Page 1

Навагрудская цэнтральная раённая бібліятэка Інфармацыйна-бібліяграфічны сектар

Выпуск 10 вёскі Заполле, Ятра Навагрудак, 2011


Дзесяты выпуск інфармацыйна-краязнаўчага бюлетэня “Жывая даўніна” прысвечаны адразу дзвюм вёскам – Заполлю і Ятры, якія знаходзяцца ў Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці. Дакумент змяшчае звесткі пра гістарычнае, гераічнае мінулае і прыродныя асаблівасці вёсак. Бюлетэнь будзе карысны настаўнікам, вучням, краязнаўцам, турыстам і ўсім тым, хто цікавіцца гісторыяй свайго краю.

2


Вёска Заполле Геаграфічныя звесткі Вёска Заполле знаходзіцца на поўдні Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці, у 30 кіламетрах ад горада Навагрудка. Мяжуе з Баранавіцкім раёнам Брэсцкай вобласці і Дзятлаўскім раёнам Гродзенскай вобласці.

Адкуль у вёскі такая назва Паводле легенды, вельмі даўно людзі выкарчоўвалі лес, які быў за полем. На гэтым месцы адзін чалавек пабудаваў хату. Потым сталі будавацца і іншыя людзі. З часам узнікла цэлае пасяленне. І калі з суседняй вёскі нехта ішоў туды, то казаў: “Пайду за поле”. Так і ўтварылася вёска Заполле. “Запісана са слоў старажылаў вёскі Заполле Іллёй Антончыкам, настаўнікам Заполле-Ятранскай базавай школы”.

Рэспубліканскі геалагічны (мінералагапетраграфічны) помнік прыроды ДЗВЕ КАМЛЫГІ ЗАПОЛЬСКІЯ За 0,5 кіламетра на захад ад паўночна-заходняй ускраіны вёскі Заполле, ля дарогі, што вядзе ў вёску Кажухоўцы, ва ўрочышчы 'Гарадзішча" на паўднёвым схіле былога пясчанажвіровага кар'ера захаваліся дзве буйныя камлыгі. Абедзве камлыгі* ўскрытыя часткова - большая іх частка пагружана ў сценцы пагорка, таму тут разгледжаны іхнія бачныя памеры (гл.фота 7). Даўжыня доўгай восі заходняй камлыгі (гл.фота 8) 540 м, кароткай - 3,10, вышыня - 1,65 м, абвод -14,6 м, аб'ём 14,7 м3, вага - 38,8 т (53°25'45мПн, 25°44' 00"У). Памеры ўсходняй камлыгі, якая выступае за 20 метраў на ўсход ад папярэдняй, наступныя: доўгая вось - 5,00 м, кароткая - 3,20, вышыня -2,80 м, абвод -13,8 м, аб'ём -23,7 м3, вага - 62,9 т (53°25'45"Пн, 25°44,01" У). Гэтыя ледавіковыя камлыгі з'яўляюцца пясчана-жвірова-галечна-валуннымі кангламератамі* – так

3


называюцца сцэментаваныя грубаабломкавыя асадкавыя і крышталічныя горныя пароды, што складзены пераважна з галькі, пяску, жвіру і валуноў. Запольскія кангламераты аднолькавыя па складу і ўтрымліваюць пераважна водна-ледавіковыя пясчана-жвіровагалечныя і пясчана-жвіровыя з валунамі адклады, якія чаргуюцца паміж сабою і маюць магутнасць слаёў 10-35 сантыметраў. Усе абломкі добраакатанай і вуглавата-акатанай формы. Яны змацаваны карбанатным цэментам. Слайкаватасць у праслоях гарызантальная, а слаі нахілены да 12° на поўнач-паўночны ўсход. Зверху камлыгі пакрыты дробназярністым жаўтавата-шэрым пяском магутнасцю да 7 метраў. Запольскія камлыгі пясчана-жвіровых кангламератаў - эталон карбанатных новаўтварэнняў, якія ўзніклі ў выніку карбанатнай цэментацыі пясчана-жвіровых і жвірова-галечных слаёў. Карбанатная цэментацыя адкладаў праходзіла пры фільтрацыі напорных водаў і выпадзення з раствору СаСОз (карбанагу кальцыя) у часы ўтварэння геалагічных структур, а магчыма і пазней. Наяўнасць і захаванасць гэтых кангламератаў важная для рэканструкцыі палеагеаграфічных умоў, якія існавалі тут у часы сожскага зледзянення, калі паміж языкамі ледавіковага краю матэрыял ложа выціскаўся з

Геалагічны помнік прыроды Дзве камлыгі запольскія заходні пясчана-жвірова-галечна-валунны кангламерат, выгляд з поўдня.

4


лагчын і згружаўся ў месцах стыкаў суседніх языкоў. Яны таксама ўяўляюць цікавасць і з пункту гледжання вывучэння сучасных геалагічных працэсаў. № 467/15-2825 (заходняя), № 468/15-2826 (усходняя) Тут жа, за 7 метраў на поўдзень ад усходняй камлыгі, захаваўся валун граніту рапаківі чырвона-бурага з крышталямі палявога шпату ў выглядзе авоідаў папярочнікам да 7 сантыметраў з алігаклазавай аблямоўкай. Даўжыня доўгай восі гэтага валуна 1,80 м, кароткай 1,50, вышыня -1,00 м, абвод -5,10 м, аб'ём - 1,5 м , вага - 3,8 т. Мае форму добра акатанай цэглы з акруглымі беражкамі і адшліфаванай паверхняй. Гэты валун прыкладна 220-150 тыс. гадоў таму быў прынесены ледавіком з Расіі, з наваколляў г.Выбарга, Ленінградскай вобласці. Валун належыць да кіроўных тыпаў і варты захавання разам з камлыгамі кангламератаў. Узровень радыяцыйнага выпраменьвання заходняй камлыгі 14,3 мікрарэнтген / гадзіну, ўсходняй - 16,4, навакольнага асяроддзя 17,4 мікрарэнтген / гадзіну. Ніжэйшыя ўзроўні выпраменьвання камлыгаў, чым навакольнага фону, тлумачыцца тым, што яны былі раней пахаваныя ў нетрах пагорка і параўнальна нядаўна ўскрыты пры распрацоўцы кар'ера. Гэтыя паказчыкі адпавядаюць узроўню натуралынага фону выпраменьвання, які быў у наваколлі вёскі да чарнобыльскіх падзей. Узровень радыяцыйнага выпраменьвання ледавіковага валуна дасягае 35,6 мікрарэнтген / гадзіну, які звычайна характэрны для гранітаў рапаківі Ленінградскай вобласці. Магчыма, што менавіта па камлыгах кангламератаў гэтая мясціна атрымала сваю назву Гарадзішча. Людзі лічылі, што кангламераты - рэшткі старажытных збудаванняў, такая думка заўсёды з'яўляецца ва ўсіх, хто бачыць гэтыя ўтварэнні. Запольскія камлыгі кангламератаў і валун граніта рапаківі належаць да ўнікальных утварэнняў прыроды і варты захавання ў якасці рэспубліканскага геалагічнага (мінералага-петраграфічнага) помніка прыроды.

