катухоў-кабінетаў ледзь не з фанеры, пашкодзіць палацаваанфіладную планіроўку ваяры не маглі ніяк. Першапачатковы выгляд палацу вярнула (дзякуй ёй за гэта) “Мінская спадчына”. Трэба адзначыць, што большасць квадратных метраў займае тут цяпер мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага. Цудоўная ідэя! Але яшчэ на стадыі праектавання адбылася не менш, а мо нават і больш цудоўная падзея: на сценах, уявіце сабе, адкрыліся фрэскі канца XVIII стагоддзя (іх можна бычыць на другім паверсе). І ці не дзякуючы гэтай

ПШАЗДЗЕЦКІ Першы раз сутыкнуўшыся з прапановай такога кшталту, думаў, мне дадуць вялізныя тамы літаратуры па гісторыі будынка і кіпу архіўных дадзеных, але інфармацыя, якую мне прадставілі, займала паўстаронкі дванаццатым шрыфтам. З даведкi, складзенай нашымi гiсторыкамi, вынiкае, што першая звестка пра пабудову прыпадае, паўтаруся, на 1775 год: будынак фігуруе пад назвай камяніца графаў Пшаздзецкіх, уласнікаў Заслаўя.

Антоній Тадэуш Пшаздзецкі, бацька першага ўладальніка дома, мог выглядаць так. Партрэт-рэканструкцыя Віктара Маркаўца.


Б

езумоўнай дамінантай зала з’яўляецца завідаўскі дыван ХІХ стагоддзя. Сюжэт узяты з фрэскі, размешчанай на плафоне палаца Палавічыні-Распільёзі ў Рыме. Арыгінал створаны ў 1614 годзе па замове ўсясільнага кардынала Баргезэ. Мастак, звалі яго Гвіда Рэні, даволі пладавітым у творчасці, але ж вельмі любіў азартныя гульні і ўсе свае грошы прагульваў у карты. І вымушаны быў адпрацоўваць даўгі, распісваючы столь ў згаданым ужо палацы. Сюжэт міфалагічны: німфы і квадрыга (ну, альбо калясніца) Аўроры сімвалізуе шлях да трыумфу і славы. Рускія майстры перанеслі гэты сюжэт на дыван нездарма: у ХІХ стагоддзі гэта было сведчаннем касмапалітычнасці густаў. Тады была сапраўдная адзіная Еўропа, як абсурдна гэта сёння ні гучыць. Леапольд Дэльпацэ і яго жонка таксама маглі прыдбаць сабе такі дыван, упрыгожыць ім інтэр’ер гасцёўні і ўзгадваць пры гасцях: арыгінал, маўляў, вісіць у Рыме! І гэта не столькі пахвальба, колькі сведчанне адукаванасці і адпаведнасці высокаму статусу.

падзеі ў пэўныя галовы прыходзіць раптам свежае рашэнне: нельга, маўляў, трапляючы сюды з асфальту ХХІ стагоддзя, лічы — у госці, не аддаваць даніну памяці тым, хто сюды ж трапляў па-гаспадарску ўпэўнена з рыначнай плошчы напрасткі, — папярэднім уладальнікам. І пастанавілі: стварыць тут нешта гістарычнае. — Зразумела! Два цвікі, тры чарапкі, чатыры расхвастаныя кафлі — і мы зноў будзем страчваць прытомнасць ад захаплення: ах, мінуўшчына! — Не! — адказалі мне. — Плануецца, што тут будуць інтэр'еры. — І як вы іх, цікава, будзеце рабіць? — Ну вось, шукаем магчымасці. І сапраўды, калі я, усё ж даўшы згоду на супрацоўніцтва, прыйшоў сюды падчас будаўнічых работ, мне прапанавалі… выбраць сабе зал.

