Дзеяслоў (№ 56)

Page 45

Барыс Пятровіч

/

45

– і разбягуцца… Завядуць “жж”, фэйсбук ці твітэр і там, амаль цнатліва, напішуць, што сёння здарылася ці падумалася, і прачытаюць тое ж пра іншых, часам, і не сяброў, а абсалютна чужых, ніколі не бачаных людзей. Эпоха лістоў сышла, як сышлі незаўважна ў мінулае некалі незаменныя друкарскія машынкі… Але само жыццё працягваецца, і ніколькі яно не змянілася з часоў гамеравых ды шэкспіравых – тыя ж страсці, тыя ж жарсці і тая ж корць любові ды кахання, а прасцей кажучы – сэксу… Тут у людзях усё ж пераважае жывёльны пачатак, даруйце мне за такое параўнанне, бо яно не ў крыўду сказана (ні людзям, ні жывёлам…). Мусіць, самае нязменнае ў чалавеку менавіта тое, што не паддалося эвалюцыі, а засталося ў яго з часоў, калі ён яшчэ начаваў на дрэвах ці ў пячорах, і гэта тычыцца іншых самых лепшых і самых горшых пачуццяў ды інстынктаў… Але чаму гэта мяне панесла ў такія развагі – не ведаю… Вернемся да лістоў. Папяровых пасланняў сябрам цяпер увогуле не пішуць… У гэтым я быў абсалютна перакананы да апошняга часу. Пакуль са мною не здарылася гісторыя, пра якую і хачу расказаць. У мінскай букіністычнай кнігарні “Вянок”, што на Траецкім прадмесці, дзе я люблю бываць, бо там можна знайсці і нядорага набыць добрае старое выданне, я ўзяў пагартаць адну кнігу, аўтара якой любіў і кніг ягоных у маёй хатняй бібліятэцы было некалькі – прычым дзве ці тры з адным і тым жа зместам, але розных выдавецтваў. І вось яшчэ адна – сярэдзіны мінулага стагоддзя… Я разгарнуў кнігу і… так-так: з яе нешта выпала мне пад ногі. Упала цяжка, пляснула нават аб падлогу: стосік папер быў немалы. Я падняў туга складзеныя напалам аркушыкі, густа спісаныя дробненькім почыркам. “Нейкі рукапіс ці канспект, – падумаў, – а мо і студэнцкая шпаргалка...” Міжволі прабег некалькі сказаў і зразумеў, што гэта хутчэй за ўсё ліст. Праўда, ніякой пазнакі да каго звяртаецца ягоны аўтар не было. Ліст даволі аб’ёмны і я не разумею, чаму яго не заўважылі раней іншыя (хіба ніхто да мяне не браў гэтую кнігу ў рукі), альбо чаму аўтар пакінуў яго (ці не наўмысна?). Змест ліста ад першых радкоў падаўся мне цікавым і вартым больш уважлівага і спакойнага прачытання. Паколькі быў ён нічыім, я паклаў яго назад у кнігу і пайшоў з ёю да прадавачкі… Перш чым працягваць гісторыю далей, хацеў бы, каб і вы прачыталі той ліст, своеасаблівае пасланне з мінулага стагоддзя, з часоў, калі ў той нашай краіне было каханне, але не было сэксу... Падобна, што аўтар яго – чалавек творчы, бо, рыхтуючы да друку, я зрабіў у лісце ўсяго некалькі дробных стылёвых правак. “Ты спытала ў мяне: ці можа быць дружба паміж мужчынам і жанчынай? Не, адказаў я. Рашуча і пераканаўча. Паміж мужчынам і жанчынай не можа быць сяброўства, можа быць толькі… Я задумаўся: толькі што? Што можа быць? Мне не хацелася, чамусьці не хацелася нават самому сабе казаць тое, што першым прыходзіць у галаву... Мне хацелася хоць бы перад самім сабою быць вышэйшым, што павінна азначаць цнатлівейшым, бо так мяне выхавалі, бо ў нас заўсёды саромеліся прызнавацца ў гэтым, хоць падсвядома разумелі, што ўрэшце рэшт дабіваюцца ад упадабанае асобы толькі…


Issuu converts static files into: digital portfolios, online yearbooks, online catalogs, digital photo albums and more. Sign up and create your flipbook.