Запольскі валун – 1,8 х 1,5 х 1,0 м. Знаходзіцца ў 2-х кіламетрах на захад ад сельскага выканаўчага камітэта ў вёсцы Ятра, у 22 кіламетрах на паўднёвы-захад ад цэнтра горада Навагрудак, выдзел 20 квартала № 144 Свіцязянскага лясніцтва Дзяржаўнай лесагаспадарчай установы «Навагрудскі лясгас», урочышча Гарадзішча.

5


*Камлыга – вялікі бясформенны кусок, абломак якой-небудзь цвердай масы. *Кангламерат – (ад лац. conglomeratus сабраны, ушчыльнены), механічнае, выпадковае спалучэнне якіх-небудзь разнародных кампанентаў. У геалогіі – сцэментаваная асадкавая абломкавая горная парода, складзеная пераважна з галькі з прымессю пяску, жвіру і валуноў. 1. Рэспубліканскі геалагічны (мінералалга-петраграфічны) помнік прыроды дзве камлыгі Запольскія // Распрацоўка навуковаабгрунтаваных комплексных схем ахоўных прыродных тэрыторый Беларусі (геалагічныя і геамарфалагічныя аб’екты) – Этап ІІІ. Навагрудскі раён Гродзенскай вобласці [Тэкст, карты]: справаздача аб НДП (кніга І) / Інстытут геалагічных навук, кіраўнік В. Ф. Вінакураў. – № 199570. – Мн., 1996. – С.49-52.

Храналогія вёскі 1777 год – Заполе, вотчынная маёмасць Ятра Стараельненскай парафіі, 34 дымы; 1798 год – Заполле, вотчына Ятранскай ўніяцкай парафіі, Навагрудскага дэканату, 31 дом; 1799 год – вотчынная маёмасць Ятра, уласнасць Я. Кашыца, палкоўніка былых войск Рэчы паспалітай, 40 дымоў; 1860 год – “Заполье”; 1870 год – вотчына Ятранскай сельскай грамады, Пачапаўскай воласці, Ятранскага праваслаўнага прыходу, 207 рэвізскіх душ былых дзяржаўных сялян; 1897 год – Заполле, вотчына, 92 двары, 680 жыхароў (333 мужчын, 347 жанчын), піцейны дом; 1909 год – Заполле, вотчына, 129 двароў, 644 жыхары; 1921 год – Заполе, вотчына Пачапаўскай гміны, 130 жылых будынкаў, 748 жыхароў (343 мужчыны, 405 жанчын); 1982 год – Заполле, вёска Ятранскага сельскага Савета, цэнтр калгаса “Сцяг працы”, 161 двор, 318 жыхароў, Дом культуры, бібліятэка, магазін, сярэдняя школа, знатная зямлячка – Ніна Тарас; 2008 год – Ятранскі сельскі Савет аб’ядналі з Валеўскім сельскім Саветам; Дом культуры, бібліятэка, магазін; 2010 год – вёска Заполле, Валеўскага сельскага Савета, уваходзіць у СВК “Ятра”, 127 двароў, пражывае больш за 250 чалавек.

6


2. Спірыдонаў, М. Ф. Хроніка населеных пунктаў Навагрудчыны XIII-XX стст.: у 2 ч.: [у т. л. пра вёску Ятра] / М. Ф. Спірыдонаў, Г. М. Брэгер. – Мінск, 1995; Фонды Навагрудскага гісторыка-краязнаўчага музея; КП 4780. 3. Жучкевич, В. А. Краткий топонемический словарь Белоруссии: [в т. ч. про деревню Заполье, Новогрудского района] / В. А. Жучкевич. – Минск, 1974. – С.134.

З гісторыі вёскі Заполле Лічаць, што гісторыя вёскі Заполле бярэ пачатак у ХVІ стагоддзі. Звесткі аб заснавальніках не захавалася. Старажылы ў свой час сцвярджалі, што спачатку ў гэтых мясцінах быў лес. У канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя на Беларусі панавала памешчыцкае землеўладанне. На тэрыторыі быўшага Ятраўскага сельскага Савета звыш 1200 дзесяцін зямлі належалі польскаму памешчыку Кашчыцу. У 1831 годзе ён быў вымушаны ўцячы за мяжу – як удзельнік паўстання 1830-31 гадоў* – яго праследавала царская ўлада. Зямля адышла дзяржаўнай казне. Сяляне вёсак Заполле і Ятра належалі дзяржаве. Пасля рэформы 1861 года памешчыцкія сяляне атрымалі надзелы па 10 дзесяцін, а дзяржаўныя – па 21 дзесяціне на двор, за якія павінны былі прадаць тры каровы. Між тым, зямлю яны атрымалі самую неўрадлівую. З ростам насельніцтва зямельныя надзелы раздрабніліся да 2-4 дзесяцін. У выніку сяляне былі вымушаныя арэндаваць памешчыцкую зямлю. Пасля грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі землі Заходняй Беларусі, у тым ліку і вёска Заполле, аказаліся пад уладай Польшчы. Аднак людзі не страцілі надзею на ўз’яднанне з Савецкай Беларуссю. Іх мара ажыццявілася 17 верасня 1939 года. Гэта дата дала пачатак будаўніцтву новага жыцця. За перыяд з верасня 1939 года па 22 чэрвеня 1941 года, 25 гаспадарак вёскі Заполле аб’ядналіся ў калгас “Ленінскі шлях”, які меў 310 гектараў зямлі, 80 рэквізаваных кароў і 49 коней. ___________ *Паўстанне польскай шляхты (1830-31гг) супраць расійскага самадзяржаўя, аб незалежнасці Рэчы Паспалітай.