Пры ўсіх маіх, магчыма, недахопах, пры крытыцы, якая гучыць у адрас рэстаўратараў па справе і без, мне, збіральніку каштоўнасцей, лёс страчанай гісторыі цікавы заўсёды. А ў дадзеным выпадку перада мной паўстала магчымасць дакрануцца да канкрэтнага — гісторыі, распачатай графам Пшаздзецкім. Канешне, мне было цікава прыняць удзел у гэтай авантуры і ўбачыць, чым яна скончыцца. А Міхал Пшаздзецкі? Невядома, чым дакладна займаўся гэты чалавек у свой вольны і заняты час, але вядома, за якія грошы і калі ён гэты дом прадаў: у 1799 годзе, выручыўшы 40 000 польскіх злотых. Кажуць, сума была неверагодная. Дарэчы, нядаўна падчас візіту ў Рыгу я даведаўся, што вітражы знакамітага Домскага сабора зроблены па замове


графіні Марыі Пшаздзецкай, у дзявоцтве Тызенгауз. Мы, канешне, высветлім, кім дакладна яна прыходзілася нашаму Міхалу. Пошукі страчанага — гэта вельмі цікавая, але і досыць марудная справа. СТАНКЕВІЧ Другім гаспадаром палаца стаў Андрэй Станкевiч, мінскі шляхціц, уладальнік сеткі аптэк. Магчыма, хтосьці з карэнных мінчукоў старэйшага пакалення яшчэ памятае аптэку, што стаяла на месцы Палаца Рэспублікі. Яе знеслі, калі пашыралі плошчу. А гэта ж была аптэка, падобная на тыя сапраўдныя сярэднявечныя apotheke, якія цяпер можна бачыць цяпер толькі ў Таліне, Вільні, Рызе, Львове, Празе ды Кракаве. Кажуць, што самая прыгожая была ў нашым Мінску. Магчыма, ёю і валодаў Станкевіч. Шкада ўсё ж, што гісторыя ўскоснага склону не мае. КАБЫЛІНСКІ Амаль кожны годны шляхціц меў у сваiм доме калекцыю каштоўнасцей, карцiн, гравюр — гэта было, як прынята казаць, неад'емнай часткай iнтэр'еру. Месціліся ў такіх дамах i вялiкiя калекцыi старажытных знаходак, гэтак званыя "археалагiчныя кабiнеты". Падобны кабінет меў Юрый (Ежы) Кабылiнскi — ён валодаў палацам ад 1826 года. Сакратар Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу і сябра пісьменніка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча па сумяшчальніцтву (пісьменнік нават верш яму прысвяціў — у паэме "Вечарнiцы"), мецэнат і калекцыянер, Кабылінскі заснаваў у палацыку першы ў горадзе музей — беларускую кунсткамеру, калекцыю рознай даўніны кшталту манет, мінералаў, старых кніг ці нават і манускрыптаў… Былі ў яго, уявіце сабе, і арыгінал статута ВКЛ, і, калі верыць расповедам, карта, па якой пракладаў свае арыенціры сам Хрыстафор Калумб. Пазней, па смерці Кабылінскага, экспанаты перайшлі ў музей старажытнасцей Вільні. Але, з іншага боку, дзе наша не прападала?..

Назіраецца, дар эчы, цікавая пераемнасць: першы гарадскі музей адкрыўся некалі тут, у гэтым будынку, — і цяпер гэтым будынкам валодае першы мінскі гарадскі музей! Годная спадчына. Тут, што ні кажы, заўсёды было “вобшчаства”, вышэйшая каста — хаця б і людзей, якія толькі імкнуліся быць лепшымі. Тут заўсёды жыла шляхта, а пьянства-абадранства і людзі сацыяльна і эканамічна непрыстасаваныя тут пражываць не маглі. І сёння, узыходзячы на гэты ганак, з клопатаў ХХІ стагоддзя трапляеш туды, дзе атрымаеш эмоцыі ад аднаго толькі сузірання. Калі трошкі пафантазіраваць, можна ўявіць, як у гэтых залах гучалі музыка Шапэна ды Агінскага, вялікасвецкія размовы парле ву франсэ і парла італьяна. Ды і па нямецку, напэўна, гаварылі, і англійская мова, я ўпэўнены, тут гучала. Уладальнікі дома дэманстравалі шырокія пагляды — і ў густах, і ў перавагах, і ў слабасцях. Мне падаецца, празарлівы Купала дакладнаей сказаў: тутэйшыя. ДЭЛЬПАЦЭ Апошні ўладар, Леапольд Дэльпацэ, быў гарадскі галава. Хто па нацыянальнасці? Невядома. У дакуменце «об утверждении в дворянском достоинстве» пазначана, што продкі купца Дэльпацэ былі не абы хто, а ўраджэнцы ЛамбардаВенецыянскага каралеўства. Але ж каралеўства было заснавана ў 1815м, а Дэльпацэ, Леапольд Валенцьевіч, народжаны быццам у 1802-м? “Ды Бог з імі, з продкамі. А патомкі ж, патомкі павінны быць”. Так, напэўна, зараз думаеце вы. Хто іх ведае… Дасціпны ўсюдыісны інтэрнэт знайшоў пад гэтым прозвішчам Альфонса Леапольдавіча, смаленскага фотамастака, адна з прац якога датуецца 1866 годам (ці мог ён быць нашаму Леапольду сынам?), і Станіслава, таксама Леапольдавіча. Імя апошняга


