Page 1

кс. др. Артур Алексеюк Хрысціянская тэалагічная акадэмія ў Варшаве Факультэт Педагогікі Разважанні пра смерць у іканаграфіі Падмуркам ушанавання, якім адорвае праваслаўная Царква святыя абразы, з’яўляецца догмат Божага Уцелаўлення, то бок містэрыя Зачацця і Нараджэння Збаўцы Ісуса Хрыста. Прадстаўляючы чалавечнасць Божага Сына, які ў канкрэтным месцы і часе «пакрыў сябе пурпурам чалавечага цела», ікона адначасова паказвае і боскае паходжанне чалавека. Любыя спробы выяўлення чалавечага быту не праз прызму «Божага вобразу» (Род. 1, 27) будуць загадзя абцяжараныя памылкай, непраўдзівыя, і ў выніку асуджаныя на няўдачу. Для абвяшчэння гэтай Добрай Навіны — Евангелля пра незнішчальную прысутнасць Божага вобразу ў чалавеку — пакліканая асоба, якая піша абраз. Мастацтва, ці хутчэй ласка (грэц. charis) пісання абразоў, гэта асаблівага роду Божае дзеянне ў чалавеку, руку якога вядзе сам Бог, і рысуе ёй запрашэнне, скіраванае да кожнага, каб ён «стаў Богам, бо сам Бог стаў чалавекам» (святы Ірэнэй Ліёнскі, святы Афанасій Александрыйскі і святы Васілій Вялікі). Рэалізацыя збаўчага абяцання, якое ў тэалагічнай тэрміналогіі называецца абагаўленнем (грэц. theosis), адбываецца ўжо тут і цяпер, то-бок, ва ўмовах зямнога існавання чалавека, якое завецца тленным жыццём. У выніку пачатага яшчэ ў Раі адступніцтва чалавека ад Бога чалавечае жыццё праходзіць на паграніччы Святла і цемры, у пэўным сэнсе ў шэрай зоне. Цень, ужо з часоў граху першых людзей, калі яны зрабілі сабе павязкі і шукалі ўкрыцця між райскіх дрэў, цень здаецца чалавеку найбольш камфортным месцам у крызісны момант. Зацененае месца здаецца яму найбольш бяспечным у небяспецы і камфортным у сітуацыі абсалютна некамфортнай. Адысці ў цень — гэта даць сабе час, каб знайсці рашэнне, перачакаць цяжкі час, знайсці добрае тлумачэнне і апраўданне сваім дзеянням. Менавіта так рабілі нашы Прабацькі, калі Божая прысутнасць у «ранішнім павеве ветру» выклікала ў іх трапятанне спалоху. Гэтак жа робім і мы, калі зрастаемся з ценем, што ляжыць у нашых душах і зацямняе ў нас зіхаценне Божага вобразу. Гэты цень з’яўляецца прадвесцем, прадчуваннем досведу, які выпадзе на долю кожнага чалавека — прадвесцем смерці. Такім чынам, у іканаграфічнай візуалізацыі імкнення чалавека ажыццявіць сваё пакліканне ад абагаўлення, немагчыма абмінуць падзеі смерці. Калі ікона з’яўляецца выяўленнем дагматычнай свядомасці Царквы і адлюстраваннем яе веры ў Ісуса Хрыста, які памёр на Крыжы і Уваскрос на трэці дзень, дык матыў смерці як пераходу, новага нараджэння да вечнага жыцця, адкідання таго, што ў чалавеку ненатуральнае і супярэчыць Богу на карысць таго, што ў ім сапраўднае і згоднае з Божай задумай, з’яўляецца важнай іканаграфічнай тэмай. Што такое смерць? Якімі словамі, ці пры дапамозе якіх іншых сродкаў выяўлення апісаць або адлюстраваць феномен, перад якім мы становімся абсалютна бездапаможнымі і недасведчанымі? Спробы адказаць на гэтае пытанне заўсёды сутыкаюцца з вялікімі цяжкасцямі. З’яўляючыся фактам і асноўнай уласцівасцю чалавечага існавання ў тленнасці, смерць усё яшчэ застаецца для чалавека непранікальнай таямніцай.