7


Былыя гаспадары вёскі Кашчыц Язэп нарадзіўся ў 1795, каля Пінска. Удзельнік паўстання 1830-31 гадоў. З заможнага шляхетнага роду. У 1811 годзе паступіў на матэматычны факультэт Віленскага універсітэта, але, пакінуўшы навучанне , уступіў у 17-ы полк уланаў, які фарміраваўся ў Літве. Узельнічаў у вайне 1812 года на баку Напалеона. Тры гады пражыў за мяжой, потым жыў у Навагрудскім павеце. У 1830 годзе абраны маршалкам шляхты. У 1831 годзе ўзначаліў паўстанне ў Навагрудскім і Слонімскім паветах. У сваім маётку стварыў паўстанцкі атрад, у які ўваходзілі шляхта, чыноўнікі, вучнёўская моладзь (да 400 чалавек). Да ліпеня 1831 года атрад вырас да 1 тысячы чалавек. Паўстанцы мелі сутычкі з урадавымі войскамі каля вёсак Гарадзішча, Каменны Брод, Кошалева, Радзюкі, Навіны, нападалі на Дзятлава, захапілі мястэчка Беліца; у Навагрудку разброілі вайсковую каманду, адбілі астрог і вызвалілі арыштаваных. 12(24) ліпеня атрад злучыўся з корпусам Г. Дэмбінскага, перайшоў на тэрыторыю Польшчы. Пасля разгрому паўстання эмігрыраваў у Францыю, дзе зблізіўся з А. Чартарыйскім, сябраваў з А. Міцкевічам. Потым адышоў ад актыўнай палітычнай дзейнасці. Памёр у Францыі. 4. Кашыц, Язэп: [пра польскага памешчыка, які валодаў зямлёй на тэрыторыі вёскі Заполле, Навагрудскага раёна] // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Мінск, 1997. – Т. 4. – С.158.

Вёска Заполле ў гады Другой сусветнай вайны Мірнае жыццё доўжыла нядоўга. Вялікі адбітак на вёску наклала Вялікая Айчынная вайна. Амаль з кожнай хаты праводзілі на вайну бацьку, мужа, сына, брата. Не ўсе яны вярнуліся дамоў. Вёска была напалову спалена, з 185 двароў – 30 было знішчана. Многія жыхары загінулі за сувязь з партызанамі.

8


Свята шануюць у Заполлі памяць загінуўшых землякоў. У скверы, каля будынка праўлення калгаса “Сцяг працы”, 07.06.1943 года, пры выкананні баявога задання непадалёку ад вёскі Заполле загінуў камандзір партызанскага атрада імя А. В. Суворава Першамайскай брыгады С. К. Камышаў (Міхаіл Стралкоў). Пахаваны на могілках у вёсцы Ятра. У 1982 годзе на ўшанаванне яго памяці пастаўлена стэла. Іх імёны, запісаныя на абеліску, застануцца вечным напамінам пра людзей, чые жыцці забрала вайна.

Пасляваеннае і сучаснае жыццё вёскі У 1949 годзе ў вёсцы Заполле быў арганізаваны калгас імя Леніна, старшынёй якога стаў М. П. Сапега. Потым маленькія гаспадаркі, створаныя ў вёсках Ятра, Клёны і Заполле, аб’ядналіся ў калгас з агульнай назвай імя Леніна. Узначаліў яго М. П. Ясевіч. З часам калгас стаў называцца “Заполле”, а пазней “Сцяг працы”. У свой час зрабілі ўклад у развіццё гаспадаркі старшыні С. М. Мароз, А. Я. Чура, Л. А. Касцюк, І. І. Богдан. А ў 1986 годзе на пасаду старшыні прыйшоў В. Л. Фурса, які і цяпер стаіць на чале і ўмела кіруе СВК “Ятра”. Шэсць жыхароў Заполля адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі. У іх ліку Пётр Іосіфавіч Камендант, які ў 1974 годзе быў узнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы ІІІ ступені. Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга ў 1973 годзе была адзначана звеннявая Надзея Мікалаеўна Прасняк. У 1971 годзе ордэнам “Знак Пашаны” узнагароджаны Аляксандр Уладзіміравіч Брычкоўскі і Генадзь Юльянавіч Кухта.

9


Медалём “За працоўную адзнаку” у 1972 годзе ўзнагароджана Анастасія Сямёнаўна Сапега, а ў 1986 годзе – даярка Марыя Уладзіміраўна Карпач. 5. Антончык,І. Ёсць такая вёска – Заполле / І. Антончык // Новае жыццё (Навагрудскі раён). – 2010. – 20 сакавіка.

Знакамітыя аднавяскоўцы У Заполлі нарадзілася вядомая паэтка Ніна Міхайлаўна Тарас. Разам са сваімі землякамі Канстанцінам Люцкевічам і Іванам Прасняком яна працавала над выданнем падпольнай раённай газеты “На барыкады”, якая выходзіла на тэрыторыі быўшага Ятраўскага сельскага Савета. У пасляваенны час Ніна Тарас пераехала ў Мінск. Доўгі час супрацонічала з газетай “Піянер Беларусі. У розныя гады выйшлі з друку зборнікі яе вершаў. Акрамя гэтага перакладала з рускай, украінскай і польскай моваў. 6. Тарас Ніна Міхайлаўна // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. – Мінск, 2002. – Т. 15. – С.435. 7. Тарас Ніна Міхайлаўна // Беларускія пісьменнікі: біябібліяграфічны слоўнік: у 6 т.– Мінск, 1995. – Т. 6. – С.62-65. 8. Мая ціхая песня: да 85-годдзя з дня нараджэння Н. Тарас: рэкамендацыйны бібліяграфічны спіс літаратуры // Навагрудская цэнтральная раённая бібліятэка; склад.: І. М. Царук, М. А. Валенцюкевіч. – Навагрудак, 2001. – 6с.

Генералы-землякі Арабей Павел Рыгоравіч (1901-1974) Нарадзіўся ў вёсцы Заполле Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці. Генерал-маёр (1943). У Чырвонай Арміі з 1920 году. У 1939 годзе скончыў Акадэмію імя Фрунзе. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны з чэрвеня па жнівень 1944 года быў начальнікам штаба і камандзір 241-й стралковай дывізіі на Паўночна-Заходнім, Варонежскім і 1-м Украінскім франтах. З сакавіка 1945 па верасень 1947 года – начальнік курсаў удасканалення афіцэрскага саставу. З кастрычніка 1947 года – на адказных пасадах у войску.