В

арта ведаць, што ў Заходняй Еўропе сервізы ствараліся не на 6, 12 і 24 персоны, а на 4, 8 і 16. Сервіз у стылі шынуазры (“кітайшчына”) на чатыры персоны: кубачкі, сподачкі, талеркі, кафейнік, чайнік, смятаннік, цукарніца, а таксама прадмет, які многія прымаюць за вялікую цукарніцу з вушкамі: банбаньерка — вазачка для цукерак. Праца нямецкіх майстроў 1910 года. Раздзелачная дошка для сыру працы шведскіх майстроў, з парцэляну, дэкарыравана чамусьці не толькі кветкамі, але і жаночым партрэтам. Не ведаючы, як дакладна выглядала гаспадыня дома, мы можам уявіць яе сабе такой вось чароўнай дамай. Можа быць, яна на дыеце і ёй гэты сыр толькі мроіцца? Шкляная “горка” — гэта прыбор для захоўвання сыру. Верхняя частка яго вельмі важкая. Усё як мае быць: каб не прапускаць пахі вонкавыя і не выпускаць “сырны дух”.

значыцца ў калужскіх ведамасцях за 1869 год пад загалоўкам “Гарадскія ляснічыя” — як губернскага сакратара (ці мог ён быць братам Альфонса і сынам Леапольда?). А хто сам Леапольд Дэльпацэ — абеларусеўшы немец, літоўскі паляк, аўстра-унгорскі падданы? Хто былі гаспадары дома? Мы тут бачым, на жаль, вольнае сачыненне на тэму, як гэты дом мог выглядаць у ХІХ стагоддзі. Калі вы прыгледзіцеся да сцен зала, то зразумееце, што нечага не хапае. Канешне, вы здагадаецеся, чаго дакладна: не хапае парадных партрэтаў гаспадароў дома. Так, яны павінны былі тут вісець, ды толькі катаклізмы ХХ

стагоддзя і наша невуцтва прывялі да таго, што мы не ведаем нават, як гэтыя людзі выглядалі. Але пачнём аглядаць зал, ён даволі вялікі — каля 60 квадратных метраў. Каралавая гасцёўня, малінавы будуар — называйце яго так, як вам больш даспадобы. МІНСК ГУБЕРНСКІ. ШЛЯХЕЦКІ ПОБЫТ ХІХ стагоддзе было часам эклектыкі. А эклектыка — рэч у сабе: “у адным флаконе” яна спалучае самае рознае, часам і неспалучальнае. У гэтым зале прадстаўлена амаль 120 прадметаў з маёй уласнай калекцыі. У іх ліку мэбля, бронза, парцэлян, крышталь, тэкстыль… Мілыя рэчы побыту, якія ствараюць


Сляды часу на гэтым бюро, несумненна, ёсць, хоць яно прайшло рэстаўрацыю і выглядае досыць эфектна, бліскуча, нават гламурна. А старое люстэрка тут пакінута наўмысна – каб не нашкодзіць артэфакту.

Ручка гэтага гляка, заўважце, у форме сірэны — паўжанчыныпаўптушкі. Звярніце таксама ўвагу на карсет з ільвінай мордай і Венеру, якая выходзіць з “бяздоння вод”. Канец ХІХ стагоддзя, Францыя.