У Кнізе Мудрасці мы чытаем, што «Бог не стварыў смерці» (Мудр. 1, 13), толькі стварыў чалавека «у несмяротнасці (…), зрабіў яго вобразам падабенства Свайго» (Мудр. 2, 23). Чаму ж тады нешта, што з’явілася дзякуючы Богу, але «праз зайздрасць шатанскую» (Мудр. 2, 24) мае падставы існавання, а нават лічыцца добрым (святы Рыгор Ніскі)? Паводле навучання Царквы, смерць – гэта наступства граху, а менавіта добраахвотнага адыходу ад Бога. Таксама яна з’яўляецца правінай супраць любові, праўды дабра і перш за ўсё жыцця, якія выходзяць ад Бога. У гэтым сэнсе факт смерці — гэта толькі фінальнае наступства існавання ў стане, які супярэчыць натуры. У першым шэрагу яна стала доляй д’ябла, які першым супрацівіўся Богу і жыццю, якое з Бога пачалося. Яна закранае і чалавека, які саступіўшы ўгаворам д’ябла здзейсніў зло, і праз гэта ягонае існаванне стала ненатуральным. Д’ябал быў названы «забойцам ад пачатку» (Ян 8, 44), калі выступаючы супраць Бога згвалціў уласную натуру (прыроду). Захаваўшы анёльскую натуру, духоўную і несмяротную, ён перабывае ў стане перманентнай агоніі, пастаянна памірае, толькі памерці не можа. Па гэтай прычыне ён пакутуе, ненавідзіць усё і ўсіх, нават самога сябе і сваіх пабрацімаў (глядзі Лк. 8, 26-39). Поле ягонай дзейнасці — цемра, у якой ён хавае сваё сапраўднае аблічча. Таксама яго называюць д’яблам (грэцю diabolos), а значыць тым, які дзеліць, абгаворвае, знеслаўляе і зводзіць у зман. Будучы тым, хто першым асунуўся ў смерць, стаў яе ўвасабленнем, што знайшло сваё адлюстраванне таксама ў іканаграфіі. Усе акрэсленні д’ябла можна аднесці і да смерці. Колер смерці чорны, а ўваход у смерць – гэта ўваход у цемру. Смерць закранае ўсіх, але яна розная для кожнага (без аблічча ці ў мностве абліччаў). Смерць у’яўляецца як страшная, яна выклікае жах, і гэта пераклікаецца з жахлівым абліччам д’ябла. Яна прыходзіць неспадзявана, нібы прылятае на крылах. Смерць гэта раздзяленне душы і цела, якое без душы дэзынтэгруецца. З’яўляючыся раздзяленнем смерць у нейкай ступені д’ябальская (грэц. dia-ballo – той, што дзеліць) і кідае выклік жыццю, што нагадвае бунт д’ябла супраць Бога. Перад абліччам смерці мы нібы на лаве падсудных, а абвінаваўцам (які знеслаўляе, ачарняе) выступае д’ябал. Вышэйзгаданы вобраз смерці палохае. Калі, аднак, як хрысціяне, мы глыбей задумаемся над тым, што такое смерць у сваёй сутнасці, мы пераканаемся, што яна — проста падзея, якая павінна наступіць дзеля таго, каб мы маглі сустрэцца з любячым нас Збаўцам Ісусам Хрыстом. Святы Ян Златавусны кажа: «Калі ты хрысціянін, дык вер Хрысту (…). Менавіта гэта адрознівае нас ад няверуючых. Яны слушна баяцца смерці, бо не маюць надзеі на Уваскрасенне». Разважаючы над гэтымі словамі грэцкі праваслаўны тэолаг Нікалаас Васіліядыс піша: «Смерць страшная і напоўненая вялікім жахам, толькі не для веруючых, якія лічаць яе пераходам і сном крыху даўжэйшым за звычайны. Веруючыя не дрыжаць перад смерцю, толькі радуюцца сустрэчы з ёй, бо ведаюць, што пакінуўшы гэтае недаўгавечнае жыццё, яны пяройдуць у непараўнальна лепшае і яснейшае, вечнае і бясконцае. (…) У выніку хрысціянская вера дае чалавеку новае бачанне і сапраўднае пазнанне смерці. Паводле гэтага новага бачання чалавек глядзіць на смерць як на пераход у вечнасць, як на вяртанне ў абдымкі любячага Бога» (Містэрыя смерці). Такім чынам, смерць — гэта не найбольшая параза чалавека, яна можа быць найпрыгажэйшым элементам Божага плану адносна заняпалай чалавечай натуры, знакам Ягонай міласэрнасці і прыхільнасці. У падзеі смерці чалавек не перастае існаваць як асоба, толькі перамяняецца (грэц. metamorfosis) дзеля жыцця ў поўні і