10


Біліч Рыгор Іванавіч (11.11.1901 – 27.10.1960) Нарадзіўся ў вёсцы Заполле Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці. Генерал-маёр (1953). Удзельнік Грамадзянскай вайны. Скончыў Ваенную акадэмію механізацыі і матарызацыі Чырвонай Арміі (1936). З 1919 года ў Чырвонай Арміі, на Заходнім фронце. У Вялікую Айчынную вайну з 1942 года на Паўднёвым, ПаўночнаКаўказскім, Сталінградскім, 1-м і 4-м Украінскіх франтах: намеснік начальніка штаба танкавага корпусу па тылу. З 1944 года – выкладчык ваеннай акадэміі. З 1945 года – на адказных пастах у войсках. Узнагароджаны ордэнам Леніна, 7 другімі ордэнамі і медалямі. 9. Долготович, Б. Честь и слава земли Новогрудской: [в т. ч. о генералах П. А. Арабей и Г. И. Биличе] / Б. Долготович // Навагрудчына ў гістарычна-культурнай спадчыне Еўропы: да 600годдзя Грунвальдскай бітвы. – Мінск, 2010. – С.276.

Вёска Ятра Геаграфічныя звесткі У кожнай вёскі, як і ў кожнага чалавека - свая біяграфія, cваё мінулае, сённяшняе і будучае. Часам варта зазірнуць у вытокі, каб ацаніць рэчаіснасць, адчуць будучыню. Вось, у прыватнасці, вёска Ятра... Сёння - гэта цэнтральная сядзіба калгаса "Ятра". Размяшчаецца за 28 кіламетраў на поўдзень ад Навагрудка, да чыгуначнай станцыі Наваельня ўсяго 15 кіламетраў, а побач аўтадарога Карэлічы–Наваельня. А асаблівы каларыт населенаму пункту надае рэчка Ятранка, якая працякае побач.

10. Ятра: [вёска ў Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці] // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. – Мн., 2004. – Т. 18. Кн. 1. – С.313. 11. Антончык, І. Дзе празрыстая Ятранка цячэ... / І. Антончык // Новае жыццё (Навагрудскі раён). – 2009. – 30 снежня. Рака Ятранка Рака ў Навагрудскім і Дзятлаўскім раёнах, Гродзенскай вобласці, правы прыток ракі Моўчадзь (басейн ракі Нёман). 31

11


кіламетар. Плошча вадазбору 208 км 2. Пачынаецца каля вёскі Ярошычы Навагрудскага раёна, цячэ па паўднёва-заходніх схілах Навагрудскага ўзвышша, упадае ў раку Моўчадзь на поўдзень ад гарадскога пасёлка Наваельня Дзятлаўскага раёна. Прытокі – Мутніца, Лапушанка. Рэчышча на працягу 4,7 кіламетра ад вытоку каналізаванае. Каля вёскі Круцілавічы і Стараельня створаны сажалкі (плошчай 0,01 км2 кожная).

12. Ятранка: [рака ў Навагрудскім і Дзятлаўскім раёнах Гродзенскай вобласці] // Энцыклапедыя Беларусі: у 18 т. – Мінск, 2004. – Т. 18. Кн.1. – С.313. 13. Блакітны скарб Беларусі: энцыклапедыя: [у т. л. пра раку Ятранку]. – Мінск, 2007. – С.477-478.

Вёска ў легендах і паданнях Па адной з легенд, назва вёскі паходзіць ад таго, што на месцы цяперашняга населенага пункта раней былі вялікія зараснікі ятрука (ятрышнік). Другая легенда больш прыгожая. Некалі даўным-даўно тут жыло племя яцвягаў з князёўнай Ятрынь. Вось ад імя князёўны і пайшла назва: Ятрынь – значыць Ятра. Пазней і рэчку сталі называць Ятранкай. А жыхары і раней, і сёння клічуць сябе ятранцамі і вельмі любяць свае мяс-ціны. “Запісана са слоў старажылаў вёскі Ятра Іллёй Антончыкам, настаўнікам Заполле-Ятранскай базавай школы”.

12


Рэспубліканскі ландшафтны геолагагеамарфалагічны заказнік прыроды ЗАМКАВАЯ ГАРА ЯТРАЎСКАЯ Размешчаны за 2 кіламетры на захад ад сельсавета вёскі Ятра, і за 22 кіламетры на паўднёвы захад ад цэнтра г. Навагрудка. Знаходзіцца на паўднёвым захадзе раёна, паміж вёскамі Мілеўцы, Заполле і вёскамі Дзятлаўскага раёна Стараельня, Еленка і Кажухоўцы. Прымеркаваны да паўднёва-заходняй часткі Навагрудскага канцова-марэнгавага ўзвышша. Абсалютныя адзнакі паверхні вагаюцца ад 177,5 да 259,9 м. над узроўнем мора.плошча заказніка 14,5 км2 . Пад’ехаць да яго можна па дарозе Валеўка-Заполле і далей на захад да Замкавай гары. 14. Рэспубліканскі ландшафтны геолага-гемарфалагічны заказнік прыроды Замкавая Гара Ятраўская // Распрацоўка навукова-абгрунтаваных комплексных схем ахоўных прыродных тэрыторый Беларусі (геалагічныя і геамарфалагічныя аб’екты) – Этап ІІІ. Навагрудскі раён Гродзенскай вобласці [Тэкст, карты]: справаздача аб НДП (кніга І) / Інстытут геалагічных навук, кіраўнік В. Ф. Вінакураў. – № 199570. – Мн., 1996. – С. 38-41.

Храналогія вёскі Ятра 1554 год – “Ятра”, двор Наўгародскага павета, уласнасць Ю. В. Цішковіча; 1554-1555 гады – маёмасць князя М. Збаражскага, канфлікт з Цішковічам; 1559 год – маёмасць Ноўгародскага павета, уласнасць некалькіх шляхцічаў, пераважна татар; Да 1562 года, маёмасць прададзена Ш. К. Людзінскай княгіні М. А. Збажылоўскай-Г. Дзеспатаўне; 1562 год – дазвол Жыгімонта Аўгуста заснаваць мястэчка, мець корчмы, праводзіць базары ў нядзелю і кірмашы на Пятра;