У доме Леапольда Дэльпацэ вадаправода не было — была вада, якую прыносілі з калодзежа. Праца еўрапейскіх майстроў канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя – збан і тазічак для ўмывання. У ХІХ стагоддзі людзі з добрым густам абавязкова павінны былі трымаць у сваім інтэр’еры мадэльку “ню” – “аголеную натуру”. Мода на такіх вось адалісак прыйшла з Францыі. Сюжэт, канешне ж, гарэмны, з Турцыі.

непаўторную атмасферу даўніны і чароўнасці. Праект, які я прыдумаў, “Мінск губернскі. Шляхецкі побыт. Стагоддзе ХІХ — пачатак стагоддзя ХХ”, — гэта забытая гісторыя матэрыяльнай культуры нашага горада. У савецкі час, калі памятаеце, быў штамп “пошлая абаяльнасць мяшчанства”. Цяпер бы нам хоць такую абаяльнасць…

Што такое жытло ў ХІХ стагоддзі? Гэта нешта камернае. Арыстакраты імкнуліся вызваліцца ад вялікіх палацавых памяшканняў, адасобіцца, прыйсці да самоты, сысці, калі хочаце, ва ўнутраны свет. Таму гэты зал з’яўляецца нічым іншым як будуарам. Большую частку прадстаўленых тут прадметаў нейкі час таму планавалася


размясціць у замку Радзівілаў у Нясвіжы: мэблевы гарнітур, напрыклад, збіраўся заняць сваё месца ў будуары княгіні, а кавёр з міфалагічным сюжэтам – у белым бальным зале. Асаблівай увагі заслугоўвае будуарны сталовы гарнітур сярэдзіны ХІХ стагоддзя, верагодней за ўсё, вытворчасці знакамітай мануфактуры Гамбса: горка для посуду, бюропаставец і тумба анкуанюр. У перакладзе з французскай куа – кут, і такім чынам, анкуанюр – кутняя тумба. Цалкам магчыма, што ў гэтай зале якраз і стаялі некалі чатыры такія тумбы. Горак, магчыма, было дзве — каб ствараць сіметрыю. Аналагі такой мэблі ёсць у калекцыях Дзяржаўнага Эрмітажа. Лёс нашых прадметаў — драматычны: перажыўшы блакаду, яны калісьці прыехалі з Ленінграда ў Мінск, іх рэстаўрацыя доўжылася тры гады. Але паглыбімся ў гісторыю больш дэталёва. Як вядома, Ёган Гамбс прыбыў у Расію ў XVIII с т а год д з і . З а с н а ва ў мануфактуру ў Гарохавай вуліцы ў імперскім Пяцярбурзе. Па дарозе ад Віцебскага вакзала да Адміралцейства можна цяпер убачыць рэшткі яго былых майстэрняў. Тут выраблялі мэблю па замове цароў. Чаму ж Леапольд Дэльпацэ, апошні гаспадар нашага асабняка, не мог, знаходзячыся ў Пецярбурзе па справах

У

тыя часы доўгімі зімовымі вечарамі трэба было нечым сябе займаць. Такія раскошныя чахлы маглі быць выраблены гаспадыняй дома. Звярніце ўвагу на абіўку: унікальны пан-аксаміт цалкам адпавядае тканіне ХVIII стагоддзя. На самай справе гэта сучасная французская фірма, якая спецыялізуецца на тым, што вырабляе тканіну для мэблі па аналагах старадаўніх. І спадніцы нашых крэслаў зроблены гэтай жа фірмай. Такая тканіна ў той час называлася “жатка”: шоўк выварвалі ў кіслаце і потым сушылі. Колішняя гаспадыня палацыка магла да прыезду мужа з “камандзіроўкі” зрабіць са сваімі памочніцамі такія чахлы і папрасіць за сваё ўмельства… ну хаця б маленькую брыльянтавую дыядэмку.