з’яднанні ў Богу, дзеля пераносу ў іншае вымярэнне існавання, дзеля своеасаблівага акту нараджэння да жыцця вечнага. На шмат якіх іконах сцэна смерці ў выглядзе душы, якая пакідае цела, нагадвае роды, дзе ролю акушэраў выконваюць анёлы, альбо дэманы. Сучасны праваслаўны тэолаг Хрыстас Янарас сцвярджае, што смерць адразае чалавека ад чэрава індывідуальнасці (ангельскае: the womb of individuality), у якой ён жыў у свеце, і ўводзіць яго ў поўню жыцця і з’яднання з Богам. Такім чынам смерць вызваляе чалавека ад дамінавання біялагічнага боку ягонай натуры і ўласцівай ёй неабходнасці, якая абмяжоўвае ягонае сапраўднае індывідуальнае існаванне, робячы яго адзінкай (грэцкае: atomos). Таму святы Рыгор Ніскі акрэслівае смерць як нешта добрае, а святы Францыск Асізскі прыняў смерць спяваючы і паказваючы нам гэтым радаснае і прыгожае паміранне. Таксама жыццяпісы іншых святых маюць шмат апісанняў пагоднай смерці, напружанага чакання сустрэчы з Хрыстом — Альфа і Амегай эканоміі збаўлення. Поўня логацэнтрычнага разумення смерці, яе тэалогія, якую мае паказаць ікона, — гэта паказанне насычанай верай, любоўю і надзеяй прасторы дачыненняў між чалавекам і Богам. Па сутнасці, якраз гэта паказвае ўся багатая іканаграфія пакутніцтва. Постаці святых пакутнікаў на іконах прыгожыя, а іхнія абліччы прасветленыя ў чаканні хуткай сустрэчы з Богам, нягледзячы на лютасць катаў. Таксама іканаграфічныя выявы іншых святых, якія закончылі свой жыццёвы шлях і спачылі ў Госпадзе не праз пакутніцтва, з прасветлена яснымі тварамі, перадаюць годнасць і прыгажосць абагаўлёнага чалавецтва. Іхныя твары адлюстроўваюць спакой і радасць — плады належнай сувязі з Богам. Прыкладам гэтага могуць быць шматлікія іконы ўспення пачынаючы ад Успення Найсвяцейшай Багародзіцы. Над усім гэтым, аднак, узносіцца іканаграфія Смерці і Уваскрасення самога Збаўцы Ісуса Хрыста — сапраўднага Бога і сапраўднага чалавека. Сын Божы, не падпарадкоўваючыся абавязковасці смерці, прыняў цела, здольнае памерці, каб праз яго знішчыць — «джала смерці» (1 Кар. 15, 56). Канаючы на Крыжы, Хрыстос уключыў у свае пакуты мукі і смерць усіх людзей. Сышоўшы ў сэрца зямлі (грэц. en te kardia tes ges), ён пазбавіў моцы памірання ўсе паасобныя смерці людзей і паказаў бяссілле таго, што трымаў над ёй сваю ўладу (святы Афанасій Александрыйскі, «Пра ўцелаўленне слова», 20). Гэтую праўду паказвае ікона Уваскрасення Ісуса Хрыста. Ягоны сыход у Пекла перакрэсліў усе межы для ягонай збаўчай моцы яшчэ таму, што смяротнае дазволіла прыадзецца ў несмяротнасць (1 Кар. 15, 53-54). Таму, – сцвярджае а. Аляксандр Шмэман: «першы крок, які мы маем зрабіць у Царкве і адукацыі, — гэта наноў адкрыць для сябе смерць. (…) Вобраз смерці быў дэфармаваны, і таму надзвычай важна ачысціць яго» (Літургія смерці). У гэтым сэнсе важная роля іконы, бо яна — вока, праз якое мы ўжо сёння бачым вечнасць і ўзмацняем веру ў перамогу над смерцю, якая адбылася праз Уваскрасенне Хрыста.

Profile for Innowica

Ks. dr Artur Aleksiejuk - Rozwazania o smierci w ikonografii BY  

Ks. dr Artur Aleksiejuk - Rozwazania o smierci w ikonografii BY  

Profile for innowica
Advertisement