13


1564 год – сяло дзяржаўнай уласнасці, тут дзякуй А. Іванавічу за заслугі і за зямлю яго фальварка, што пайшла ў валочную памеру, пажалаваны 17 аселых і адна пустая валокі; 1567 год – маёмасць Ноўгародскага павета, уласнасць жонкі ноўгародскага харужага І. Харытонавіча, М. Я. Кургана, С. Масковіча – Г. Котаўны і І. Маскевіча, якія выстаўлялі ў войска па аднаму каню. Маёмасць татарына А. Гасціловіча, які выстаўляў у войска аднаго каня; 1575-1578 гады – маёмасць О. Герасімаўны – М. О. Палонскай; 1584 год – маёмасць Ф. Загароўскага і яго братоў; 1670 год – Ятра, мястэчка Навагрудскага павета, уласнасць С. Незабітоўскага, 11 дымоў атчызных і 3 дымы, купленыя ў памешчыка Вяжэйскага, усяго 14 дымоў; 1672 год – маёнтак фундушавы, маёмасць Навагрудскай езуіцкай калегіі, запіс К. Обрынскай; 1683 год – маёмасць Д. Хадаровіча, 1 дым; 1689 год – маёмасць Навагрудскай езуіцкай калегіі, замена зямель; 1717 год – Ятра, мястэчка цэльскага старасты С. Незабітоўскага, 46 дымоў, Ятра Обрынская, маёмасць інфлянцкага стольніка Пудкамера, які ён атрымаў ад ксяндза Кулакоўскага, рэктара Навагрудскага езуіцкага калегіума, 10 дымоў; 1761 год – Ятра, заснавана ўніяцкая царква; 1777 год – Ятра, маёмасць Стараельненскай парафіі, уласнасць чудаўскага старасты Кашыца. У маёнтку: панскі двор – 1 дым, фальварак Гарынь і Азараўшчына – 2 дымы, Ятра – 23 дымы, Чарневічы – 10, Данейкі з Грымбалоўшчынай – 21, Кабыльнікі – 35, Ціхінка – 3, Мілеўцы – 8, Заполле – 34, Рэмушкі – 6, Калмацкаўшчына – 3, Марчыкі – 2, Концавічы – 22, усяго – 170 дымоў. Уніяцкая плябанія, 1 дым; 1789 год – Ятра, маёнтак фальварка Гарынь, уласнасць чудзянскіх старастаў Кашыцаў, дымы: 2 дворныя, 164 цяглыя, 4 халупныя, усяго 170 дымоў, 1154 жыхары. Уніяцкая плябанія, ксёндз Ю. Дашкевіч, 1 дым; 1790 год – маёмасць чудзянскай старасціны Кашыцавай, 109 дымоў, уніяцкая плябанія, 1 дым; 1798 год – вотчына, цэнтр уніяцкай парафіі Навагрудскага дэканата, царква Багародзіцы, драўляная. Парафія вотчыны Ятра – 23 дамы, Калмацкаўшчына – 4, Гарынка – 3, Концавічы – 35, Чэрневічы –

14


8, Ціхінка – 5, Мілеўцы – 9, Заполле – 31, Рэмушкі – 1, Дайнекі – 20, усяго – 178 дамоў. Спавядаліся: 438 мужчын, 338 жанчын, усяго – 76 душ, разам з тым, што яшчэ не спавядаліся, усяго – 996 душ; 1799 год – маёмасць Я. Кашыца, палкоўніка былых войск Рэчы Паспалітай, 28 дымоў; 1860 год – “Ятра”; 1864 год – вотчына, цэнтр праваслаўных прыхажан, царква Раства Багародзіцы, драўляная; 1870 год – вотчына Ятранскай сельскай грамады, Пачапаўскай воласці, Ятранскі праваслаўны прыход – 105 рэвізскіх душ былых дзяржаўных сялян. У Ятранскай сельскай грамадзе: 9 пасесій, 2801 рэвізкая душа; 1876 год – маёмасць калежскага саветніка М. В. Селіверстава, праваслаўнага, паводле купчай 1869 года з дазволу яго Імператарскай Вялікасці ва ўзнагароду за службу, 276 дзесяцін, штогадовы прыбытак з вадзянога млына – 75 рублёў, гаспадаркай займаўся арандатар; 1886 год – сяло 23 двары, 270 жыхароў, праваслаўная царква, 2 часоўні, крама, млын; 1888 год – маёмасць М. Н. Сельвестравай, удавы стацкага саветніка, праваслаўная, 240 дзесяцін; Каля 1892 года заснавана народнае вучылішча; 1897 год – сяло Пачапаўскай воласці, 49 двароў, 328 жыхароў (163 мужчыны, 165 жанчын), царква, народнае вучылішча, 2 крамы, хлебазапасны магазін, піцейны дом. Маёмасць : 1 двор, 30 жыхароў (16 мужчын, 14 жанчын), вадзяны млын, піцейны дом; 1909 год – сяло, 55 двароў, 398 жыхароў. Маёмасць – 1 двор, 22 жыхары; 1911 год – сядзіба, маёмасць А. І. і А. К. Юшкевічаў, няпольскага паходжання, па 130 дзесяцін у кожнага; 1921 год – Ятра, вёска Пачапаўскай гміны, 67 жылых будынкаў, 384 жыхары (171 мужчына, 213 жанчын). Фальварак, 1 жылы будынак, 7 жыхароў (3 мужчыны, 4 жанчыны); З 1939 года – у складзе Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі; З 15.01.1940 года – ў Валеўскім раёне, з 12.10.1940 года – цэнтр сельскага Савета, 25.11.1940 года ў Карэліцкім раёне Баранавіцкай вобласці; 1947 год – вёска, цэнтр Ятранскага сельскага савета Карэліцкага раёна Баранавіцкай вобласці, 14 паселішч;

15


З 08.01.1954 года – у Гродзенскай вобласці; З 25.12.1962 года – у Навагрудскім раёне; 1982 год – Ятра, вёска, цэнтр сельскага Савета ў калгасе “Сцяг працы”, у сельскім савеце 12 паселішч, 1 калектыўная сельская гаспадарка; 1995 год – вёска, цэнтр сельскага Савета і калгаса “Сцяг працы”, 123 двары, 307 жыхароў, школа, бібліятэка, клуб, аддзяленне сувязі, магазін; помнік воінам-землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, мемарыяльны помнік камандзіру партызанскага атрада С. К. Камышаву; 4 брацкія магілы, у якіх пахаваны 8 партызан, у тым ліку камандзір атрада; праваслаўная царква. 2011 год – Ятра, Валеўскага сельскага Савета, цэнтр СВК “Ятра”, 133 двары, 297 жыхароў, бібліятэка, клуб, магазін, цэх па вытворчасці рапсавага масла ад Слонімскага прадпрыемства “Партнёр”. 15. Спірыдонаў, М. Ф. Хроніка населеных пунктаў Навагрудчыны XIII-XX стст.: у 2 ч.: [у т. л. пра вёску Ятра] / М. Ф. Спірыдонаў, Г. М. Брэгер. – Мінск, 1995; Фонды Навагрудскага гісторыка-краязнаўчага музея; КП 4780. 16. Жучкевич, В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии: [в т. ч. про деревню Ятра, Новогрудского района] / В. А. Жучкевич. – Минск, 1974. – С.421.