службы, замовіць мэблю высокага класа на гэтай фірме? Да слова, у сярэдзіне ХІХ стагоддзя мануфактуры Гамбса скончылі сваё існаванне. Яшчэ цікавая дэталь: да вайны гамбсаўская мэбля прысутнічала ў Гомелі, у палацы РумянцавыхПаскевічаў. Гаварыць пра тое, што ў час вайны яна была беззваротна страчана, справа лішняя. Такім чынам, гэты гарнітур – адзіны ўзор гамбсаўскай мэблі


С

упніца і соуснік у стылі мадэрн, 1900 год. Як быццам супніца, але без накрыўкі, мануфактура Флеры, бельгійская, ужо не існуе. Кузняцоўскія талеркі, датуюцца канцом ХІХ — пачаткам ХХ стагоддзя: форма ў стылі Людовіка XVI, але кветкі маку тут адпавядаюць стылю мадэрн. Блюда працы Кузняцова-Гарднера. Як вядома, удава Гарднера прадала мануфактуру братам Кузняцовым. Так яны сталі манапалістамі па вытворчасці парцэляну. А гарлачык – вілеруа бош, знакамітая мануфактура Дрэздэна. Падчас бамбардзіровак у 1945 годзе завод быў знішчаны і ўжо не аднавіўся. Калі наш Дэльпацэ быў немец, ён мог ганарыцца фаянсам нямецкіх мануфактур. Фірма Разенталь прадстаўлена тут прыборам з апетытнай ляпной каўбаскай на накрыўцы. Надпіс гатычным шрыфтам азначае “гарачыя каўбаскі”. Толькі такія педанты, як немцы, маглі гэта яшчэ і падпісаць. Напэўна, такі натуралізм выкарыстаны для распальвання апетыту. Дзве птушачкі – сальнічка і перачніца. Арніталагічныя сюжэты былі вельмі папулярныя ў мінулыя стагоддзі. У Радзівілаў на стале красаваліся некалі вялізныя птушкі фазаны — проста так, без практычнай мэты. Карціну абедзенай сервіроўкі дапаўняюць крыштальны штоф працы мальцоўскай мануфактуры, мерныя чаркі для віна і гарэлкі, а таксама піўны кубак: у доме Дэльпаца пілі піва! Тым больш што бровар (цяпер пад назвай “Аліварыя”) адсюль у некалькіх кварталах.

ў музейнай прасторы рэспублікі. Звярніце ўвагу на майстэрства мэбліроўшчыка: якая вытанчанасць форм! А нічога ж асаблівага: картуш плаўна пераходзіць у карніз, карніз — у падоўжныя бакавыя грані. Ведаеце, тое, што сёння называецца антыкварыятам, некалі было проста мэбляй. Проста добрай дарагой мэбляй. Вось гэта проста “гамбс”.

У 30-я гады мінулага стагоддзя мастацтвазнаўцы лічылі: другое ракако – гэта не каштоўнасць. Першае (ХVIII стагоддзе) – адназначна. А другое – што? Псеўдастыль. Гэта сапраўды псеўдастыль. Гэту мэблю можна назваць мэбляй, зробленай у эпоху гістарызму і эклектыкі. Але ў дадзеным выпадку, з пункту гледжання


На паліцы зверху — прадметы англійскай мануфактуры: блюда і соуснік. Прыгледзьцеся: соуснік мае манаграму D. Прозвішча апошняга гаспадара дома — Дэльпацэ.

стагоддзя, якое разгубіла ўсе праявы матэрыяльнай культуры, дзякуючы менавіта гэтай мэблі мы можам рэканструяваць інтэр’ер гасцінай сядзібы Леапольда Дэльпацэ: такая мэбля магла тут стаяць. Яна цалкам адпавядае гэтай асобе па часе, ды і густу напэўна адпавядае. З МАНАГРАМАЙ D У гэтым доме, натуральна ж, прымалі высокіх гасцей. І па-царску частавалі. На ніжняй паліцы горкі вы можаце бачыць прадметы парцэлянавага абедзенага сервіза — з плюмажамі і гербамі, нанесенымі залатымі цыроўкамі па фіялетавасінім кобальце. Посуд створаны ў так званым “гатычным французскім гусце” на прыватнай расійскай мануфактуры. Хутчэй за ўсё гэта была франшыза братоў Кузняцовых. На паліцы зверху — прадметы англійскай мануфактуры: блюда і соуснік. Прыгледзьцеся ўважліва: соуснік мае манаграму D. Прозвішча апошняга гаспадара дома — Дэльпацэ. Канешне, гэта легенда, канешне, супадзенне, але няхай лепш у нас будзе такая прыгожая прыдумка, чым не будзе зусім нічога. Злева і справа — прадметы венскай парцэляны, дэкарыраваныя ў Карлсбадзе. Венецыянскія фужэры для шампанскага, якія называюцца, дарэчы, флейтамі; манументальны крышталё��ы, аздоблены сусальным золатам кубак бакара — праца французскіх майстроў… Магчыма, гаспадар дома прамаўляў тост за здароўе дарагіх гасцей з такім вось кубкам у руках. l=�=�%“�� 12

У экспазіцыйнай вітрыне насупраць вы ўбачыце чашу работы персідскіх майстроў XVIII стагоддзя. Згодна з тэхналогіяй выраб з медзі апускалі у расплаўленае срэбра — і ў выніку пачынала здавацца, быццам чаша “многае пабачыла”. Напэўна, гэта была ваза для арэхаў або дэсерту, калі ўжо гэта ўсходняя рэч. Рахат-лукум тады якраз уваходзіў у моду… На адной паліцы, у адной вітрыне — кафейнік саксонскай мануфактуры і збанок з кубачкам англійскага паходжання, мануфактуры "Споуд"... Рэдкая рэч для калекцыянераў, але гаспадар дома лёгка мог прывезці з Англіі такі збанок з кубачкам: Туманнаму Альбіёну сімпатызавалі ва ўсе часы. Палічкай ніжэй – аўстрыйскі фаянс. Блюда-менажніца “у герберы” з бронзавай ручкай пасярэдзіне, блюда-пано “у проста кветкі” з ручкамі па баках – гэта так званыя палівы. Ёсць тут таксама шкляныя вазы (майстэрня Лёц, стыль 1900 года) і ваза кобальтавага шкла з роспісам. Мы пералічылі парадны посуд. А ў вітрынах перад вокнамі можна бачыць прадметы так званай паўсядзённай сервіроўкі. Тут таксама наўмысна прадстаўлены самыя розныя мануфактуры. Многія з іх, што цікава, ужо не існуюць. АРЫГІНАЛЫ ВАЛОДАЮЦЬ ЭНЕРГІЯЙ Гістарычная планіроўка залы – анфіладна-прахадная. Гэта прыгожа гучыць, але па-ідыёцку выглядае: суцэльныя дзверы, вокны ды аркі. У выніку: 60 квадратных метраў


плошчы — а вы, апынуўшыся тут, убачыце не такое ўжо і вялікае памяшканне. Увогуле, сто дваццаць прадметаў — гэта не колькасць, але прастора запоўнена імі даволі шчыльна. Справа ў тым, што гэта арыгіналы, а арыгіналы валодаюць энергіяй! Некаторыя дробязі даюць нам магчымасць зразумець, як гэта – жыць у ХІХ стагоддзі. Так, у доме не было электрычнага асвятлення: столь і сцены ўпрыгожвалі, я ўпэўнены, такія самыя жырандолі, як і зараз, — бронза з венецыянскімі падвескамі, — але асвятленне было свячное. І вы можаце сабе ўявіць, што ў гэтым доме адбывалася доўгімі зімовымі вечарамі, калі запальваліся свечкі і фужэры напаўняліся шампанскім: падвескі адбіваліся ў святле люстэркаў, люстэркі адбіваліся адно ў адным, бронза жырандоляў адлюстроўвала мярцанне запаленых свечак, брыльянты жаночых упрыгожванняў зіхацелі ў вачах мужчын, позіркі адбіваліся ў позірках… Якая прыгожая, эфемерная, вытанчаная атмасфера тут

панавала. А калі пасярод гэтага хараства раздаваліся першыя акорды знакамітага паланэза Агінскага, гэта была настальжы, туга па няспраўджаным і вострае жаданне жыць — зямным і высокім, духоўным і другасным, і амурнымі авантурамі, і трагедыйным пафасам. …Дарэчы, няхай вас не здзіўляе бардова-каралавы колер гэтых свечак: ужо ў ХІХ стагоддзі парафін было прынята фарбаваць. Калі гасцёўня смарагдавая, то свечкі ў ёй павінны быць зялёныя, калі кобальтавая, то сінія. У нашым выпадку – чырвоныя. Запісала і апрацавала Святлана Дзянісава. Фота з архіва стваральніка экспазіцыі.

Аўтар праекта "Мінск губернскі. Шляхецкі побыт" калекцыянер і мастацтвазнаўца Віталь Жукаў.



Color_maladost_1