Знакамітыя жыхары вёскі У 1641 годзе тут нарадзіўся беларускі грамадскі дзеяч, пісьменнік-мемуарыст. Станіслаў Незабітоўскі. Вучыўся ў Навагрудскім езуіцкім калегіуме. Кальвініст. Служыў у Радзівілаў, доўгі час жыў у Слуцку. Неаднаразова выбіраўся дэпутатам ад навагрудскай шляхты на сесіі Трыбунала Вялікага княства Літоўскага. Збераглася вялікая эпісталярная спадчына Незабітоўскага (каля 700 да розных асоб, у т. л. да польскага паэта З. Морштына). Аўтар змястоўных і падрабязных успамінаў, дзе апісаны падзеі 1682-1700 гадоў на Навагрудчыне і Случчыне. Яго мемуары – каштоўная крыніца па гісторыі грамадскапалітычнага і прыватнага жыцця Беларусі і Літвы канца 17 стагоддзя. Рукапіс мемуараў зберагаецца ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве. Памёр у 1717 годзе.

16


17. Незабітоўскі Станіслаў Ян // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: у 5 т. – Мінск, 1987. – Т. 4. – С.62. Жыў тут і акадэмік Я. Ф. Карскі, заснавальнік беларусазнаўства і філалогіі. У 1861 годзе бацькі Яўхіма Фёдаравіча пераехалі на Навагрудчыну ў сяло Ятра. Тут была царква, у якой і пачаў працаваць яго бацька. Ятра для Яўхіма стала другой радзімай. 18. Карскі Яўхім Фёдаравіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: у 5 т. – Мінск, 1987. – Т. 3. – С.696-697. 19. Карскі Яўхім Фёдаравіч // Энцыклапедыя гісторыіі Беларусі: у 6т. – Мінск, 1997. – С.127-128. 20. Карскі Яўхім Фёдаравіч // Асветнікі зямлі Беларускай: эцыклапедычны даведнік. – Мінск, 2001. – С.211-213.

З праваслаўнай гісторыі Царква Ражства Прасвятой Багародзіцы Першае пісьмовае згадванне пра ўніяцкую царкву ў Ятры адносіцца да 1761 года. У 1773 годзе памешчыца Кашынцава пабудавала царкву ў гонар Ражства Прасвятой Багародзіцы на свае ўласныя сродкі, яна мела форму карабля. У 1864 годзе гэтая царква адносілася да 5 класа. Мела 40 дзесяцін зямлі. Прыход складаў 949 мужчын, 955 жанчын. У 1879 годзе царква ўяўляла сабой драўляны прамавугольны ў плане будынак з адным глухім купалам, драўлянай страхой. Мела 2 дзвярэй. Насланая дошкамі столь падтрымлівалася 6 драўлянымі слупамі. Дашчаты іканастас быў пафарбаваны ў белы колер з пазалочанымі карнізамі, рамамі і разьбою. Ён складаўся з 8 іконаў, размешчаных у адзін ярус. Званіца стаяла асобна. Сярод прыхажан было 1099 мужчын і 1106 жанчын. Прыхажане былі даволі

17


рэлігійнымі. Большасць з іх займалася земляробствам. Царква мела зямлі: сядзібнай – 3 дзесяціны, ворнай – 35 дзесяцін,, сенакосаў – 8 дзесяцін. У 1929-1939 гадах настаяцелем царквы быў свяшчэннік Кіпрыян Клімук, асуджаны за веру Хрыстову савецкай ўладай і прыняўшы пакутніцкі вянец у папраўча-працоўным лагеры ў 1942 годзе. У гады другой міравой вайны мясцовыя партызаны ўзарвалі царкву, бо баяліся, што немцы выкарыстуюць яе для абароны. У цяперашні час былы будынак царквы не існуе. Пад царкву прыстасаваны былы дом свяшчэнніка. Там і праводзяцца богаслужэнні. Царква была асвечана ў 1987 годзе. 21. З гісторыі праваслаўных храмаў на Навагрудчыне: [у т. л. пра царкву Ражства Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Ятра, Навагрудскага раёна] / уклад. І. С. Грынь. – Навагрудак, 1996. – С.26. 22. Новогрудской епархии – 690: [в т. ч. о Храме Рождества Пресвятой Богородицы в селе Ятра, Новогрудского района]. – Жировичи, 2007. – С.38-39.

Услаўленне святара Кіпрыяна Клімуца Ліда яшчэ не ведала падзеі такой важнасці, але 3-4 жніўня запомніцца ўсім, хто пабываў у Свята-Міхайлаўскім кафедральным саборы горада. Услаўленне святога – гэта асаблівыя ўрачыстасці, у іх прымае ўдзел ўвесь епіскапат Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы – архіепіскапы і епіскапы начале з Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі. Сам па сабе прыезд адразу ўсіх

18


архірэяў - знамянальная падзея. Калі моляцца архіпастыры, заклікаючы Госпада, Маці Яго Прачыстую і святых угоднікаў, у храме, здаецца, адчуваецца благадатная прысутнасць жыхароў неба. Святыя, паводле вучэння Царквы, - гэта людзі, якія з прычыны свайго праведнага жыцця, подзвігаў або пакутніцтва на славу Божую пасля смерці зрабіліся заступнікамі і прадстаўнікамі за нас перад Богам Суд над нябожчыкам творыць Гасподзь, Ён адзін ведае долю, якая ўгатаваная кожнаму з нас. Але Царкве, якая з'яўляецца – “слупам і зацвярджэннем Ісціны”- адчыняецца, што некаторыя з спачылых дагадзілі Богу сваім святым жыціем, дасягнулі вечнай асалоды і прадстаўніцтва за нас перад Яго Прастолам. Прызнанне Царквой таго ці іншага з яе памерлых членаў знаходзяцца ў гурце ўгоднікаў Божых і называецца кананізацыяй. Слова кананізацыя ў пераводзе з грэчаскага “канонизо”, якое ў перакладзе азначае "узаконьваць". Гэта ўзаконьванне здзяйсняецца праз асаблівую пастанову царкоўнай улады – шанаваць, як святога памерлага падзвіжніка веры і набожнасці. Слаўна і пахвальна тое месца на зямлі, якое мае свайго нябеснага заступніка, малітоўніка перад Госпадам, бо малітва праведніка - як свяцільнік, што гарэў непагасна ў манастырах Бога нашага. Яшчэ адным святым малітоўнікам стала больш на нашай зямлі - гэта Святар Кіпрыян Іванавіч Клімуц.

Шлях да святасці

Свяшчэннамучанік Кірыян

Нарадзіўся будучы святар Кіпрыян Клімуц ў 1897 годзе ў вёсцы Альховы, цяпер Ваўкавыскі раён Гродзенскай вобласці ў беднай сялянскай сям'і. З шасцярых дзяцей ён быў старэйшым. Вернікі бацькі выхоўвалі дзяцей у страху Божым, а сына Кіпрыяна нават рыхтавалі да паступлення ў Варшаўскую Духоўную семінарыю, марылі, каб ён стаў святаром. Але пачалася Першая сусветная вайна, і сям'я вымушана была пераехаць у Расію. Курс семінарскіх навук Кіпрыян скончыў ужо ў Саратаўскай і Маскоўскай Духоўных семінарыях.

19


Цяжкі шлях, які вядзе да святасці. У жыцці давялося айцу Кіпрыяну спазнаць шмат памылак, да таго, як ён стаў на шлях служэння Хрысту. Рэвалюцыйны віхур захапіў далёкага ад палітыкі маладога чалавека, і вырвацца з яго патока было няпроста. Але характэрна тое, што Кіпрыян Клімуц, знаходзячыся ў Чырвонай Арміі, не ўваходзіў у лік членаў партыі бальшавікоў і ад сваіх рэлігійных перакананняў не адмаўляўся. Душа яго знемагала: яна не знаходзіла ні ў чым радасці і цвёрдай апоры ў жыцці. Нямым дакорам сумлення станавіліся разбураныя храмы, скінутыя са званіц званы, усё ўзрастаючая бязбожнасць. У ліпені 1921 года Кіпрыян Клімуц вярнуўся на Гродзеншчыну, якая ў той час адышла ў склад Польшчы. У гэтым жа годзе архіепіскапам Гродзенскім Уладзімірам (Ціханіцкім) ён быў пасвечаны ў святара. Восем гадоў іерэй Кіпрыян служыў у розных прыходах Гродзенскай дыяцэзіі, а з студзеня 1930 года і аж да арышту – быў настаяцелем прыхода храма Ражства Найсвяцейшай Храм у в. Ятра, у якім служыў свяшчэннамучанік Кіпрыян. Багародзіцы вёскі Ятра Узарваны ў 1943 годзе. Пачапаўскай воласці (цяпер Навагрудскага раёна). Ідэі бязбожнасці, нібы эпідэмія, дзівілі людзей, і айцец Кіпрыян прыкладаў нямала высілкаў для ўмацавання ў іх выратавальнай веры ў Бога. Усю сваю дзейнасць ён накіраваў на выкараненне ў свядомасці ўсялякай партыйнасці і палітыкі, выхаванне сваёй паствы ў духу праваслаўя. Вядома ж, гэта прыйшлося не па душы мясцовым актывістам падпольнай ячэйкі камуністычнай партыі, і ў 1939 годзе з прыходам у Заходнюю Беларусь Чырвонай Арміі над ім навісла сур'ёзная небяспека. Але святар не пакінуў свайго прыходу і прадаўжаў несці

20


людзям святло веры Хрыстовай. Ён нібы растварыўся ў служэнні, сэрцам імкнучыся да Госпада. 10 кастрычніка 1939 айцец Кіпрыян быў Абвінавачванне, якое было рад’яўлена айцу Кіпрыяну Клімуцу арыштаваны органамі НКВД БССР. У першую чаргу яму ставілася ў віну "правядзенне антысавецкай агітацыі ...". А 4 верасня 1940 года іерэй Кіпрыян Клімуц "як сацыяльна небяспечны элемент" быў асуджаны на восем гадоў папраўча-працоўных лагероў. Для адбывання пакарання яго накіравалі ў Каргапольскі папраўчапрацоўны лагер Архангельскай вобласці, дзе зведаў жорсткія пакуты. Памёр 9 верасня 1942 года ад голаду. Святар загінуў за веру, сведчанне праўды і спадобіўся ў Прыгавор, вынесены свяшчэннамучаніку Кіпрыяну. 4 верасня 1940года. Госпада неўвядальнага вянка славы.

21


І вось прыйшоў час, калі мы, аднадушна заклікаючы ў малітвах яго на дапамогу, ўсклікаем: «Свяшчэннамучаніча Кіпрыяну, малі Бога пра нас!".

23. Беседа с архипастырем: [с архиепископом Новогрудским и Лидским Гурием беседовал священник Вадим Кузьмич] / Вадим Кузьмич // Новогрудские епархиальные ведомости. – 2011. – №8. – август. – С.2-3. 24. Цигель,А. Прославление священника Киприана Климуца: [о кононизации священника Киприана Климуца ] / Андрей Цигель // Новогрудские епархиальные ведомости. – 2011. – №8. – август. – С.4-5.

22


Архірэйскае богаслужэнне ў Ятранскім храме 9 верасня ў храме Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы вёскі Ятра Навагрудскага раёна адбылося святкаванне дня памяці свяшчэннамучаніка Кіпрыяна Клімуца. Боскую Літургію Высокапраасвяшчэннейшы архіепіскап Гурый здзяйсняў у саслужэнні святароў, якія ўваходзяць у Савет епархіі, а таксама святароў Навагрудскага благачыння. У храме было шматлюдна і святочна. Пасля Боскай Літургіі Хрэсны ход, які ўзначаліў Кіруючы Архірэй, накіраваўся з малебным спевам да сельскіх могілак. Тут раней знаходзіўся храм Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы, у якім са студзеня 1930 года аж да арышту - кастрычніка 1939 года - святар Кіпрыян Клімуц быў настаяцелем. На месцы, дзе калісьці стаяў храм, усталяваны Крыж, каля якога быў здзейснены малебен. На набажэнстве прысутнічалі галоўны саветнік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Святаслаў Мікалаевіч Ліс, які быў ахрышчаны ў Ятранскай царкве, а таксама намеснік старшыні Навагрудскага райвыканкама Алена Яўгенаўна Ермакова. 25. Козачок, С. Архиерейское богослужение в Ятранском храме: [о праздновании дня памяти священномученика Киприана Климуца в Ятранском храме Новогрудского района] / Сергей Козачок

23


// Новогрудские епархиальные ведомости. – 2011. – №10. – август. – С.14. 26. Бибикова, А. Вера животворящая: [о торжествах в честь канонизации священномученика Киприана Климуца, священника храма Рождества Найсвятейшей Богородицы деревни Ятра Новогрудского района, которые проходили в городе Лида] / А. Бибикова // Гродзенская праўда. – 2011. – с. 1,4. 27. Щеглова, Л. Торжественное богослужение: священномученик Киприан Климуц канонизирован 4 августа в г. Лида / Л. Щеглова // Белорусская нива. – 2011. – (№139). – 6 августа. – С.3.

Цікавыя гістарычныя факты. Чараўніца Раіна Грамычына-Манькоўская У гісторыі Наваградка нямала драматычных старонак. Адна з якіх упісана у ХУІІ стагоддзі. Імя Раіны Грамычынай-Манькоўскай, жонкі свяшчэнніка вёскі Ятра, на Навагрудчыне, памятаюць і па сённяшні дзень. Гераіня нашага аповяда была народнай лекаркай. Для лячэння людзе яна выкарыстоўвала не толькі замовы, але і травы, аб лекавых уласцівасцях якіх ведала ад матулі і бабулі. Нямала людзей звярталася за дапамогаю, шмат каму яна змагла дапамагчы. У хуткім часе цяжка захварэў маршалак літоўскі – Ян Сапега, які жыў у Навагародку. Гэта быў бязлітасны, і ў той жа час прымхлівы і баязлівы чалавек. Паверыўшы нагаворам, ён загадаў кінуць “вядзьмарку” Раіну ў падзямелле замка. Каля двух гадоў цягнулася судовая справа, два гады доўжыліся бясконцыя допыты і катаванні непавіннай кабеты. Справа аб пакушэнні на жыццё маршалка слухалася ў кастрычніку 1631 года ў Навагрудскім судзе. Нягледзячы на недаказанасць абвінавачвання, інквізітарскі суд прыгаварыў Раіну Манькоўскую да смерці. У той час знайшоўся толькі адзін чалавек, нейкі Юрый Мораг, які падцвердзіў, засведчыў, што “тут жаднага ніякаго праўнага доваду нямаш”. Але справа была ўзбуджана па скарзе маршалка Сапегі, і Галоўны літоўскі трыбунал, паседжанне адбывалася ў Мінску, пацвердзіў “законнасць прыгавору – смерць цераз спаленне на кастры”. 17 студзеня 1631 года трагічна абарвалася жыццё народнай лекаркі Раіны Грамычынай. Стоячы на стосе дроў, прывязаная

24


вяроўкамі да сталба, змучаная катаваннямі жанчына толькі пажадала пану маршалку “каб было ім, як мне”, бо ніякіх чар не здзяйсняла і, сказаўшы гэта, “у агні памерла”. Пакаранне за чары і вядзьмарства (як цяпер казалі б – рэабілітацыя) было адменена толькі ў 1776 годзе. 28. Ведунья Раина Громычина-Манковская: [о судьбе новогрудской народной врачевательницы] / И. Михна // Колокола времени. – 2000. – №5. – С.7. 29. Колдунья Раина Громычина // Белорусский “экватор”: путевая книга в шести тетрадях / А. С. Дитлов [и др.]. – Минск: Полымя, 1981. – С.71-72.

– У Ятранскай царкве ёсць старадаўняя ікона.

Яе падарыў у 1869 годзе гусарскі полк, які дыслацыраваўся ў вёсцы. – Мястэчка ўпамінае ў сваёй паэме “Пан Тадэуш” Адам Міцкевіч. У восьмай песні напісана: “Феерверк даваў Кашыц, які жыве ў Ятры”. – Яшчэ маюцца звесткі аб тым, што тут збіраліся будаваць чыгунку, якая злучала б Слонім і Мінск праз Ятру. – Каля вёскі Ятра растуць магутныя, вельмі высокія , старыя таполі, якія, паводле падання, былі пасаджаны яшчэ ў часы напалеонаўскіх войн, а можа і самым Напалеонам

25


Вёска Ятра ў гады Вялікай Айчыннай вайны Аб нялёгкім гістарычным шляху вёскі і выпрабаваннях, якія выпалі на долю жыхароў гэтай мясцовасці, нагадваюць Помнік воінам-землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Ён знаходзіцца на ўсходняй ускраіне вёскі. Абеліск пастаўлены ў 1967 годзе, з нагоды ўшанавання 108 воінаў і партызан. На могілках пахаваны камандзір партызанскага атрада імя А. В. Суворава Першамайскай брыгады – С. К. Камышаў (Міхаіл Стралкоў) і партызанка, медсястра гэтага атрада Г. Перальштэйн. Загінулі 07.06.1943 года у час дыверсіі на вузкакалейцы Навагрудак-Наваельня. У 1978 годзе на магілах пастаўлены абеліск.

20. Помнік воінам-землякам: [вёска Ятра Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць. – Мінск, 1986. – С.282. 31. Лесничий, С. П. Далеко за фронтом: [о борьбе партизанского отряда имени А. В. Суворова на территории Новогрудского района в годы Великой Отечественной войны] / С. П. Лесничий. – Минск, 1972.

26


Змест Вёска Заполле 1. Геаграфічныя звесткі ............................................................................3 2. Адкуль у вёскі такая назва....................................................................3 3. Храналогія вёскі.....................................................................................3 4. З гісторыі вёскі Заполле..........................................................................4 5, Рэспубліканскі геалагічны помнік прыроды (мінералагапетраграфічны) Дзве камлыгі Запольскія..............................................5-7 6. Былыя гаспадары вёскі..........................................................................8 7. Вёска Заполле ў Другой сусветнай вайне............................................8 8. Пасляваеннае і сучаснае жыццё вёскі..................................................9 9. Знакамітыя аднавяскоўцы.....................................................................9 10. Генералы – землякі..............................................................................10

Вёска Ятра 11. Рака Ятранка.......................................................................................11 12. Вёска ў легендах і паданнях..............................................................12 13. Храналогія вёскі Ятра...................................................................13-15 14. Рэспубліканскі ландшафтны геолага-геамарфалагічны заказнік прыроды Замкавая Гара Ятранская..........................................16 15. Знакамітыя жыхары вёскі..................................................................16 16. З праваслаўнай гісторыі. Царква Ражства Прасвятой Багародзіцы...............................................................................................17 17. Услаўленне святара Кіпрыяна Клімуца............................................18 18. Шлях да святасці...........................................................................19-22 19. Архірэйская богаслужэнне ў Ятранскім храме...............................23 20. Цікавыя гістарычныя факты. Чараўніца Раіна ГрамынічынаМанькоўская..............................................................................................24 21. А ведаеце Вы што...............................................................................25 22. Вёска ў гады Вялікай Айчыннай вайны...........................................26

27


Складальнікі:

В.П. Малышчык Г.С. Астроўская

Рэдактар: І.М. Царук Адказны за выпуск: Т.М. Мішкіна Надрукавана на абсталяванні Навагрудскай раённай бібліятэкі Наклад 25 асобнікаў. Заказ ад 19.06.2011.

28

Цэнтральнай

Жывая даўніна, Заполле  
Жывая даўніна, Заполле  
Advertisement